Мабільны друк

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Нацыянальная бібліятэка Беларусі далучылася да падрыхтоўкі святкавання краінай 65-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: у яе выставачнай зале працуе дакументальна-мастацкая праграма “Нескароная Беларусь”.

Праект, створаны сумесна з Міністэрствам культуры, Нацыянальнай камісіяй па справах UNESCO, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальным архівам, мусіць адлюстраваць падпольны і партызанскі друк, ролю літаратуры на фронце. Як адзначыў дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі, да свята была падрыхтавана незвычайная акцыя, што аб'яднала самыя розныя накірункі, віды і жанры мастацтва. У прыватнасці, асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны беларускім пісьменнікам - удзельнікам вайны, дзе прадстаўлены іх тагачасныя фотаздымкі, творы адпаведнай тэматыкі, а таксама ўспаміны непасрэдных удзельнікаў найбуйнейшай наступальнай аперацыі "Баграціён". Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прапануе пазнаёміцца з падпольным партызанскім друкам 1942 - 1944 гадоў. Таксама можна пазнаёміцца са справаздачамі партызанскіх брыгад і атрадаў аб баявых аперацыях, паўсядзённым жыцці ў тыле ворага. На выстаўцы "Падпольны і партызанскі друк Беларусі" гэтага ж праекта экспануюцца дакументы з фондаў як Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, так і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Да прыкладу, шырока прадстаўлены арыгінальныя лістоўкі, газеты, часопісы, створаныя ў ваенны перыяд. Падрыхтавана інсталяцыя, у якой прадстаўлены мабільны друкарскі станок, наборная каса, кабура, плашч-палатка, маскіровачная сетка і цагліны з Брэсцкай крэпасці. Варта зазначыць, што пад час адкрыцця праекта адбылася і прэзентацыя унікальнага кампакт-дыска "Падпольны і партызанскі друк Беларусі", які змяшчае лічбавыя копіі рарытэтных рукапісных і друкаваных матэрыялаў ваеннага часу.