Праз усю Беларусь

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Сёлетнi Мiжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы" сабраў у Бабруйску, поруч з музыкантамі, спевакамі, танцорамі і рамеснікамі, яшчэ і вызваліцелей горада над Бярэзінай ды ўсёй Беларусі.

 

 /i/content/pi/cult/215/2678/13-1.gif

Сёлетнi Мiжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы" сабраў у Бабруйску, поруч з музыкантамі, спевакамі, танцорамі і рамеснікамі, яшчэ і вызваліцелей горада над Бярэзінай ды ўсёй Беларусі. Адной з падзей 29 чэрвеня - Дня вызвалення райцэнтра - сталі ўрачыстасці з нагоды адкрыцця ў Бабруйску Алеі Герояў, дзе на 19 мармуровых плітах, што ўсталяваны ўздоўж плошчы Перамогі, высечаны імёны і партрэты Герояў Савецкага Саюза - ураджэнцаў горада і раёна, а таксама тых людзей, чыё жыццё было цесна звязана з гэтай зямлёй. Вядома, у дні фестывалю нашы карэспандэнты сустракаліся з вызваліцелямі нашай зямлі ад фашызму. Сярод іх - і Васіль Арцёмаў. Калі фотакарэспандэнт зняў палкоўніка ў адстаўцы, чые грудзі ўвянчаны дзесяткамі ордэнаў і медалёў, я таксама пагутарыў з Васілём Аляксеевічам і яго баявым сябрам Юрыем Кравіцкім- удзельнікамі пераможнай аперацыі "Баграціён". - Усю Беларусь ад Чачэрска да Гродзеншчыны, а пасля і Беласточчыну, прайшоў у пяхоце, а Юра - у артылерыі, - кажа Васіль Аляксеевіч, у гады вайны - старшы сержант, камандзір кулямётнага разліку. - Баі вялі ад позняй восені 1943га і да сярэдзіны жніўня 1944-га. - А калі больш дакладным быць, дык Васіль не прайшоў - прапоўз, - дадае Юрый Кравіцкі, на фронце - старшы лейтэнант, камандзір батарэі 122-міліметровых гаўбіц. Сёння ім па 84 гады. Гэтыя ветэраны вызвалялі Беларусь і, канешне ж, дасюль у іх памяці - мясціны баёў. "Пачыналася ўсё яшчэ ў 43-м, калі мы вялі вельмі жорсткія баі за раку Сож пад Веткай, затым не на жыццё - на смерць змагаліся з немцамі за ўсходні бераг Нёмана пад Рагачовам і Жлобінам". Пытаюся, ці толькі ў Бабруйску пабываюць сёлета ветэраны. "Наша дарога пройдзе ў вёску Грабянец, што на Чэрвеньшчыне, - месца, памятнае для нас, мо нават больш, чым Бабруйск, бо тут мы прарывалі фашысцкую абарону, а там засталіся ляжаць нашы сябры, - кажа Юрый Рыгоравіч. Ён і сёння не можа забыць той чэрвеньскі дзень, калі, фарсіраваўшы Бярэзіну, у Грабянец прыйшоў іх стралковы 1172-і полк. Мясцовыя жыхары сустракалі салдат-вызваліцеляў як родных. "Я памятаю, што быў у разведцы і заехаў у вёску на кані. Стаяў накрыты самаробны стол, жанчыны трымалі ў руках палявыя кветкі. І палкавая калона ўжо думала было прыпыніцца, як у небе загулі самалёты. Нават не сумняваліся байцы, што гэта наша авіяцыя. Ну хто б паверыў, што яны зробяць круты віраж, і тады стане бачна: чатыры "фокевульфы". Без літасці прайшліся яны па шэрагах...", - згадвае старшы лейтэнант Вялікай Айчыннай. Дадаць можна хіба толькі тое, што пахавалі ў Грабянцы ў той дзень, напрыканцы чэрвеня 1944 года, 25 чалавек.... А Васіль Аляксеевіч прыгадвае самы пачатак аперацыі "Баграціён" у раёне ракі Друць, адкуль пачалося вызваленне Бабруйска. З таго плацдарма пачаўся мацнейшы ўдар па ворагу пасля трох месяцаў абарончых баёў. Сёння, кажуць ветэраны, там стаіць абеліск у выглядзе стралы, што паказвае напрамак руху савецкай арміі. Ды за доўгія гады помнік зарос лесам. Сіл блізкай да таго месца азяранскай школы на расчыстку не хапае... Успамінаюць воіны Вялікай Айчыннай і пра вызваленне сталіцы Беларусі. "Наша дывізія была правафлангавай у 3-й арміі ў Гарбатава. Мы трапілі ў паласу наступлення 2-га Беларускага фронту, які затрымаўся пад Магілёвам. У гэтай дыспазіцыі мы і дайшлі да Мінска. Памятаю, як па горадзе ішлі танкі, наварочваючы на тракі каляіны трамвайных рэек. Наша дывізія прайшла па горадзе каля Дома Урада і далей - на захад", - кажа Юрый Рыгоравіч. І тут абодва баявыя сябры і я разам з імі зацягваем вядомае: С боем взяли город Минск, Город весь прошли, И названье улицы Последнее прочли. А название такое, Право слово, боевое: Брестская улица На запад нас ведёт... *** Ужо пагутарыўшы з вызваліцелямі, разам з Юрыем Івановым зірнулі на экран лічбавай камеры і заўважылі, што ордэн Чырвонай Зоркі ў Васіля Арцёмава нечым незвычайны. Спыталіся - аказалася, гэтая ўзнагарода выратавала жыццё: у самы цэнтр ордэна патрапіў асколак. Гэта адбылося перад фарсіраваннем Дняпра. Наперадзе ляжаў шлях праз усю Беларусь. ...На развітанне Васіль Арцёмаў і Юрый Кравіцкі сказалі, на маю думку, вельмі важныя словы: "Ведаеце, калі скончылася вайна, усе мы, як кажуць, разышліся ў розныя бакі, не пакінуўшы адзін аднаму ні сваіх каардынат, ні адрасоў бацькоў. Што ж... Былі зусім яшчэ хлопцамі! Знайшлі мы сваіх аднапалчан толькі праз 50 гадоў! На нашым пакаленні без юнацтва мы зразумелі агульначалавечуюрысу: толькі праз пэўны адрэзак часу ўсведамляць значнасць таго ці іншага гістарычнага факта. Наша здзяйсненне - Перамога! І, заўважце, толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля яе з'явілася большая частка мемарыялаў, знакамітых помнікаў. Прыйшло агульнанароднае ўсведамленне таго, што мы, уся краіна перажылі, што здабыта ў баях".

Сяргей ТРАФІЛАЎ,

Юрый ІВАНОЎ (фота),

 нашы спецыяльныя карэспандэнты Мінск - Бабруйск - Мінск

 На здымках:

Алея Герояў у Бабруйску; тая самая зорка