Сачыненне на тэму...

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Cёлета, перш чым пайсці ў адпачынак, беларускія тэатры далучаюцца да святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага да гэтай юбілейнай даты прымеркаваў прэм'еру спектакля "Я твая нявеста" паводле Віктара Астаф'ева ў рэжысуры Валянціны Ераньковай. Для яе гэта не першы зварот да дадзенага матэрыялу: пяць гадоў таму яна ажыццявіла пастаноўку гэтай, як пазначана ў праграмцы, "балады пра закаханых" у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Але, як часта здараецца, лёс пастаноўкі стаўся кароткім, таму праз некаторы час Валянціна Еранькова вырашыла звярнуцца да слова Віктара Астаф'ева ўжо на сталічнай сцэне. Зрэшты, як зазначыла сама рэжысёр, новы спектакль будзе відавочна адрознівацца да папярэдняга. Адрозненне гэтае дыктуе, найперш, акцёрскі склад: галоўныя ролі ў спектаклі выконваюць маладыя акцёры тэатра, праца з якімі, у сваю чаргу, пацягнула за сабой і пэўнае пераасэнсаванне самога матэрыялу, яшчэ большае заглыбленне ў астаф'еўскую філасофію. А Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску першымі ліпеньскімі днямі прадставіў гледачам незвычайны праект - спектакль "Апошнія сведкі" паводле Святланы Алексіевіч у рэжысуры Уладзіміра Савіцкага. Нагадаем, што рэжысёрская інсцэніроўка атрымала Другую прэмію на рэспубліканскім конкурсе арыгінальных твораў і інсцэніровак. Рэжысёр спектакля выкарыстаў нетрадыцыйны ход. На сцэне - пасталелыя дзеці той вайны, якія пішуць сачыненне на тэму "Маё дзяцінства". І вось перад намі ў выкананні мэтраў коласаўскай сцэны Т.Кокштыса, С.Акружной, В.Петрачковай, Т.Скварцовай, Г.Букацінай, З.Гурбо, Н.Левашовай і іншых паўстаюць лёсы маленькіх людзей, праз якія прайшла гэтая страшная навала.

Таццяна КОМАНАВА