Вырвацца з блакаднага кальца

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

(Заканчэнне. Пачатак у № 26.) …

 /i/content/pi/cult/215/2675/12-1.gif
 /i/content/pi/cult/215/2675/12-3.gif

Праз некалькі гадзін новы лагер быў знойдзены. З боку шашы, адкуль найбольш верагодна было чакаць карнікаў, ён прыкрываўся глыбокай падковападобнай лагчынай, залітай вадой. Пад раскідзістай хвояй мы паклалі нашых параненых. Максімаў абсох, сагрэўся і падазваў мяне, зрабіўшы знак рукой, каб астатнія адышліся. - Скажу табе шчыра: за гады вайны я ўпершыню ў такім бездапаможным становішчы. Полк пайшоў. У нас двое параненых, пяць ствалоў, рацыя страчана, побач - немцы, якія ўжо зараз могуць пачаць прачэсванне. Каб несці нас дваіх, патрэбны ўзвод. Выйсце адзінае: перайсці "жалезку", дагнаць полк і вярнуцца сюды з узводам. Гэта я даручаю табе. З табой пойдзе і, калі што, заменіць цябе Козел. Калі хочуць, няхай з вамі ідуць і гэтыя двое- Вайцэховіч з медсястрой. Вось што запомні: ваш правал - гэта і наша пагібель. Але часу марнаваць нельга. Удачы вам!- Максімаў працягнуў мне руку. Затым я паціснуў халодную руку Таццяны. - Дзякуй табе, - ціха прашапталі яе бледныя патрэсканыя губы. Мы вырашылі пераходзіць вузкакалейку ў тым месцы, дзе лес на падыходзе да шашы быў поўнасцю павалены па ўсіх правілах стварэння непраходнай зоны. Тут прарыў вялікіх мас партызан быў немагчымы, а значыць, не мела сэнсу трымаць агнявыя кропкі. Мы павольна прасоўваліся наперад, перапаўзаючы з аднаго калодзежа ў другі. Гэтыя калодзежы-адсекі былі ўтвораны ляжачымі ў розных напрамках дрэвамі, а ў асобных месцах трэба было пераадольваць зруб з чатырох-пяці сасновых камлёў, спрэс аблытаных суччам, кустоўем, уздыбленым падлескам. Да шашы заставаліся лічаныя метры. З-за аблокаў выглянуў месяц, і паверх вяршалін паваленых соснаў бліснула вузкакалейка. Да мяне асцярожна, абгінаючы ўбок галіны, поўз Козел, за ім паказалася Валя. Пад кімсьці гучна хруснуў сучок, і ў тое ж імгненне наўкол зашчоўкалі па соснах дзесяткі куль, у неба ўзляцелі ракеты, асвятляючы і тую прастору, адкуль білі кулі. Там, па другі бок вузкакалейкі, на краі і далей, у глыбіні лесу, стаялі вялікія армейскія палаткі, камуфляжныя палотнішчы якіх выяўлялі сябе толькі рэзкімі ценямі ў святле ракет. "Дзякуй Богу,- падумаў я, - што кулямётчыкі не спалі і ў іх добрыслых, інакш мы запаўзлі б да іх у палаткі!" Мы папаўзлі назад. Як толькі агонь спыняўся, заміралі і мы. Пераадольваючы чарговы завал, я здрыгануўся: няўжо Вайцэховіч?! Не, гэта не ён. У святле ракеты па твары мёртвага паплылі рэзкія цені, і рысы нібы ажылі. Мне не хацелася гэтых сустрэч, і я павярнуў направа, але і там на мяне глянулі бясстрасныя вочы юнака, што ляжаў на спіне ў расшпіленай паддзёўцы. Яго кубанка адляцела к нагам, і светлыя шаўкавістыя валасы злёгку трапяталіся пад перадсвітальным ветрыкам. Мы марудна перавальвалі з аднаго зруба ў другі, і ў кожным маўкліва застылі нашы таварышы. Было горка ўзірацца ў іх твары. Цьмяна здавалася, што на нас ціха сышоў смутак душ, якія пакінулі гэтыя непахаваныя целы і, магчыма, з той пазачасавай і пазапрасторавай далечыні бачылі і ведалі, што яны ніколі і не будуць пахаванымі... Мы спыніліся на днёўку ў невялікай высечцы, густа парослай маладымі бярозкамі. Два дні і дзве ночы мы былі на нагах, без сну, без адпачынку. Новы дзень не будзе лёгкім, гэта я ведаў. Зірнуў на гадзіннік: без чвэрці чатыры. - Будзем спаць да дзесяці. Дняваліць ніхто з нас не зможа, пастарайцеся спаць чуйна. На чацвярых было дзве курткі і два шынялі. Гэта вызначыла кампаноўку. Пад шынялём Козела лёг Вайцэховіч, побач з ім Валя скінула сваю сумку і ватнік, стомлена апусцілася на калені, абяссілена схавала твар у далонях. - Кладзіцеся пасярэдзіне, - сказаў я. - Паспім, будзе ясней, што рабіць. Яе сумныя вочы ледзь бліснулі. Я лёг на край ватніка. Над намі павольна плылі і святлелі высокія перыстыя аблокі. У адным з прасветаў свяцілася бледная зорка. Раніцай мы вырашылі пераходзіць вузкакалейку побач з тым месцам, дзе параніла Таццяну. Там агнявыя кропкі нам вядомыя, адна з іх - на вышцы, і за ёй зручна назіраць, акрамя таго, там добрыя зыходныя рубяжы і для пераходу. ...Наша чацвёрка асцярожна прасоўваецца краем лесу ўздоўж вузкакалейкі. Знаёмыя пагоркі, знаёмыя сосны на іх схілах. Час выходзіць да шашы. Мы прыпыніліся, слухаючы. Наперадзе, сярод нерухомага ў бязветранасці лесу, метраў за дваццаць, дзіўна зварухнуўся куст. "Засада?!" - маланкай працяла думка, і ледзь я паспеў зрабіць знак тым, што ішлі ззаду, як проста ў твар загрукацеў кулямёт. І я, перш чым скокнуць убок, на імгненне застыў, як у страшным сне: побач падала Валя, кулямётная чарга зеўрала на яе спіне шматамі ваты... Зноў загрукацеў кулямёт, моцна ўдарыла ў руку, я абярнуўся і наўскід стрэліў у язычок полымя, што вібрыраваў з-пад куста. Кулямёт змоўк на некалькі секунд і зноўку падаў голас. Але біў ён цяпер наўздагад, бо ў гэтыя секунды, следам за Козелам і Вайцэховічам, я нырнуў у густы зараснік. Пакуль што мы, трое, хоць і параненыя, але цудам усё яшчэ жывыя, выбіралі адзіна правільную тактыку: мы не сыходзілі ўглыб рэдкага лесу, што пераходзіў у паляну, канешне, прыстраляную, а беглі ўздоўж дарогі. Спусціўшыся па крутым схіле яра ўніз, мы неўзабаве сабраліся разам. Прыхінуўшыся да дрэва, сядзеў Козел, прытрымліваючы левай рукой залітую крывёй правую, а Вайцэховіч, стоячы побач на каленях, старанна яе бінтаваў. Ягоная галава была неяк нядбайна абкручана ўжо набрынялым кроўю бінтом. Затым ён дапамог накласці павязку на маю руку. Палец быў амаль начыста адстрэлены, вісеў на тоненькай палосцы скуры. Я быў наважыўся яго адарваць, але тут рашуча ўмяшаўся Козел: - Ты што? Пасля вайны запасныя наўрад ці будуць прадавацца. А што за кавалер з чатырма пальцамі на правай руцэ? Ён раптам уважліва зірнуў на мой шынель. - Ого, ды ты, наш дарагі камандзір, шчасліўчык: шэсць куль уляпіў у цябе фрыц - і толькі адзін палец адарвала! Я адгарнуў крысо, дзівячыся сваёй удачы: сапраўды, шэсць куль прадзіравілі шынель. - А вось нашай Валечцы не пашанцавала. Божа літасцівы, за што? Такая маладая... І прыгожая... - ціха сказаў Козел і апусціў галаву. Наперадзе і ззаду зноў загрукацелі аўтаматныя чэргі. "Падобна на аблаву", - падумаў я, і мы пачалі адыходзіць у глыбіню лесу. Цяпер у паўзах аўтаматнай трасканіны чуўся сабачы брэх. Мы бегма спусціліся з пагорка ў забалочаную нізіну, доўга ішлі па вадзе, а затым перабраліся на іншы бок. - Чуеце? Ці вам заклала вушы?- сказаў Козел. - Ідуць напрасцяк да нас! Дальбог, аўчаркі ўзялі наш след! Мы зноў пабеглі па лесе: то спыняліся, то, задыхаючыся, пераходзілі на шпаркі крок. Цяпер мы зноў, значна паглыбіўшыся ў лес, трымаліся ў цэлым напрамку ўздоўж шасэйкі. Нарэшце, чарговы раз спыніўшыся,пачулі, што лес вярнуўся да свайго вясновага жыцця: цудоўна звінеў хор птушынай малечы, дзесьці побач буркатаў голуб і стукаў дзяцел. Нямецкае паляванне скончылася: ці то выдыхнуліся раней за нас, ці то паспяшаліся на вячэру. - Ну, вось і ўсё! Фрыцаў бобік здох! - сказаў урачыста Козел. - Можна і адпачыць па-чалавечы. Правал другой пакутлівай спробы вырвацца з блакаднага кальца не змусіў нас адмовіцца ад нашай тактыкі - з'яўляцца там, дзе нам не чакаюць. І мы пад покрывам кароткай майскай ночы фарсіравалі ўброд вялізнае поле, залітае талай вадой, побач з вёскай Верхняе Беразіно, дзе стаяў вялікі варожы гарнізон. У напружанай цішыні чуваць было, як нямецкі салдат найграе вальс Штрауса, а сялянка просіць у суседкі напавер лыжку солі. Раз-пораз узляталі ракеты, і мы пагружаліся ў ваду да падбародка. Пад самым носам у нямецкага разліку на вышцы паспяхова перабеглі вузкакалейку, і толькі калі ў мяне ўсхадзіўся кашаль, які я даўно стрымліваў, застрачыў кулямёт,- але мы былі ўжо ў выратавальным лесе. Неўзабаве за пару кіламетраў ад гарнізона зашугала вялікае вогнішча. Мы сушылі вопратку, чысцілі зброю, перабінтоўвалі раны. Канешне, вораг бачыў касцёр, але мы былі спакойныя, ведаючы ягоны страх перад партызанскім начным лесам. Дый адчуванне з'явілася, што паласа нашых няўдач скончылася. На золку рушылі зноў у дарогу. Там ужо пачалі пошук Максімава. І хутка мы сустрэліся з узводам Красцьянінава, які ішоў насустрач. З гэтым камандзірам я быў знаёмы даўно, ведаў яго ўпарты характар і не стаў спрачацца, даказваючы, што нам таксама трэба вяртацца з імі ў кальцо. Наш выгляд гаварыў сам за сябе: мы стаялі босыя, боты, што віселі на плячах, добра дапаўнялі акрываўленыя брудныя бінты. - Не-не, цяпер мы вынесем дваіх без праблем. А вас чакае санчастка,- адрэзаў Красцьянінаў. Я расказаў пра сітуацыю на заблакіраваным участку, карыстаючыся картай і дапаўняючы яе сваімі схемамі мясцовасці, паказаў месцазнаходжанне параненых. У той жа дзень, з цяжкасцю пераправіўшыся праз Бярэзіну, мы прыбылі ў полк. А яшчэ праз суткі з боем з блакаднага кальца былі вынесены Максімаў і Архіпава. Самалётам іх адправілі ў шпіталь за лінію фронту. На жаль, у дзень адлёту не змог з імі развітацца, заняты справамі маёй новай пасады камісара атрада. Мы сустрэліся праз тры месяцы ў палку. Мела адбыцца вельмі рызыкоўная разведвальная аперацыя ва Усходняй Прусіі. Аднак для мяне шлях туды закрылі ўрачы. Цяжкая хвароба ў маі - чэрвені, што ледзь не скончылася гібеллю на возеры Палік, не дазволіла мне ўзнавіцца настолькі, каб прайсці па ўжо вызваленай зямлі хаця б метраў пяцьсот.

Адсылаю зацікаўленага чытача да маёй кнігі "Вясёлка над дарогай", дзе шматлікія старонкі расповеду пра трагедыю на Паліку ў чэрвені 44-га завяршаюцца главой "Нас выратоўвае "Баграціён".

Віктар ГРАМЫКА,

народны мастак Беларусі