Негалівудская даставернасць

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Яшчэ не так даўно ў гэтай непрыкметнай аднапавярховай камянічцы быў звыклы корпус прафтэхвучылішча. Пра падзеі, што тут адбываліся многія гады таму, памяталі толькі сцены, а не людзі, якія ў іх знаходзіліся. Цяпер у Навагрудку з’явілася новая адметнасць — адзіная на Беларусі музейная экспазіцыя, прысвечаная тэме халакосту. Размешчаная, да таго ж, непасрэдна на месцы падзей — у будынку былога гета.

У адной з намінацый Рэспубліканскага аглядуконкурсу на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі (яго вынікі былі апублікаваны ў "К" № 25) плён працы Навагрудскага гісторыкакраязнаўчага музея заняў другое месца, саступіўшы толькі Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і апярэдзіўшы многія іншыя ўстановы зусім не раённага маштабу. Адчыняеш дзверы - і ўжо з парога можаш адчуць гнятлівую атмасферу, якая панавала тут тады, калі на вузкіх нарах чакалі немінучай смерці сотні людзей. Амаль дакладнае ўзнаўленне інтэр'ера барака гета стала магчымым дзякуючы ўдзелу ў стварэнні экспазіцыі непасрэдных сведак тых падзей і асабліва - Джэка Кагана, які, будучы 14-гадовым хлапчуком, разам з іншымі, здолеў уцячы адсюль у лес, да партызан брыгады Бельскага. Той знакаміты тунель, які ўратаваў каля 150 жыццяў, пачынаецца літаральна пад нагамі. Зразумела, што ён мог бы стаць унікальным турыстычным аб'ектам. Але пра гэта рана нават марыць: гаворка пакуль вядзецца толькі аб правядзенні археалагічных раскопак, якія музей плануе на бліжэйшы час. А на сёння ўваход у тунель перакрыты - каб не спакушаць цікаўных навучэнцаў ПТВ, на тэрыторыі якога знаходзіцца экспазіцыя. Такое суседства здольнае спалохаць многіх музейшчыкаў - тым больш, калі няма сігналізацыі... Але дырэктар Навагрудскага краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая пераканана, што з моладдзю не трэба баяцца працаваць. І, як сведчаць вынікі конкурсу, у музея гэта атрымліваецца. Больш за тое: тут рэгулярна ладзяцца семінары для настаўнікаў, прысвечаныя тэме халакосту. Музейная экспазіцыя, здатная не проста распавесці пра колішнія падзеі, але і літаральна акунуць у іх, суправаджаецца расповедам экскурсавода. Ён падсумоўвае вынікітой даследчыцкай працы, якую музей вядзе няспынна. Супастаўляючы розныя, часам супярэчлівыя, крыніцы, яго супрацоўнікі паціху выкрышталізоўваюць адказ на пытанне: што ж рабілася ў Навагрудку пад час вайны? Тамара Вяршыцкая пераканана, што погляд на гэтыя падзеі вачыма сведак - у гэтым глыбока асабістым ракурсе, які ахоплівае пераважна паўсядзённасць, а не глабальныя падзеі, - дазволіць нам скласці больш аб'ёмнае і праўдзівае ўражанне пра тыя жахлівыя і гераічныя гады. Тады здаралася, што карнік і яго ахвяра да вайны вучыліся ў адным класе. Эпіграф да экспазіцыі быў абраны з Другазаконня: "У сведкі перад вамі заклікаю сёння неба і зямлю: жыццё і смерць прапанаваў Я табе, блаславенне і пракляцце. Выберы жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае". Яшчэ адна задума музея - стварыць уласны дакументальны фільм пра падзеі вайны. Не, зусім не ў піку галівудскай стужцы. - Той фільм пра атрад Бельскага выявіў толькі нязначную частку праўды пра тое, што дзеялася ў гэтых краях пад час вайны, - кажа Тамара Вяршыцкая.- Рэальнасць была куды складанейшай. І цікавейшай.

Ілля СВІРЫН