Першай справай — самалёты?

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Беларускі дзяржаўны музычны тэатр прысвяціў 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў музычную камедыю “Нябесны ціхаход” М.Самойлава. 2 ліпеня спектакль праходзіць двойчы, у час дзённага паказу зала цалкам аддадзена ветэранам.

 /i/content/pi/cult/215/2673/11-3.gif

- Тэма вайны і вызвалення Беларусі для мяне- святая, - распавёў карэспандэнту "К" расійскі кампазітар Марк Самойлаў. - Усе мае сваякі па бацькоўскай лініі- родам з Беларусі. Зараз, прыехаўшы ў Мінск, я знайшоў дом па вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе яны жылі. Усе пайшлі на фронт, многія загінулі (дарэчы, мой старэйшы брат, які прайшоў усю вайну, быў лётчыкам). Свая памяць пра вайну і ў маёй жонкі- заслужанай артысткі Карэліі Любові Дзяменцьевай, якая выступіла рэжысёрам гэтага спектакля. Яе цётка была палкоўнікам медыцынскай службы, дайшла да Берліна. Сам я ў вайну быў маленькі, але памятаю блакадны Ленінград. Увесь час хацелася есці, было вельмі холадна. Мы спалілі ледзь не ўсю мэблю і нават 100томны збор твораў Льва Талстога. Калі пачыналіся бамбёжкі, я вельмі пужаўся, зарываўся галавой у матчын падол і крычаў: "Схавайце мяне! Я не хачу бачыць, як буду паміраць!" З усяго нашага двара выжылі толькі трое дзяцей... Але вайна - гэта не толькі кроў і смерць. Жыццё ўсё роўна працягваецца. Менавіта пра гэта - наш "Нябесны ціхаход". Гэтую, падкрэслю, лірычную музычную камедыю я напісаў у 1995-м, адштурхнуўшыся ад вядомай кінастужкі з музыкай Васіля Салаўёва-Сядога, дзве песні якога выкарыстаў у сваёй партытуры. Я шмат супрацоўнічаў з гэтым выдатным творцам, шмат вучыўся ад яго, таму сваю працу лічу яшчэ і данінай памяці майстру. Мабыць, штосьці ўдалося, бо камедыя, прасякнутая дабрынёй і каханнем, ішла і працягвае ісці ў многіх тэатрах, ужо сёння ў нас ёсць прапановы паставіць яе да наступнага Дня Перамогі яшчэ ў адным тэатры Расіі. А пад час самай першай прэм'еры ў Кемераве да мяне на сцэну выйшла старая жанчына і вымавіла скрозь слёзы: "Дзякуй, сынок!" Потым мне сказалі, што гэта была адна з тых легендарных лётчыц, пра каго наш аповед. У спектаклі занята пераважна творчая моладзь тэатра. Як заўважыла прымадонна тэатра Наталля Гайда, артысты, сутыкнуўшыся з ваенным часам, сталі яшчэбольш прыгожымі, адухоўленымі, працавалі з азартам. Дый ігралі яны, па сутнасці, саміх сябе: тых, якімі былі б, апынуўшыся на той вайне. Пры гэтым пастаноўчая група прынцыпова не звярталася да ваенных кансультантаў, каб акцэнтаваць умоўнасць тэатральных сродкаў. Гэтак жа прынцыпова рэжысёр адмовілася ад прафесійнай балетнай трупы: маўляў, салісты і артысты хору павінны ўсё рабіць самі, ды не чакаць, пакуль ім прапануюць паўтарыць тыя ці іншыя мізансцэны, а шукаць іх самастойна. Адданасць нашай трупы, якая пачала працаваць над "Нябесным ціхаходам" ужо праз два тыдні пасля прэм'еры "Бабінага бунту", характарызуе і такі факт, агучаны на прэс-канферэнцыі: у тэатр была даслана адно толькі партытура, і дырыжор Мікалай Макарэвіч сам распісваў усе партыі.

Н.Б.

Фота Ігара КУЗНЯЦОВА