Кветка Сяброўства

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

27 чэрвеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылося ўрачыстае адкрыццё VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, прымеркаванае да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Далей фестываль будзе крочыць па ўсёй краіне, ахапіўшы не толькі абласныя цэнтры, але і іншыя гарады, мястэчкі, вёскі. А менш чым праз год, 4 — 6 чэрвеня 2010 г., свята дасягне Гродна, дзе і пройдуць, паводле традыцыі, асноўныя фестывальныя ўрачыстасці.

/i/content/pi/cult/215/2672/11-1.gif
 /i/content/pi/cult/215/2672/11-4.gif

Фестываль нацыянальных культур уваходзіць у пяцёрку самых значных фэстаў Беларусі. Гэтае свята - лепшае сведчанне таго, што прадстаўнікі ўсіх народаў маюць у Беларусі роўныя правы і магчымасці, у тым ліку для захавання і развіцця сваіх адметных культур. - Беларусы і ўсе нацыянальнасці, - падкрэсліў на гала-канцэрце адкрыцця фестывалю міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, - жывуць у нашай краіне ў згодзе, супрацоўніцтве і садружнасці. Так склалася гістарычна, гэта ёсць сёння і, я ўпэўнены, будзе заўтра. І мы можам па праве ганарыцца гэтым! На плошчы перад філармоніяй разгарнуліся міні-падвор'і нацыянальных культур, дзе можна было набыць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і пакаштаваць стравы нацыянальных кухняў. На прыступках ішла тэатралізаваная дзея "Беларусь - наш агульны дом". Свята не магло не прыцягнуць увагу не толькі запрошаных гасцей, але і звычайных мінакоў. Таму на прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала гала-канцэрту ў самой філармоніі, былі выказаны не столькі новыя інфармацыйныя сведчанні, колькі словы падзякі - найперш, Міністэрству культуры за падтрымку гэтага фестывалю, аднаго з найбольш унікальных у свеце. Сярод удзельнікаў канцэрта адкрыцця былі расіяне, украінцы, малдаване, азербайджанцы, індыйцы, туркмены, карэйцы, цыгане, яўрэі, армяне, афганцы. Беларусы прэзентавалі выступленне ансамбля старадаўнай музыкі "Пастараль" і кампазіцыі "Лявоніха" і "Крывічы" Дзяржаўнага ансамбля танца, што сімвалізавалі глыбінную этнічную еднасць славянскіх народаў і, адначасова, нашы ментальныя асаблівасці.

 

Канцэрт атрымаўся папраўдзе шматкаляровым - як пялёсткі кветкі, што стала фестывальнай эмблемай. Як справядліва адзначыў у яго фінале дырэктар фестывалю, начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Генадзь Жалязняк, гэтае свята нашага сяброўства, пракрочыўшы ўрачыстым маршам па ўсёй краіне, знойдзе водгук у сэрцах і душах людзей.

Надзея БУНЦЭВІЧ

На здымках:

пад час адкрыцця фестывалю.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА