Балада пра Бацькоў III

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Частка III

Халодная зіма 42-га

/i/content/pi/cult/215/2670/9-1.gif

 Спякотнае лета 1994 года, мне дзевяць гадоў. Я гуляю з маім дзядулем, Фёдарам Сямёнавічам Овадам, па Рыме (ён цудоўна ведаў італьянскую мову і часта ездзіў сюды з Беларусі перакладаць то для дзелавых, то для турыстычных груп). Градуснік у дзесяць гадзін раніцы паказваў 30 градусаў па Цэльсію, але зараз поўдзень і паветра неміласэрна гарачае. Я апрануты ў лёгкую майку, ружовыя шорты і сланцы. Дзядуля - у лёгкай сарочцы, светлых штанах і сандалях з цёмнымі шкарпэткамі. - Дзядуля, як ты можаш насіць шкарпэткі па такім надвор'і? - пытаюся я. - Ведаеш, Пеця, спякота - не холад. Холаду трэба баяцца, а спякоты - не. Тым больш, што ногі у мяне з некаторых пор прыгажосцю не ззяюць... ...Гэта быў студзень 1942 года. Мне - 17 гадоў. Зусім нядаўна я вучыўся ў Ленінградскім вучылішчы каманднага саставу Ваенна-марскога флоту, збіраўся стаць марскім афіцэрам. Але прыйшла вайна, над Ленінградам навісла пагроза акупацыі, і нас, кадэтаў, размеркавалі на фронт. Некаторыя трапілі на Балтыйскі флот, я - у Ладажскую ваенную флатылію. Адразу - у бой: на вартавым катэры мы падтрымлівалі эвакуацыю стралковых дывізій, якія апынуліся прыціснутымі нямецкімі часткамі да возера. Два разы ў катэр патрапілі мінамётныя снарады з берага, загінулі двое маіх саслужыўцаў (аднаго з іх я ведаў яшчэ па вучылішчы, ён вучыўся на год раней за мяне і збіраўся стаць адміралам, пераемнікам Нахімава і Мікалая Кузняцова). Таксама шмат маіх знаёмых, былых курсантаў, загінула тады пры абароне Валаамскіх астравоў. Мне і катэру, на якім я служыў, - шчасціла: мы паспяхова манеўравалі і перавезлі шмат людзей, а таксама пару гаўбіц... Затым, у верасні, калі кольца вакол Ленінграда замкнулася, было некалькі спроб дэсантавацца і разам з 54-й арміяй прарваць блакаду ў раёне Шлісельбурга, аднак спробы былі асуджаны: мы страцілі некалькі соцень чалавек і чатыры караблі. Потым - адступленне, база ў Новай Ладазе, да лістапада перавозім грузы ў Ленінград, назад дастаўляем людзей: многія з іх ужо тады былі ў абсалютна жудасным стане... Голад узяў горад за горла; праз тры месяцы там памрэ мой дзядзька Пеця (у гонар яго цябе і назвалі). На борт невялікага катэра змяшчалася да тысячы чалавек, але борт не прасаджваўся: людзі літаральна ператвараліся ў бязважкіх анёлаў. У лістападзе возера скавала лёдам. Перад намі паставілі задачу: арганізаваць сувязь па лёдзе. 18 лістапада мы суправаджалі першую аўтакалону, на Ладазе запрацаваў зімнік. Практычна кожны дзень мы вазілі харчаванне ў асаджаны горад, эвакуіравалі з яго людзей. Многія машыны, людзі засталіся на тым лёдзе з-за пастаянных артабстрэлаў, але галоўным ворагам нашым тады быў холад. У студзені былі дні, калі тэрмометр паказваў мінус 48... У адзін з такіх дзён грузавік з лекамі, якія мы суправаджалі, зламаўся. Ахоўваючы яго, мы прабылі на лёдзе больш за суткі. Калі да нас падаспела дапамога, марозу я ўжо не адчуваў. Насупраць: па целе разлівалася адурманьваючае, санлівае цяпло. Прыйшоў я ў прытомнасць ужо ў Новай Ладазе, у палявым шпіталі. На назе ў мяне не было вялікага пальца. Моманту ампутацыі я не памятаў, доктар толькі сказаў, што мне пашанцавала: каб яшчэ гадзіна, страціў бы ўсю ступню, а то і жыццё... Потым былі тыл, інжынернае вучылішча, Перамога, паездка ў Італію за рэпарацыйнай падводнай лодкай. А спякоты я з тае пары зусім не баюся...

 Пётр ОВАД

"...Зусім маладзенькая" 

 /i/content/pi/cult/215/2670/9-4.gif

 Мае дзядуля і бабуля па матчынай лініі - Мікалай Капыткоў і Кацярына Маршына - пад час вайны былі падлеткамі: бабулі - 14 гадоў, а дзядулю - 13. Абое партызанілі, у абаіх фашысты спалілі вёскі. Дзядуля родам з вёскі з незабыўнай назвай Рай, а бабуля - з вёсачкі пад Рагачовам, якая называлася, калі яшчэ існавала на карце, Каромка. Па сутнасці, дзядуля і навучыў мяне з сястрой паважаць, любіць і шанаваць свята Перамогі. Ён заўжды браў нас на парад ветэранаў, ахвотна дзяліўся ўспамінамі пра партызанскае жыццё, граў на гармоніку ваенныя, і не толькі, песні - на публіцы і без... Падключаў, карацей кажучы, усіх да свайго адчування вялікай радасці... Бабуля ж паводзіла сябе інакш: нічога не расказвала, на парады амаль не хадзіла, аддаючы перавагу ціхаму сямейнаму святкаванню. Разгадка гэткіх паводзін асабіста для мяне прыйшла зусім нядаўна - год і два месяцы таму, - ужо пасля смерці дзядулі, калі высветлілася: мой дзед прыпісаў у свой час сабе пару гадоў. Атрымліваецца, яму было недзе паміж 11 і 13, калі ён пайшоў у партызаны да брата.Ён быў зусім яшчэ хлапчук, калі размаляваў партрэт Гітлера ў школе, калі ў атрадзе без дазволу пачалі страляць па фашыстах з кулямёта... Усе ягоныя прыгоды паўсталі для мяне, усёй маёй сям'і ў іншым святле. Мы зразумелі: вайна стала для дзядулі яго галоўным дзіцячым, падлеткавым успамінам - страшным і яркім адначасова. Бабуля Каця выбрала іншы шлях: яна вырашыла ўсё забыць, бо была трошачкі старэйшая. Толькі цяпер, пасля столькіх гадоў, яна пагадзілася "парушыць маўчанне", бо, напэўна, расказаць пра вайну стала ўнутрана магчымым. - Калі пачалася вайна, на фронт сышлі трое маіх старэйшых братоў. У 1942-м у партызаны выправіўся і самы малодшы, што яшчэ заставаўся з намі. У 1943-м партызанкай стала мая сястра Надзя, а потым і я. Да гэтага часу фашысты ўжо спалілі нашу хату і ледзь не забілі бацьку: за тое, што ў нас увесь час спыняліся партызаны. Наша вёска стаяла на беразе Дняпра: мы нібы знаходзіліся ў нейтральнай зоне. З аднаго боку наступалі немцы, з іншага - абаранялася Чырвоная Армія. Да нас увесь час прыходзілі разведгрупы з розных бакоў. Памятаю, што ў бацькі быў стары човен, у якім ён перавозіў збеглых нашых палонных, партызанаў на левы бераг рэчкі, дзе стаяла Чырвоная Армія. Бацьку не забілі толькі таму, што ён выглядаў вельмі старэнькім. Да ўсяго, як чалавек старасвецкі нікому ніколі не казаў "ты" - заўсёды на "вы", дадаючы, у залежнасці ад абставін, "ваша сіяцельства" або "панства". Яго фашысты і пакінулі ў жывых таму, што палічылі "культурным чалавекам". У партызанах я прабыла паўгода. Памятаю, самы страшны момант з таго перыяду быў, калі выходзілі з акружэння. Фашысты імкнуліся загнаць наш атрад у пастку, але мы адступілі ўглыб леса і выратаваліся. Колькі нас загінула, як вырваліся адтуль - не хачу прыгадваць... Затое застаўся ў памяці іншы момант: яшчэ да сыходу ў партызаны, калі фашысты выгналі нас з вёскі. Яны рыхтаваліся да абароны, і дамы перарабілі ў бліндажы. Я, мама і тата рушылі з торбамі ў суседнія Блізняты. А па дарозе да нас прычапіўся адзін фашыст. Ён шукаў солі і патрабаваў, каб мы паказалі яму торбы. Я адмовілася, і ён раззлаваўся, вырашыўшы мяне забіць. Мяне выратаваў тата: ён стаў на калені і пачаў прасіць. "Яна ж яшчэ зусім маладзенькая", - памятаю, угаворваў ён. Фашыст тады адчапіўся... Пасля гэтага выпадку я і вырашыла пайсці ў партызаны - за старэйшымі братам і сястрой. А тры браты, што пайшлі на фронт, так дадому і не вярнуліся. Прапалі, кажуць, без весткі...

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ

 Аб'яднала іх вайна

/i/content/pi/cult/215/2670/9-2.gif
 /i/content/pi/cult/215/2670/9-3.gif

  Гады вайны - гэта, безумоўна, гады страт, расстанняў і балючай памяці аб тых, хто не вярнуўся. Але здаралася на вайне таксама і тое, што называюць лёсам і Божай воляй. Менавіта пра такія лёсавызначальныя гады вайны для маіх бабулі і дзядулі мне і хочацца расказаць. У далёкім 1942 годзе маю бабулю (а на той час - 18-гадовую дзяўчыну Шуру) немцы, разам з дзесяткамі іншых дзяўчат з усёй Украіны, забралі на прымусовыя работы ў Германію. У нямецкім горадзе Бідрых яе і яшчэ пецярых дзяўчат накіравалі працаваць да мясцовага баўэра. Пацяклі дні, напоўненыя цяжкай сялянскай працай, да якой нашым дзяўчатам было не прывыкаць. Засмучала толькі тое, што працуюць яны не на сябе і не для сваёй краіны, а на ворага. А паблізу Бідрыха месціўся лагер для ваеннапалонных, дзе знаходзіўся, з другога года вайны, 24-гадовы Мікалай. Ён пайшоў на фронт з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны, ваяваў, а ў 1942-м годзе трапіў са сваёй часцю ў акружэнне... ...Прайшлі тры доўгія гады вайны. У пачатку 1945-га савецкія і саюзныя войскі наступалі і вызвалялі ад фашыстаў краіны Еўропы. Усё вальней пачувалі сябе палонныя, якія працавалі на немцаў, чакаючы непазбежнага вызвалення. А некаторыя з іх вызваляліся і самі. У канцы лютага сем чалавек здолелі збегчы з лагера каля Б і д р ы х а . П а г о н я , якая кінулася ўслед за імі, нікога не адшукала. Пакутуючы дарогай ад голаду і холаду, салдаты з розных краін Еўропы - Чэхіі, С л а в а к і і , Польшчы, Украіны і Беларусі - прабраліся якраз у тыя м я с ц і н ы , дзе размясціўся хутар баўэра. Адна з дзяўчат заўважыла іх, паклікала сваіх сябровак і яны схавалі ўцекачоў. Рызыкуючы сваім жыццём, дзяўчаты тры месяцы хавалі ваенных у невялікім свірне, на вышках, дзе было складзена сена. Да таго ж, у дваіх палонных на целе былі гнойныя раны, і тыя вельмі пакутавалі. Дзяўчаты кралі ежу, кармілі, паілі салдат, абмывалі ды бінтавалі іх раны - і выхадзілі салдат, фактычна на вачах гаспадароў хутара, уратаваўшыжыццё былым вязням. А Саша з Мікалаем вельмі пасябравалі за той час, як уцекачы хаваліся на хутары... Былі і зусім адчайныя сітуацыі. Саша заносіла ваенным сярод дня халоднай вады. Напаіўшы салдат, яна пачала спускацца з вышак, як раптам каля лесвіцы заўважыла гаспадара. Той з падазронасцю ў голасе запытаўся: - Дзеўка, што ты там рабіла? С а ша зрабіла выг л я д , што не пачула і не зразумела таго, пра што пытаецца гасп а д а р . Раззлаваны, той выклікаў мясцовага п а лі ц э й скага і яны пачалі віламі пратыкаць сена на вышках, спадзеючыся знайсці таго, хто тут схаваўся. Палонных уратавала тое, што яны паспелі падрыхтавацца і прытаіліся паміж перакрыццямі, дзе ляжала сена... ...А потым былі вызваленне амерыканскімі салдатамі і радасць ад дня Вялікай Перамогі. Саша і Мікалай разам вярталіся дадому і гаварылі, гаварылі... На мяжы з СССР Шуру амаль адразу адпусцілі, а ваенных яшчэ некалькі месяцаў трымалі для праверкі ў НКУС. Калі Мікалая адпусцілі, ён прыехаў у Пінск, дзе ўладкаваўся працаваць шафёрам, і адразу паехаў на Украіну, да сваёй Шуры. Ён не мог забыць дзяўчыну, якая выратавала яму і яго таварышам жыццё. Яны ўзялі шлюб і пераехалі ў Пінск. Вось так вайна аб'яднала маіх бабулю і дзядулю - Аляксандру Беланожка і Мікалая Аўдзеева.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ