Яны змагаліся за ... каго?

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

З часоў Вялікай Перамогі над фашысцкімі захопнікамі прайшло больш за 60 гадоў. Тэма Вялікай Айчыннай вайны ўжо не так востра ўспрымаецца цяперашнім маладым пакаленнем, для якога яна – ужо хрэстаматыйная вяха, праўда, авеяная жахам, смерцю, разбурэннем. Моладзь жа некаторых замежных краін ужо не можа адназначна адказаць, хто быў пераможцам у Другой сусветнай вайне.

 /i/content/pi/cult/113/267/Jany-zmagalisya-za.jpg
На першы погляд, маўляў, што
нам, беларусам, да таго, што амерыканская моладзь упэўнена ў вырашальным унёску іх нацыі ў заканчэнне Другой сусветнай вайны? Што нам да іх інтэрпрэтацыі гэтага гістарычнага адрэзку тымі, хто маладзей за 50, дзякуючы найперш галівудскай кінапрамысловасці? Якая нам справа да таго, што галівудскія кіназоркі ратуюць свет ці яго частку не толькі ад фашысцкіх агрэсараў, але і марсіян? Здаецца, аніякай. Гэта проста фантазія, адвольная альтэрнатыва гісторыі і будучыні, пафасная гераізацыя нацыі пад фанфары высокааплатных кампазітараў, відовішчнасць высокатэхналагічных спецэфектаў ды шыкоўных дэкарацый.

Хіба ж усё гэта можа перашкодзіць нам ведаць тое, як было і сто, і пяцьдзесят гадоў таму на самой справе? Але ці здольнае пакаленне тых, чые дзяды ды прадзеды ваявалі з фашысцкай чумой, адрозніць, дзе праўда, а дзе галівудская фантазія?

Пакуль гэтая праблема, якая закранула некаторыя краіны, нас малатычыцца. Патрыятычнае выхаванне беларускай моладзі, увядзенне ў адукацыйную праграму дысцыплін кшталту “Вялікая Айчынная вайна: яе ход і персаналіі” расстаўляе ўсе гістарычныя акцэнты, не дазваляючы блытаць кіношную выдумку і жыццё. Аднак Расія ўжо выказала заклапочанасць з прычыны галівудскай афарбоўкі савецкай гісторыі.

“Мяне турбуе, што пасля прагляду “Выратаваць радавога Райана” складаецца ўражанне, што менавіта амерыканцы выйгралі Другую сусветную, — сказаў у адным інтэрв’ю Мікіта Міхалкоў. І дадаў: — Ставіць задачу пераплюнуць Спілберга — немагчыма, але мае сэнс зняць кіно пра вайну для тых, хто глядзіць Спілберга”.

Наўрад ці фільм пра Райана ў цудоўным выкананні галоўнай ролі Томам Хэнксам сказіў ваенныя факты. Але любы фільм, які выпускае Галівуд пра вайну, выклікае тую ці іншую крытыку гледачоў на былой прасторы СССР, яны ўспрымаюць паказанае ў іх як ці не асабістую знявагу. Па-першае, таму, што яны мяркуюць, што лепшыя фільмы пра вайну належаць менавіта савецкаму кіно; па-другое, нам, савецкім людзям, нязвыкла ўспрымаць гераічныя подзвігі амерыканцаў, чый ахвярны “ўнёсак” у вайну і побач не стаіць з савецкімі стратамі; па-трэцяе, заакіянскія кіношнікі выкарыстоўваюць тыя ж вобразы, стэрэатыпы, якія мы прывыклі бачыць у сваім кіно. Напрыклад, галівудскі салдат гэтаксама, як і савецкі, мае блакноцік з укладзеным туды фотаздымкам жонкі, якая абавязкова чакае яго. Час ад часу з дому амерыканцам на фронт прыходзяць лісты ад родных — як і ў нашым кіно. І гэта мы лічым скрадзеным у нас, як і патрыятычную функцыю кіно з нацыянальным героем-пераможцам, якіх у ЗША не так і шмат. Пагадзіцеся, нельга па-сапраўднаму ганарыцца сіліконавым малайцом-Сталоне, які выглядае клоунам на фоне таго ж Райана. Кіно ЗША пра Другую сусветную вайну падзяляецца на два жанры. Першы — агітпрапаганда, што здымалася ў 1941— 45 гг. па замове Ф.Рузвельта, які хацеў ад кінакампаній фільмаў для падняцця амерыканскага духу. Пасля ўзнік другі жанр — жанр ваенных гісторый, сярод якіх вылучаецца ваенная фантастыка, альбо “фантазія на тэму”. Апошнія, дарэчы, і спрыяюць, спараджаюць блытаніну гістарычнай рэальнасці з выдумкай. Калі верыць крытыкам, галівудскі фільм “Лодка U-571”, што выйшаў на экраны ў 2000-ым годзе, выклікаў нават у прэм’ер-міністра Велікабрытаніі Тоні Блэра публічную незадаволенасць. Бо вядома, што менавіта брытанскім падводнікам, а не амерыканскім кінагероям, належыць гонар узяцця нямецкай шыфравальнай машыны “Энігма”. Але калі старэйшае пакаленне можа адрозніць “падстаўных герояў”, дык ці можна спадзявацца, што праз дзесяцігоддзе-другое галівудскія фантазіі не стануць падставай для новай версіі гісторыі вайны? Канешне, галівудская кінапрамысловасць — гэта “фабрыка мрояў”, а не дакументалістыка. Аднак чаму ж так атрымліваецца, што за мяжой пытанне: “А вы ў вайну за каго былі: за амерыканцаў ці за немцаў?” — гэта амаль норма?..

Зрэшты, назіраючы за амерыканскім маскультам, думаю, бліжэйшы час можна не турбавацца пра тое, што выдуманыя вобразы падменяць рэаліі.

Бо пакуль ЗША будуць паказваць прабелы ў гістарычнай адукацыі, блытаючы факты, персаналіі, тэрыторыі, што адразу падымаецца на смех, плённай маскульт-экспансіі ім не дасягнуць.

Мы па-ранейшаму будзем купляць іх фільмы, гульні, музыку, не маючы ўласнай такой высокабюджэтнай маскульт-прадукцыі, і адначасова смяяцца над тым, што на тэрыторыі Украіны ў іх жывуць “рускія”, як у фільме “Паўночная зорка”, а на тэрыторыі былога СССР людзі ходзяць у будзёнаўках і кажухах сярод мядзведзяў, размахваючы балалайкамі. Дарэчы, вобраз савецкага чалавека, калісь створаны амерыканскім маскультам, настолькі аброс міфамі і жахамі, што нават знакаміты музыкант Стынг у 1985 годзе перадаў свету ўласную боязь вядомай песняй “Russians”, дзе ён спявае нешта кшталту таго, што рускія (чытай: жыхары былога СССР) — звычайныя людзі, якiя таксама любяць сваіх дзяцей: “...Believe me when I say to you I hope the Russians love their children too”.

Любімыя многімі падлеткамі і дарослымі камп’ютэрныя гульні, створаныя нібыта паводле баталій Другой сусветнай вайны, — тэма асобнай гаворкі. Возьмем вядомую амерыканскую стратэгію “Command & Conquer: Red Alert” , якая ўвайшла ў Кнігу рэкордаў Гінеса як прададзеная найбольшай колькасцю ў свеце. У ёй войскі амерыканцаў абараняюць Еўропу ад агрэсара-заваёўніка СССР пад кіраўніцтвам Сталіна. І хаця фантастычная скіраванасць гульні дазваляе паказваць савецкія будынкі з прывінчанымі да іх царкоўнымі купаламі і сярпамі памі-молатамі, а Крэмль — прыземістым у асяроддзі вёсак і кароў, яе нельга назваць абсалютна адарванай ад рэальнасці. Думаецца, менавіта таму Германія выдала ад аптаваную для сваіх аматараў версію “Command & Conquer: Red Alert”, у якой адсутнічае персаналія Гітлера ў псеўдарэалістычных роліках-заданнях, а “жывыя” нямецкія салдаты заменены кібаргамі. Ведаючы, што гульня разышлася па свеце 35-мільённым тыражом толькі ліцэнзійных (!) копій, без незлічоных пірацкіх, пытанню замежнікаў да нас: “А вы ў вайну за каго былі: за амерыканцаў ці за немцаў?” можна ўжо не здзіўляцца...

Аднак вернемся да фільмаў.

— Сапраўды, — кажа старшыня Саюза кінематаграфістаў Юрый Цвяткоў, — у тых, хто захапляецца галівудскай кінавытворчасцю, міжволі складаецца ўражанне, што менавіта амерыканцамі выйграна Другая сусветная вайна. Гэта сумна, але даводзіцца канстатаваць такое меркаванне. Паводле сацыялагічных апытанняў у ЗША, многія школьнікі вагаюцца, адказваючы на пытанне: на чыім баку ў Другой сусветнай вайне быў СССР? Працэнтаў трыццаць апытаных адказалі, што на баку Германіі. Наша школьніцтва, дзякуй Богу, ведае гісторыю. І ўсё ж нельга без жаху згадваць, якое моцнае засілле галівудскага кіно на нашых экранах, на нашым рынку было яшчэ нейкіх пяць гадоў таму. І калі б так працягвалася, дык не выключана, што і наша моладзь ведала б вайну праз амерыканскую кінапрызму. А між тым, ніводная з былых рэспублік СССР не мела такіх ахвяр, як БССР, дзе загінуў кожны чацвёрты…Песімістычныя меркаванні наконт беларускай моладзі, якая нібы прызабыла сваю гісторыю пад уплывам Галівуда, цалкам і пераканаўча развейваюць супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яны, штодзень сутыкаючыся з падрастаючым пакаленнем, іх меркаваннямі, пытаннямі, як ніхто іншы, ведаюць, ці пагражае нам у рэальнасці галівудская экспансія.

— Я яшчэ ні разу не сутыкалася з беларускай моладдзю, якая б не ведала, за каго і за што ваявалі нашы бацькі, дзяды і прадзеды. Ніводнага такога выпадку не магу ўзгадаць, — кажа загадчыца аддзела экскурсійна-масавай работы музея Ірына Казей. — Калі ў нас бываюць замежнікі, адчуваецца, што ім выкладаецца гісторыя іначай. Але яны з цікаўнасцю слухаюць нашы экскурсіі, знаёмяцца з нашым пунктам гледжання і… дзякуюць нам! 

Таццяна КОРАНЬ