Балада пра Бацькоў I

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Вырашылі рэдакцыйным калектывам упісаць у агульны летапіс 65-годдзя Вызвалення Бацькаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сваю мемарыяльную старонку. Амаль кожны супрацоўнік «Культуры» распавядае ў гэтым «дзённіку Памяці і Болі» пра тое, што помніцца ў пакаленнях на генетычным узроўні. Гэта патрэбна не мёртвым — гэта патрэбна жывым…

Мужыкі

 /i/content/pi/cult/215/2668/7-2.gif
 /i/content/pi/cult/215/2668/7-4.gif

 Вялікая Айчынная з майго роду ўцягнула ў свой вір дзесяткі сваякоў. І па бацькоўскай лініі (па мячы, як казалі нашы продкі), і па матчынай (па кудзелі). Хтосьці пайшоў у партызаны, хтосьці змагаўся ў падполлі, хтосьці, як мая маці, жыў на Веткаўшчыне ў акупацыі, хоць наўрад ці ледзь не штодзённыя хаванні на балотах ад угону ў Германію можна назваць жыццём... Бацька юнаком таксама паспеў паваяваць з фрыцамі і самай пашанотнай узнагародай лічыў медаль "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне". Але сёння распавесці хачу пра дзеда і двух дзядзькоў. Дзед Сцяпан. Сцяпан Дзмітрыевіч Рагін. Бацька майго бацькі. Чалавек суровы, "нягнуткі", катэгарычны. Я не памятаю, каб ён калісьці змяняў свае жыццёвыя погляды. Усё жыццё займаўся палітработай, выкарыстоўваючы пры гэтым самыя аўтарытарныя метады. Калі пасля вайны ўзначаліў адзін з райвыканкамаў Беларусі, яго баяўся ўвесь раён. Баяўся, але - паважаў, бо дзед на дух не пераносіў прыпісак, шкурніцтва, баязлівасці і п'янства. Ён не надта песціў мяне падарункамі, знішчаючы на карані любую праяву дзіцячай несамастойнасці. Маімі цацкамі на той час былі ордэны дзеда Сцяпана, а першай самастойнай высновай стала перакананне: любая справа можа атрымацца толькі ў сапраўднага мужыка. Што такое "сапраўдны мужык", я пачаў здагадвацца толькі пасля ягонай смерці ў 1980-м. Усе трое маіх дзядзькоў па бацькавай лініі сталі, як дзед, афіцэрамі, бацька - настаўнікам. Вайну сям'я майго бацькі сустрэла ў Смаргоні, куды дзеда накіравалі ўсталёўваць савецкую ўладу. 22 чэрвеня ён пайшоў на фронт. Дайшоў да Германіі. На гэтым здымку, датаваным 18 лютага 1945 года, ён піша больш чым сцісла: "Сыну Мікалаю Сцяпанавічу (Майму бацьку. - Я.Р.) ад бацькі Сцяпана Дзмітрыевіча". А расшыфроўваецца ўвесь гэты афіцыёз, я проста перакананы, вельмі проста: "Мужыку ад мужыка, якія абараняюць Бацькаўшчыну і не забываюцца на свой радавод". Дзень Перамогі для дзеда стаў двайным святам: ён нарадзіўся менавіта 9 мая. Ён нічога не расказваў мне пра вайну ў гэты дзень, проста слухаў кружэлкі з ваеннымі песнямі Высоцкага. Я і па сёння не сумняваюся: вайну выйгралі менавіта такія мужыкі - сугнеістыя, нягнуткія, прамалінейныя і ўпартыя. "Вайны не бывае без атак, атак не бывае без рукапашнага бою, пасля кожнага мы гімнасцёркі выкручвалі", - распавядаў дзятве дзядзька Піліп, д а к у р в а ю ч ы "Прыму" да жоўтых пальцаў... А гэта ўжо радавод "па кудзелі": дзядзька Піліп - мамін брат. Піліп Аляксандравіч Дзям'янаў службу распачаў на дзяржаўнай мяжы пад Слуцкам у 1938 годзе, на Вялікую Айчынную ж пайшоў з Пінска. Дайшоў да Прагі. А потым была вайна з Японіяй, перамогу над якой дзядзька Піліп сустрэў аж у Порт-Артуры.Здымак, на якім дзядзька - ва ўвесь рост і ў поўнай баявой выпраўцы, сваякі атрымалі ў 1944 годзе. Вёска Купрэеўка была ўжо вызвалена ад фашыстаў. А быў дзядзька Піліп пяхотным капітанам. Ваяваў на "перадку" і ворагу глядзеў у вочы. За гэты "погляд" заслужыў процьму баявых ордэнаў і медалёў. А як ён граў на сяміструнцы!

 /i/content/pi/cult/215/2668/7-5.gif

Пасля вайны стварыў у роднай вёсцы вельмі прыстойнае, як потым казалі, музычнае трыо: гітара, мандаліна, балалайка... Дзядзька Васіль, артылерыйскі маёр (на даваенным здымку ён - з трохвугольнікамі на пятліцах), - легенда нашага роду. Інтэлігент, кніжнік, чалавек разважлівы і добры. Пабываў на фінскай вайне. У час Вялікай Айчыннай трапіў на Украінскі фронт, вызваляў Кіеў, знайшоў тут сабе жонку - зенітчыцу Іну. Пасля вайны атабарыўся з ёю ў Кіеве. Акопныя выпрабаванні не зламалі яго: дзядзька Васіль так і застаўся шчырым ды справядлівым... Такімі, як гэтыя салдаты Вялікай Айчыннай, я і імкнуся рабіць сябе і сваіх сыноў. Бо хочам застацца мужыкамі.

Яўген РАГІН

На здымках:

дзядзька Васіль;

дзядзька Піліп;

дзед Сцяпан.

 

Ад Оршы да Курскай дугі

...Толькі цяпер разумею, што для таты вайна і спасціжэнне "школы разведкі" пачаліся, мабыць, тады, калі яго, дваццацідзевяцігадовага журналіста, які на той час меў вопыт адказнага сакратара некалькіх "раёнак", ЦК КПБ накіраваў на працу ў пагранічны Чыжаўскі раён Беластоцкай вобласці. Ішоў 1940 год. Літаральна побач у агні палала Польшча. І, зразумела, яму, рэдактару пагранічнай раённай газеты на тэрыторыі цяпер ужо савецкай Заходняй Беларусі, даводзілася не толькі ўлоўліваць нюансы мяжы, але і друкаваць у газетных "перадавіцах" тое, што на ёй ды за ёй адбывалася ў адпаведнасці з патрабаваннямі цэнзуры сталінскіх часоў. Але пра гэтыя забароны ў газетным кантэксце, пра тое, што любая выпадковая карэктарская памылка, якая выклікала пэўныя асацыяцыі і магла каштаваць у лепшым выпадку разборак на партыйным узроўні, тата не любіў расказваць.

 /i/content/pi/cult/215/2668/7-2-1.gif

А вось тэма Вялікай Айчыннай вайны была ў нашай сям'і шчымліва-культавай, як, прынамсі, і цяпер, пасля таго, як тры гады таму таты не стала... У мяне захоўваюцца ягоныя ўзнагароды, сярод якіх - ордэны Вялікай Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, ордэны Чырвонай Зоркі і "Знак Пашаны", а таксама шматлікія медалі, што распавядаюць пра ратны шлях нашага з сястрой бацькі - Аляксея Сцяпанавіча Крушынскага. ...У дзень пачатку вайны тата разам з супрацоўнікамі рэдакцыі пачаў прабірацца з Беластоцкага рэгіёна ўглыб Беларусі. Прабіраліся цяжка, пад бамбёжкамі і артылерыйскім агнём. Апошні прыпынак адыходу - Орша, ад яе да малой радзімы таты - усяго некалькі кіламетраў. Гэты край ён ведаў да драбязінак, мабыць таму па заданні партыі яго пакінулі для арганізацыі актыўнай падпольнай дзейнасці менавіта тут. Тут, у Оршы, восенню 1941-га тату звёў лёс з будучым легендарным партызанскім камбрыгам Канстанцінам Заслонавым. У напісанай уласнай рукой таты аўтабіяграфічнай даведцы ёсць радкі: "...З першых дзён Айчыннай вайны знаходзіўся на падпольнай рабоце на Аршаншчыне, а калі навісла пагроза арышту, па заданні партыйнага падполля быў накіраваны ў партызанскі атрад у якасці начальніка разведкі, а затым і начальніка штаба атрада імя Варашылава партызанскай брыгады Заслонава. За маю актыўную падпольную і партызанскую дзейнасць мая першая жонка была схоплена фашыстамі заложнікам і расстраляна гестапаўцамі ў жніўні 1942 года ў Крупках...". Не магу не згадаць адзін эпізод з біяграфіі таты-разведчыка, пра які ён мне расказваў. Трэба было ўзяць "языком" нейкага высокага нямецкага чына, які праз Оршу вёз сакрэтныя дакументы. Бацька разам са сваёй групай разведчыкаў, пераапрануўшыся ў адпаведны "канспіратыўны камуфляж", прыйшоў у рэстаран, дзе гэты чын чакаў перасадкі на цягнік. Тата, які меў настаўніцкую і журналісцкую адукацыі, на нямецкай мове так-сяк запрасіў таго фашыста за свой столік, прадставіўшыся эстонскім немцам, што не выклікала падазрэння з праблемамі ў вымаўленні. Калі эсэсаўца як след напаілі сапраўдным бургундскім, з трафейных запасаў, віном, прапанавалі яму ў падарунак цэлую скрыню такога ж. Ды толькі, маўляў, знаходзіцца яна ў машыне, што непадалёк ад рэстарана. Словам, на тым аўтамабілі сквапнага на пітво "сакрэтчыка" ўзялі цёпленькім. Пасля гэтай аперацыі за татаву галаву фашысты давалі 25 тысяч рэйхсмарак, аб чым паведамлялі развешаныя па Оршы ўлёткі. Новы этап у партызанскім жыцці таты пачаўся з 1 лістапада 1942 года. "...Віцебскім падпольным абкамам партыі я быў як журналіст накіраваны на работу ў рэдакцыю Віцебскай абласной падпольнай газеты "Віцебскі рабочы", а затым ЦК КПБ зацверджаны рэдактарам газеты..." У 1943 годзе ад імя беларускіх партызан тата выступаў у Маскве ў Калоннай зале Дома Саюзаў. У вызваленым Мінску бацька ўдзельнічаў у легендарным партызанскім парадзе. Потым у кастрычніку 1945 года яго прызначылі галоўным рэдактарам рэспубліканскай "Настаўніцкай газеты", якую ён ствараў "з нуля" і працаваў у ёй амаль дзесяцігоддзе. Стаяў ён у 1956-м ля вытокаў Беларускага тэлебачання, дзе ўзначальваў рэдакцыю прапаганды, загадваў рэдакцыяй інфармацыі БелТА, рэдакцыяй Белдзяржвыдата. Напісаў дакументальную кнігу "Взрывы над Днепром" пра Канстанціна Заслонава, якая тройчы перавыдавалася ў Маскве агульным накладам амаль у мільён экземпляраў... Тата пражыў шчаслівыя шэсць дзесяткаў гадоў з маёй матуляй - у дзявоцтве Соф'яй Канстанцінаўнай Гаравец, якая прайшла праз "сваю вайну". У прыватнасці, служыла на ваенным аэрадроме ў Бугуруслане. Родны брат мамы - Герой Савецкага Саюза, легендарны лётчык-беларус Аляксандр Гаравец, які 6 ліпеня 1943 года на сваім знішчальніку "Ла-5" збіў у адным паветраным баі на Курскай дузе 9 "юнкерсаў", гераічна ў той схватцы загінуў. Яго імем названы вуліцы, аэраклубы, школьныя музеі на тэрыторыі былога СССР і сённяшняй незалежнай Беларусі. А вось другі брацік, васемнаццацігадовы мінамётчык Мікалай Гаравец, дасюль лічыцца "прапаўшым без вестак". Апошні ліст прыйшоў ад яго з датай "30 чэрвеня 1943", таксама з-пад Курска. Бабуля мая гібель сыноў не перажыла... ...Чырвоныягваздзікі, перавязаныя георгіеўскай стужкай, пакладзём мы 3 ліпеня да надмагільнага помніка таты. Гэтыя кветкі ад нашай сям'і, як кропелькі крыві, заўсёды ўліваюцца ў духмяны акіян Памяці і на Плошчы Перамогі...

Людміла КРУШЫНСКАЯ

На здымку:

Герой Савецкага Саюза Аляксандр Гаравец. Перадваенны здымак.