Купала не пазнаў бы Карпілаўку…

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Запрашэнне ў вандроўку “Купалавым гасцінцам” рэдакцыя “К” атрымала напрыканцы красавіка. Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў” зладзіла для кіраўнікоў мінскіх турыстычных фірм і журналістаў азнаямленчую паездку па маршруце, які не надта часта прапануюць кліентам экскурсійных бюро.

 /i/content/pi/cult/113/266/Kupala2.jpg
… На месцы збору нас сустракаў старшыня асацыяцыі Мікола Чырскі — гісторык
па адукацыі, былы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, аўтар некалькіх кніг аб памятных мясцінах паэта і шэрагу публікацый па краязнаўстве і актуальных праблемах айчыннага турызму. У аўтобусе побач са мной — калегі з газет “Путешественник”, “Обозреватель”, з “Краязнаўчай газеты”.

Мы выехалі з Мінска чатырохсотгадовым Даўгінаўскім гасцінцам, апетым Купалам і Коласам. М.Чырскі, узяўшы на сябе ролю гіда, прыгадаў, што гэтая дарога вяла ад родных хат у бурлівы свет Змітрака Бядулю, журналіста і публіцыста Уладзіміра Самойлу — сябра маладога Івана Луцэвіча, паэта і драматурга Леапольда Родзевіча, таленавітага сатырыка і гумарыста Ядвігіна Ш. І вось на 34-ым кіламетры Даўгінаўскага гасцінца мы прыпыніліся, каб наведаць колішняе радавое гняздо Антона Лявіцкага Ядвігіна Ш. — у Карпілаўцы.

Ля ўскрайку шашы заўважаем указальнік: прыбітыя да слупкоў дзве драўляныя дошкі з надпісам: “Сядзіба Ядвігіна. Ш”. Менавіта так — перад літарай “Ш” пастаўлена недарэчная кропка. І — ні слоўца, кім жа быў гаспадар сядзібы, ні гадоў жыцця…Але хіба многія з тых, што праязджаюць-праходзяць міма гэтага знака, змаглі б патлумачыць, што за дзіўнаватым псеўданімам “Ядвігін Ш.” хаваўся пісьменнік Антон Лявіцкі, які ўвайшоў у гісторыю літаратуры як пачынальнік беларускай прозы, адметны апавядальнік, дзеяч беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя? Ядвігіну Ш. не выпала такая вядомасць, як яго блізкаму сябру Купалу… М.Чырскі адразу папярэджвае, што ад сядзібных пабудоў не засталося нічога, мы не ўбачым нават падмуркаў. Часткова захаваліся толькі ліпавыя прысады, што некалі атачалі сад. Пад старымі дрэвамі ляжаць камяні-валуны. Кажуць, быццам пісьменнік меў звычку класці на іх далоні, спыняючыся тут у задуменні. Сцяжыну да ўлюбёных камянёў Ядвігіна Ш. перагарадзіла з каранямі вывернутае вялізнае дрэва. Відаць, ляжыць яно тут даўно, бо ўжо добратакі струхлела. Пералезці цераз яго не так проста для жанчын паважнага ўзросту, якія ёсць у нашай групе.Мікола Арсенцьевіч выводзіць нас на адкрытае месца, дзе, уласна, і размяшчалася сядзіба. Пад нагамі пружыніць мяккі дыван мінулагодняй травы. Тут доўгі час быў адстойнік фермы, дзе гадавалі цялят, вось трава і разрастаецца пышна на ўгнаеннях.

М.Чырскі распавядае, як любіў свой родны куток Ядвігін Ш. У 1897 годзе, пасля жаніцьбы з Люцыяй Гнатоўскай, ён паставіў новы дом — драўляны, з мезанінам і верандай. Абзавёўся неблагой бібліятэкай, якую прадаставіў у карыстанне Янку Купалу. Менавіта ў Антона Іванавіча малады паэт убачыў багаты збор выданняў беларускіх і пра Беларусь, і гэта перавярнула яго светапогляд. Якраз тады Ядвігін Ш. пераканаў Купалу пісаць на беларускай мове.Вакол дома рос вялікі сад, акаймаваны заморскімі дрэвамі— серабрыстымі таполямі, канадскімі клёнамі, лістоўніцамі. Дачка пісьменніка Ванда ўспамінала, што работа ў садзе была асноўнай для бацькі і дзяцей. І хаця зямля ў Карпілаўцы пясчаная, камяністая, амаль уся вёска зайздросціла гаспадарцы Лявіцкага.

Сённяшняя Карпілаўка — здрабнелая вёсачка. А пад маляўнічай гарой, дзе ў Ядвігіна Ш.
 /i/content/pi/cult/113/266/Kupala.jpg
добра радзіла грэчка-ядрыца, утвораны несанкцыянаваны сметнік. Хварэе
дуб-дзядуля, герой аднаго з апавяданняў пісьменніка, бо ў яго дупле нехта дзеля забавы распальваў вогнішча. Ахвярай агню стала і суседняе дрэва.

Пакідалі мы Карпілаўку з сумам. Гэтая мясціна, дзе жаданымі гасцямі былі Змітрок Бядуля і Уладзіслаў Галубок, дзе ўвесну 1912 года чытаў пану Лявіцкаму толькі што напісаную “Паўлінку” Янка Купала і дзе, магчыма, спыняўся па дарозе з Яраслаўля Максім Багдановіч, заслугоўвае догляду і беражлівага стаўлення з боку мясцовых улад і навакольных жыхароў. Няўжо не сорамна ім перад пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі, перад цікаўнымі падарожнікамі, якія раз-пораз завітваюць сюды, дый проста перад самімі сабою?

Вярнуўшыся ў Мінск, мы распавялі аб убачаным вучонаму сакратару Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алене Бурбоўскай. У адказ пачулі: — Штогод супрацоўнікі нашага музея выязджаюць у Карпілаўку і з дапамогай нямногіх тутэйшых энтузіястаў робяць прыборку. Ужо і ў сельсавет звярталіся з просьбай спыніць вываз смецця на тэрыторыю сядзібы. Але яно зноў нібы вырастае на памятным месцы. А між тым Карпілаўка з яе дзівоснай прыродай уваходзіць у Купалаўскі заказнік…Іншая справа — у “Акопах”, філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Колішні хутар Акопы, арандаваны маці Купалы Бянігнай Іванаўнай у пані Жалігоўскай, стаўся творчай калыскай Песняра. Былая сядзіба бездакорна дагледжана. Ад пабудоў, на жаль, засталіся адны падмуркі, але яны акуратна закансерваваны. Захаваліся і старыя дрэвы, і вялізны камень, на якім паэт любіў адпачываць і пісаць. Цяпер на ім — памятная дошка з вершаванымі радкамі Песняра. Сцежка вядзе з пагорка ўніз да ручая, вакол яго — густая квецень пралесак. Хацелася б толькі бачыць паблізу яшчэ камфортнае месца для адпачынку, і, паводле слоў А.Бурбоўскай, стварэнне яго — у сёлетніх планах музея.

А ў Харужанцах, дзе завяршылася гэтая вандроўка, знаходзіцца літаратурна-гістарычная частка філіяла “Акопы”: хата-музей з чатырма экспазіцыйнымі заламі, спецыяльна збудаваная ў 1999 г., і помнік Купалу, адкрыты да 110-годдзя з дня нараджэння паэта. На маляўнічай паляне за музеем падчас нашага прыезду будавалася новая адкрытая сцэна. Як паведаміў загадчык філіяла Валянцін Журко, яна будзе гатова да традыцыйнага майскага свята маладых паэтаў, якое праводзіцца ў Харужанцах.

Сёлета, у юбілейны год Песняра, тысячы людзей рознага ўзросту пройдуць Купалавымі сцяжынамі. І вельмі важна, каб Яго ўлюбёныя мясціны зазналі сапраўдны догляд і клопат. Гэта і будзе найлепшай пашанай да нашага вялікага паэта. 

Святлана ІШЧАНКА
Мінск — Карпілаўка —Акопы — Мінск
Фота аўтара