Палітра Памяці

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Зямля пад белымі крыламі першай прыняла на сябе страшэнны ўдар ворага. У полымі ваеннага ліхалецця загінулі кожны трэці яе сын або дачка. Шэсцьдзесят пяць гадоў таму зруйнаваная краіна ляжала ў папялішчах. Але няскораны беларускі народ у неверагодна кароткі гістарычны тэрмін здолеў залячыць крывавыя раны і ператварыць краіну ў квітнеючы сад. Памяць пра гераічнае і трагічнае мінулае заўсёды жыла і будзе жыць у сэрцах пакаленняў, бо няма на нашай зямлі дарогі, якая не прывяла б да велічнага мемарыяла або сціплага абеліска.

 /i/content/pi/cult/215/2657/3-3.gif
 А.Батвінёнак. "Васіль Быкаў".
 /i/content/pi/cult/215/2657/3-5.gif
 А.Бараноўскі. “Мінск пасля вызвалення”.

Усе пасляваенныя гады, як, дарэчы, і сёння, беларускія мастакі натхнёна ствараюць творы, што ўвасабляюць розныя грані хвалюючых тэм і сюжэтаў, прысвечаных бяспрыкладнаму, неўміручаму Подзвігу савецкага народа ў агнявыя часіны Вялікай Айчыннай і той вызваленай ад ворага свабоднай зямлі, дзе мы жывём. Пра гэта - найбуйнейшыя мастацкія выстаўкі, што сёння праходзяць у Мінску і абласных рэгіёнах.

30 чэрвеня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва) адбыўся святочны вернісаж "Памяць сэрца", арганізаваны міністэрствамі культуры і абароны краіны, Беларускім саюзам мастакоў. Удзельнікі выстаўкі - ветэраны Вялікай Айчыннай і іх калегі па пэндзлі, разцы і алоўку - "дзеці вайны". Прадставілі свае творы і тыя з мастакоў, хто нарадзіўся пасля Вялікай Перамогі.

 /i/content/pi/cult/215/2657/3-6.gif
 А.Кашкурэвіч. “Партызанскія маці”.

 

Своеасаблівасць гэтай буйной экспазіцыі ў тым, што новыя работы гарманічна суседнічаюць з рэтра-творамі (з фондаў БСМ) мастакоў, хто ў мінулыя дзесяцігоддзі пакінуў яркі след ва ўвекавечанні Подзвігу беларускага народа ў час вайны. На мой погляд, менавіта іх творы зрабілі экспазіцыю асабліва дастойнай і цікавай. Яны даўно вядомы гледачу, але, тым не менш, выглядаюць сёння свежа, нібы з новага пункта гледжання, з вышыні іншых часавых вымярэнняў. Вось некаторыя з гэтых імёнаў: Л.Шчамялёў, І.Ціханаў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, Г . В а ш ч а н к а , М.Залозны, І.Бароўскі, І.Стасевіч, Б.Аракчэеў, Л.Дударэнка, П.Масленікаў... А побач - іх таленавітыя малодшыя калегі: У.Уродніч, М.Меранкоў, І.Кліменка, Н.Лівенцава, В.Нямцоў, С.Цімохаў, У.Вішнеўскі, У.Кожух, У.Савіч, Р.Сітніца, У.Ткачоў, Я.Каробушкін, А.Батвінёнак, Г.Буралкін, Н.Пілюзіна, Л.Пятруль... У наступны дзень, 1 ліпеня, у Нацыянальным мастацкім музеі таксама адкрылася выстаўка, прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусі. Яна называецца "Палітра памяці" і складаецца з дзвюх частак: сумеснай экспазіцыі з фондаў нашага Мастацкага музея, Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны - з Масквы, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і экспазіцыі твораў беларускіх мастакоў 1940-х - 1980-х гг. са збору Нацыянальнага мастацкага музея рэспублікі (77 твораў 53 жывапісцаў, скульптараў, графікаў). У выстаўку ўключаны дзве невялікія персанальныя юбілейныя экспазіцыі твораў Лазара Рана і Людвіга Асецкага, якія ў свой час зрабілі значны ўнёсак у адлюстраванне падзей вайны. Пабудова паказу зроблена, у асноўным, адпаведна храналогіі мастацтва, пачынаючы з 40-х гадоў і да канца 80-х. У фае музея экспануецца унікальная выстаўка паштовак і марак, прысвечаных Вялікай Айчыннай, якая арганізавана Міністэрствам сувязі, "Белпоштай" і Клубам філатэлістаў. У мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працягваецца работа выстаўкі жывапісу "Памяць вогненных гадоў", што таксама прысвечана Вызваленню нашай краіны (з фондаў музея). Праўда, галоўны акцэнт тут зроблены на адлюстраванні мірнага пасляваеннага жыцця. Такім чынам, праз усе выстаўкі, не толькі гэтыя, але і многія іншыя (у прыватнасці, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча і г. д.), праходзіць чырвонай ніткай "вобраз" Памяці. Памяць... Бадай, гэтае шырокае паняцце сёння, у 65-гадовы юбілей вызвалення Беларусі, асабліва востра пранізвае ўсё наша грамадства, у тым ліку і мастакоў. Памяць - гэта любоў, бо мы памятаем, што было ў нашай Айчыне ў "сороковые-роковые", "свинцовые-пороховые"- горкага, гераічнага, трагічнага і светлага таксама. Памяць чалавечага сэрца, нянавісць да вайны, сённяшняе і будучае цудоўнай роднай зямлі, якую мы адваявалі ў цяжкіх баях, - гэта і ёсць наш "момант ісціны", наша ментальнасць, наша душа. Нельга забываць мінулае, якое насычае нашы карані. Так, у мінулым засталіся нашы святыні. Але сёння, зноў і зноў, з заміраннем сэрца, вяртаемся мы да іх.

 /i/content/pi/cult/215/2657/5-4.gif /i/content/pi/cult/215/2657/5-5.gif
В.Волкаў. “Мінск. 3 ліпеня 1944 года”. 
М.Манасзон. “Разведчык А.Мяснікоў. 1942 г.”. 

 

І напрыканцы - вось пра што. Справа захавання гістарычнай памяці - задача не толькі выяўленчага мастацтва, літаратуры, журналістыкі. Гэта клопат усеагульны і шматгранны. Ён непасрэдна звязаны і з захаваннем гістарычных і культурных каштоўнасцей, дзе жыве душа, талент народа. Гэтыя каштоўнасці належаць усім нам разам і кожнаму паасобку, дзе б ён па волі лёсу ні апынуўся. Пакуль яны існуюць, не парушаецца повязь часоў, не парвуцца ніці, якія нас злучаюць. Гісторыя - агульная памяць, якая не здольная хітраваць, падрабляцца пад настрой сённяшняга дня. І гэтая памяць патрэбна нам ва ўсёй яе палітры, з усімі адценнямі. Ад яе не адысці і не схавацца. Патрэбна асабліва цяпер, калі мы будуем маладую незалежную дзяржаву. Але не для таго, каб як кажуць, надрываць душу, а для таго, каб аддаваць належнае ўсяму гераічнаму, што было ў мінулым, атрымліваць урокі з яго. І калі сёння мы ўглядаемся крытычным позіркам у гісторыю, дык толькі таму, што жадаем лепш, больш поўна ўявіць сабе шляхі ў будучыню.

 

 /i/content/pi/cult/215/2657/11-6.gif /i/content/pi/cult/215/2657/11-7.gif
Нацыянальны мастацкі музей. Фрагмент экспазіцыі з Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг. у Маскве. У.Кожух. “Помнік”. 

 

 

 

 /i/content/pi/cult/215/2657/13-5.gif /i/content/pi/cult/215/2657/13-6-red.gif
Л.Асядоўскі. “Балада пра маці. А.Ф. Купрыянава і яе сыны”. 
 У.Уродніч. “Напярэдадні Галоўнага ўдару (аперацыяБаграціён”). 

 

Барыс КРЭПАК