Пад знакам Незалежнасці і Вызвалення

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

3 ліпеня па ўсёй рэспубліцы пройдуць святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 65-й гадавіны вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 /i/content/pi/cult/215/2656/3-1.gif
Павел Латушка (першы злева), Валерый Малашка і Дзмітрый Бонахаў пад час сустрэчы з вызваліцелямі Бабруйска. 

 Як пісала ўжо "К", толькі ў Мінску адбудзецца каля 50 святочных мерапрыемстваў. Сярод іх - урачысты сход і святочны канцэрт у Палацы Рэспублікі- сёння, цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да помніка Перамогі, ваенны парад - 3 ліпеня... Непасрэдна ў Дзень Незалежнасці ўрачыстасці завершацца гала-канцэртам "Мы - перамаглі!" каля стэлы "Мінск- горад-герой", традыцыйнай акцыяй "Спяём гімн разам!" і залпамі святочнага салюту. Шырокая праграма мерапрыемстваў запланавана і на 4 ліпеня. Напрыклад, каля будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета пройдзе канцэрт Беларускай оперы пад адкрытым небам... Зрэшты, падрабязна пра ўсю палітру святочных мерапрыемстваў у сталіцы і рэгіёнах рэспублікі распавядзе чытачам гэты нумар "Культуры".

***

 Напярэдадні Дня Незалежнасці і 65-й гадавіны вызвалення краіны міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка ў час сутрэчы з карэспандэнтам "К" падкрэсліў, што Дзень Незалежнасці звязаны з вельмі важнай гістарычнай датай для беларускага народа - вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Гэтая падзея пакінула след для беларускага народа не толькі ў ХХ стагоддзі. Лічу, што яна будзе мець свой гістарычны рэзананс яшчэ не адну сотню гадоў. І вельмі важна, каб мы сёння памяталі пра подзвіг тых людзей, якія склалі свае галовы ў імя Свабоды і Незалежнасці нашай краіны", - адзначыў кіраўнік Міністэрства. Найпершыя свае віншаванні і самыя шчырыя словы падзякі міністр культуры праз нашу газету адрасаваў усім тым ветэранам, хто сёння побач з намі, жадаючы ім здароўя і дабрабыту. "У дзяцінстве мне давялося прачытаць вельмі шмат кніг пра вайну,- прыгадаў Павел Латушка. - Гэта было натуральнае імкненне, і нават мая маці пыталася: "Чаму ты чытаеш столькі кніжак на гэтую тэму?" Прыгадваю, што толькі "Живые и мёртвые" Канстанціна Сіманава перачытаў тройчы, а таксама Быкава, Адамовіча - шмат даступных на той момант твораў пра вайну. Мяне гэта цікавіла, але адначасова адчуваў і ўнутраны дзіцячы жах- жах ад таго, што адбывалася на тэрыторыі Савецкага Саюза і нашай Беларусі. Памятаю з дзяцінства, як разам з бацькам мы наведвалі Музей Вялікай Айчыннай вайны. І тыя ўражанні, калі мы ішлі па сходах гэтага музея, праходзілі залы, засталіся са мной назаўсёды. Я вельмі хацеў бы, каб мае дачка і сын, наведваючы гэты музей, зразумелі, наколькі важная для нашай гісторыі тая дата. Мае дзяды таксама ваявалі. Адзін з іх, якога я нават не змог пабачыць, быў афіцэрам, у час вайны трапіў у палон, быў паранены. Памёр, калі яму было сорак. Няма на Беларусі сям'і, да якой не дакранулася б гэтая страшэнная вайна. І тым больш мы павінны памятаць пра тыя жудасныя часы, каб яны ніколі не паўтарыліся ў будучыні". *** Апошнія чэрвеньскія дні, калі гаварыць пра культурныя падзеі, прайшлі па ўсёй рэспубліцы пад знакам Незалежнасці і Вызвалення. І, вядома ж, рэдакцыя атрымала мноства запрашэнняў на самыя розныя фестывалі і мерапрыемствы. Сярод іх - і "Вянок дружбы", куды 27 - 28 чэрвеня па запрашэнні Бабруйскага гарвыканкама выправіліся нашы карэспандэнты. Гэты Міжнародны фестываль народнай творчасці з'яднаў сёлета прадстаўнікоў Беларусі, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны. Адметна, што мерапрыемствы сёмага па ліку форуму ахапілі не толькі названы райцэнтр Магілёўскай вобласці, але і шэраг сцэнічных пляцовак суседніх раёнаў. Вядома, цэнтральным мерапрыемствам фестывальных дзён сталі канцэрты ўрачыстых адкрыцця і закрыцця, кожны з якіх запомніўся феерычным шматгадзінным відовішчам на сцэне спартыўнага комплексу "Бабруйск-Арэна". Удзельнікамі як гала-прадстаўленняў, так і выступленняў на сцэнічных пляцоўках горада былі некалькі соцень артыстаў з шасці краін. Цырымонію ўрачыстага закрыцця "Вянка дружбы2009" у час рабочай паездкі ў Бабруйск наведаў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Акрамя наведвання фестывальных мерапрыемстваў, ён азнаёміўся з дзейнасцю ўстаноў культуры горада. Міністр у гутарцы з карэспандэнтам "К" падкрэсліў адметнасць гэтай яркай падзеі на культурнай карце не толькі Бабруйску, Беларусі, але і замежжа: "На прыкладзе гэтага фестывалю мы яшчэ раз паказалі, наколькі гасцінная і адкрытая для сваіх сяброў Беларусь. З боку Міністэрства культуры заўсёды будзе падтрымка падобных праектаў, бо яны цудоўна прадстаўляюцьнашу краіну на міжнароднай арэне. Тым больш, ёсць запатрабаванасць і з боку гледачоў". У час свайго выступлення міністр культуры зрабіў акцэнт на асаблівай адметнасці фестывалю, які сёлета праходзіць пад знакам святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму самыя цёплыя словы віншаванняў са святам былі выказаны, у першую чаргу, на адрас ветэранаў. На ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю мэру Бабруйска Дзмітрыю Бонахаву была ўручана вышэйшая ўзнагарода Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь - Ганаровы знак "За ўклад у развіццё культуры Беларусі".

 /i/content/pi/cult/215/2656/3-4.gif
У час гала-канцэрта ўдзельнікаў "Вянка дружбы-2009". 

 ***

 Што да праграмы рабочай паездкі міністра, то яе адкрыла наведванне Дзіцячай музычнай школы № 1: знаёмства з творчымі дасягненнямі навучэнцаў і матэрыяльнай базай адной з вядучых устаноў Бабруйска. Пры гэтым, як адзначыў старшыня гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў, у 220-тысячным горадзе на сёння сфарміравалася патрэба ў адкрыцці ўстановы такога тыпу ў новых мікрараёнах, дзе пражывае каля 45 тысяч чалавек. У гутарцы з карэспандэнтам "К" начальнік гарадскога аддзела культуры Вадзім Шчэрбіч удакладніў, што ў перспектыве гэтая задума мусіць рэалізавацца ў форме яшчэ адной базы або філіяла ДШМ № 1, на што маецца і выкладчыцкі, і матэрыяльны рэсурсы, або цалкам новага комплексу. "Неабходнасць развіцця пацвярджае ўжо сам факт таго, што дзяцей імкнуцца аддаваць менавіта ў гэтую ўстанову з усіх раёнаў горада", - адзначыў начальнік аддзела культуры. Міністр наведаў і Горад майстроў, дзе творцы з Магілёўшчыны і ўсёй Беларусі на працягу двух дзён прадстаўлялі свае вырабы. Візіт міністра адразу прыцягнуў увагу рамеснікаў. Павел Латушка, у прыватнасці, азнаёміўся з творамі юных майстроў і пакінуў запіс у кнізе водгукаў іх школы. Удзельнікі ж свята ўручылі яму выяву сімвала горада - бабра. Зацікаўленая гутарка міністра з прадстаўнікамі абласной і раённай улады, кіраўніцтвам установы адбылася ў сценах Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі. Як падкрэсліў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, высокія дасягненні ў тэатра па працы з сельскімі жыхарамі: "Праграмаадраджэння і развіцця сяла выконваецца тут на высокім узроўні, як і план аказання платных паслуг". У горадзе ж сталая публіка складае больш за 5 тысяч чалавек. Адзначаны высокія паказчыкі запаўняльнасці залы (прыблізна 90%), а таксама супрацоўніцтва ўстановы са сталічнай операй. "Прыкладна 4 разы на месяц наведваюць Бабруйск мінскія артысты. Такога няма нават у Магілёве!" - вылучыў адметнасць установы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. У бліжэйшай перспектыве бабруйскага тэатра - супрацоўніцтва з Беларускім балетам. У габеленавай зале тэатра гаворка зайшла пра крэатыўны падыход у развіцці дзейнасці ўстановы. За прыклад Павел Латушка прывёў канцэрт струннага квартэта і, адначасова, выстаўку дзвюх работ Віталя Цвіркі і Леаніда Шчамялёва ў фае Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, якую літаральна тыдзень таму ўпершыню зладзілі перад пачаткам спектакля і ў антрактах: "Інтарэс быў вельмі высокі, таму, лічу, неабходна задзейнічаць і плошчы бабруйскага тэатра для падобных праектаў, якія накіраваны на прыцягненне гледача ва ўстанову культуры". Наступная сустрэча адбылася ў кінатэатры "Таварыш". Звярнуўшы ўвагу на афішу нядаўняй айчыннай прэм'еры- "Снайпер", міністр культуры асабліва цікавіўся глядацкай увагай да гэтай стужкі і нацыянальнага кіно ўвогуле. Рэзюмуючы вынікі наведвання ўстаноў культуры Бабруйска, міністр культуры адзначыў: - Станоўча ўразілі адносіны гарадскіх улад да культуры. Ва ўстановах галіны адчуваецца запатрабаванасць. Вельмі важным бачыцца сам факт падтрымкі на рэгіянальным узроўні сферы культуры. Таму бабруйскі вопыт у гэтым накірунку можа рэалізоўвацца і ў іншых раёнах краіны.

Сяргей ТРАФІЛАЎ,

Юрый ІВАНОЎ (фота),

нашы спецыяльныя карэспандэнты

 Мінск - Бабруйск - Мінск