“Толькі на роднай зямлі, у сваёй Айчыне”

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

26 чэрвеня ў сталічным Палацы Рэспублікі адбыўся традыцыйны Рэспубліканскі баль выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў краіны, што сабраў лепшых з лепшых хлопцаў і дзяўчат, якія неўзабаве набудуць статус маладых спецыялістаў. Вітаючы прысутных, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што таленавітыя маладыя кадры — вялікі здабытак нашай краіны. Кіраўнік дзяржавы зазначыў: спецыялісты, якія выходзяць з нашых ВНУ, маюць высокі статус і карыстаюцца вялікім попытам не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Звяртаючыся да выпускнікоў, ён сказаў: “Беларусь канкурэнтаздольнаядзякуючы вам”.

 /i/content/pi/cult/215/2654/2-3.gif

Сёння наша дзяржава дае маладым беларусам магчымасць атрымання практычна любой прафесіі ў айчынных ВНУ, якіх на сённяшні дзень налічваецца 53. Яны штогод выпускаюць больш як 70 тысяч спецыялістаў па 15 профілях. І тое, што дзяржаўныя ўкладанні ў гэтую сферу акупляюцца шматкроць, пацвярджаюць дзесяткі медалёў, заваяваных беларускімі ўдзельнікамі міжнародных прадметных алімпіяд, перамогі нашых маладых выканаўцаў на прэстыжных фестывалях і конкурсах. "Перакананы, што на гэты клопат, - адзначыў Прэзідэнт, - вы адкажаце творчай і натхнёнай працай. Праявіце сябе як прафесіяналы высокага класа і генератары новых ідэй. Нам патрэбны ваш разважлівы розум, невычэрпная энергія і жаданне працаваць на карысць Айчыны". Прэзідэнт нагадаў прысутным аб тым, што сёння ў грамадстве чалавек здольны заслужыць пашану толькі сваёй адданай працай. І, улічваючы хуткаплыннасць і незваротнасць часу, ён па-бацькоўску параіў маладым: "Не растрачвайце сябе, каб потым не шкадаваць аб упушчаных магчымасцях". Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пажадаў моладзі не шукаць шчасця за межамі сваёй краіны: "Толькі на роднай зямлі, у сваёй Айчыне, побач з роднымі і блізкімі вы можаце ў поўнай меры рэалізаваць свае здольнасці, быць сапраўдным гаспадаром свайго лёсу і паважаным чалавекам". І дадаў: "У вашых руках - не толькі асабісты лёс, але і лёс Беларусі. Таму вазьміце за правіла: кожны дзень рабіце хоць невялікі крок наперад дзеля дабрабыту і працвітання сваёй Радзімы. У гэтым і ёсць ваш грамадзянскі абавязак", - падкрэсліў Прэзідэнт. Выпускнікі 2009 года завяршылі сваё навучанне ў год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзначаючы гэты, Аляксандр Лукашэнка пажадаў прысутным: "Няхай бясцэнны гістарычны вопыт дзядоў і прадзедаў, адважных абаронцаў Айчыны, паслужыць вам духоўнай апорай на жыццёвым шляху".

Таццяна КОМАНАВА

На здымку: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пад час Рэспубліканскага балю