Захоўваць, мацаваць, ствараць!

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

26 чэрвеня ў сталічнай Ратушы міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка сустрэўся з выпускнікамі творчых ВНУ краіны. У сустрэчы прынялі ўдзел рэктары гэтых устаноў, а таксама ганаровыя госці.

У сваім звароце да выпускнікоў міністр культуры адзначыў важнасць гэтага моманту: "Я хацеў бы, каб гэты дзень застаўся ў вашай памяці і ў вашых душах разуменнем таго, што вы здзейснілі свой першы, вельмі важны крок у жыцці: атрымалі адукацыю вельмі высокага ўзроўню. Але ж крок гэты дае перадумовы для далейшага руху, для таго, каб ствараць тое дабро, якое патрэбна людзям". Адзначаючы той факт, што апошнім часам вельмі шмат увагі надаецца эканоміцы, Павел Латушка падкрэсліў: "Чалавек, які стварае матэрыяльны падмурак, абавязкова павінен быць духоўна багатым чалавекам. Вы, тыя, хто атрымалі адукацыю ў сферы культуры, займееце магчымасць уплываць праз свае творы на жыццё, і гэта вельмі важны інструмент. Я хацеў бы, каб вы гэтым інструментам карысталіся ўдумліва". Міністр культуры нагадаў выпускнікам, што беларуская культура з'яўляецца часткай еўрапейскай. "Мы можам і павінны, - падкрэсліў ён, - ганарыцца нашай багатай спадчынай, цудоўным сёння і яшчэ лепшым заўтра. Ганарыцца перадусім сваім, тым, што стварылі нашы продкі, і тым, што будзеце захоўваць, мацаваць і ствараць вы - новае пакаленне беларусаў". Свае цёплыя словы выпускнікам сказалі і рэктары ВНУ, для якіх кожнае лета выпуску маладых хлопцаў і дзяўчат - гэта вылет з бацькоўскага гнязда ў свет новага пакалення "птушанят". І ў адказ на пажаданні і наказы моладзь выказала шчырыя словы ўдзячнасці сваім alma mater, якія далі ім не толькі будучыя прафесіі, але і пэўныя жыццёвыя арыенціры. Зрэшты, сустрэча не абмежавалася адно толькі пажаданнямі: учарашнія студэнты мелі магчымасць задаць міністру культуры і свае пытанні, дыяпазон якіх распасціраўся ад таго, як, па назіраннях Паўла Латушкі, успрымаюцца беларуская культура і мастацтва за мяжой, і да юрыдычных тонкасцей, звязаных з далейшай працай маладых спецыялістаў.

 Т.К.