Вырвацца з блакаднага кальца

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

“Майскі змрок надыходзіць павольна, я раз-пораз выцягваю гадзіннік, стрэлкі ягоныя ледзь паўзуць. Нарэшце, цёмна. Наш полк асцярожна высоўваецца на зыходныя пазіцыі”. Так закончыў свой расповед на старонках “К” пра падрыхтоўчы этап да аперацыі “Прарыў” народны мастак Беларусі Віктар Грамыка (гл. “К” № 13 — 14 за 2009 г.). Тады ж Віктар Аляксандравіч паабяцаў прадставіць чытачам працяг сваіх успамінаў акурат да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтым разам творца прапануе ўспаміны, якія непасрэдна датычацца ходу “Прарыву”.

 /i/content/pi/cult/214/2649/15-1.gif
 Віктар Грамыка. 1945 г.

 Бязладным ланцугом, што расцягнуўся на кіламетры, брылі людзі, якія нядаўна вырваліся з блакаднага кальца. Каб ухіліцца ад танкаў, артылерыі, мінамётаў, адарвацца ад матарызаванай пяхоты, партызаны цяпер, ахвяраваўшы галоўным сваім тактычным правілам - скрытнасцю, прабіваліся ў Бягомльскі раён праз вялікі масіў забалочанага тарфяніку. У чэзлых кронах рэдкіх карлікавых соснаў не магла б схавацца ад вачэй нямецкіх авіятараў нават варона, а кавава-чорная паласа, якую пакідалі тысячы ног байцоў, сялян, коней і кароў, натхняла фашысцкіх асаў на захапляльнае і нескладанае паляванне. Пралятаючы нізка над гэтай чорнай дарогай, яны ўзмоцнена палівалі нас з кулямётаў. Зрэшты, потым, штораз сустракаючы агонь у адказ з усіх відаў зброі, аддалі перавагу касетным бомбам: скідвалі іх з вялікай вышыні, і схавацца ад гэтых бомб не было дзе. Мы ведалі, што наперадзе - зноў цяжкія баі.

Я ішоў, стомлена перасоўваючы ногі па густой чорнай жыжы, і раптам мяне гучна аклікнуў ззаду капітан Авяр'янаў.

 - А ты ўлегцы, - сказаў ён. - Ведаю, друкарня, адслужыўшы верай і праўдай, загінула ва ўчарашнім баі. І цяпер у тваім мяшку нічога няма, апроч ірваных ануч і падшывак усіх нашых выданняў. Таму давай крыху падсілкуемся з майго НЗ. - І капітан выняў з брызентавай палявой сумкі, што вісела ў яго на баку, хлеб і загорнуты ў белую тканіну шмат сала. Вялікай фінкай са шматколерным наборным дзяржальнам ён адрэзаў лусту хлеба, паклаў на яе ладны кавалак сала і, зрабіўшы на ім частыя надрэзы, працягнуў мне.

- Самы час перакусіць! Наступны раз невядома калі будзе.

 Мы старанна жавалі хлеб з салам, маўчалі.

 Весялун і дабрак, сапраўдны патрыёт, капітан Авяр'янаў загіне менш як праз суткі, пад час штурму шасэйкі Лепель - Беразіно. Варожая куля дагоніць яго ў дзень пяцідзесяцігоддзя.

 /i/content/pi/cult/214/2649/15-2.gif
 Таццяна Архіпава.

 

 Бліжэй да вечара з паўднёвага захаду насунулася шырокая паласа нізкіх аблокаў, якія павольна плылі. Паступова ўзмацняючыся, дождж усхадзіўся на ўсю сілу. Выматаныя ў баях атрады, што цэлы дзень цягнуліся па балотнай гразі, сцішана моклі цяпер пад халоднымі струменямі ў чаканні каманды на апошні штурм. Чыёй каманды, адкуль яна прагучыць, ніхто не ведаў, бо стомленыя людзіскупіліся ў цёмным мокрым лесе ўздоўж вузкакалейкі Лепель - Беразіно. Хто - справа, хто - злева, хто - наперадзе, вызначыць у апраметнай цемры было немагчыма, хоць многія і спрабавалі. У людской масе пад дажджом улоўліваўся пастаянны неспакойны рух. Ён узмацняўся, калі аднекуль з цёмнай глыбіні лесу прыходзіла перададзеная па ланцугу каманда. Шамаценне вопраткі, чвяканне выдзіранага з раскіслай зямлі абутку сведчылі пра тое, што калона рушыла. Праз нейкі час без ніякай каманды людзі, упіраючыся адзін аднаму ў спіны, зноў спыняліся. Мы здагадваліся, што ўсе перасоўванні адбываліся ўздоўж вузкакалейкі ў пошуках найбольш спрыяльнай дыспазіцыі для штурму. Зараз там поўзаюць нашы разведчыкі і, напэўна, усюды натыкаюцца на ўмацаванні. Раз-пораз у неба ўзлятаюць асвятляльныя, і па лесе перамяшчаюцца дрыготкія белыя плямы. Я напружана ўзіраюся туды, дзе на насілках ляжыць маёр Максімаў, як пасля аказалася - член Ваеннага савета Заходняга фронту. "Чаму ён не стогне? Ці жывы?" - думаю я і схіляю галаву.

 /i/content/pi/cult/214/2649/15-3.gif
 В.Грамыка. “Зямля”. 1971 г.

 Мяне "прыбіла" да маёра неўзабаве пасля размовы з Авяр'янавым - зусім выпадкова, у неверагодным месіве брыгад, атрадаў, бежанцаў, калі я ўбачыў, што з насілак звешваецца край афіцэрскага шыняля. Тут жа была і Таня Архіпава з дзвюма сумкамі: на правым плячы - рацыя, на левым - батарэя сілкавання, паверх бліскучай ад дажджу скуранкі - рамень, з кабуры нагана звісае светлы ланцужок нямецкага шомпала - адзіная дэталь ваеннага какецтва нашых дзяўчат. Побач з Таняй - ардынарац маёра і наш былы ездавы Козел. Мы шчыра ўзрадаваліся сустрэчы, але я адразу ж і засмуціўся, даведаўшыся, што з чатырох змен, назначаных да насілак маёра, пасля бамбёжак і абстрэлаў засталася няпоўная адна.

 - Я дапамагу вам, рабяты, - сказаў я, і мы панеслі маёра далей...

Як толькі ноч пакацілася на захад і шэры змрок неба таямніча заварушыўся ў чарнаце ялін, безаблічны натоўп пачаў рухацца ў адным напрамку, спачатку ледзь прыкметна, а потым усё паскараючыся і выцягваючыся ў калону. І адразу ж там, наперадзе, сотні ствалоў абрынулі свінцовую Ніягару на заціхлы было перадсвітальны лес. Калона, напэўна, зразумеўшы, што прарванае кальцо можа самкнуццаў любую хвіліну, кінулася рыссю наперад, несучы на плячах адчаю свае мінамёты, станкачы, параненых, вінтоўкі і набрынялыя шынялі.

Толькі зараз у нашу свядомасць увайшоў страшны сэнс таго, што адбывалася: бой ідзе наперадзе, мы апынуліся ў ар'ергардзе калоны, і гэтае няшчасце ўжо непапраўнае. Мы беглі з усёй хуткасцю, на якую яшчэ былі здольныя нашы ногі.

Вось, нарэшце, перад намі вузкі, сухі прочырк рэк, на якіх уроскід ляжаць ужо нерухомымі сілуэтамі нашы людзі, а ўнізе, у прыдарожным кювеце, поўзаюць тыя, што, як і мы, спазніліся. Мы скочваемся, чапляючыся за кустоўе, з пагорка ў кювет і робім першы крок па схіле, насустрач рэйкам. Апярэджваючы нас, прыгнуўшыся пад цяжарам сумак, над насыпам на імгненне застыла Таццяна. Узрываючыся фантанамі зямлі, зацокалі кулі. Таня хіснулася ўперад, назад, зламалася ў каленях і завалілася нязграбна на бок на схіле насыпу. Рацыя саслізгнула з пляча і пакацілася на дно кювета. Я кідаюся да Тані, бязладна мацаю яе запясце, не знаходжу пульсу. Галава яе адкінута, вочы заплюшчаны, з паўадкрытага роту цячэ струменьчык крыві. Я прыкладваю пальцы да соннай артэрыі, чую біццё сэрца. Расшпільваю куртку - на гімнасцёрцы распаўзаецца чырвоная пляма.

- Яна жывая! - кажу таварышам, што ляжаць побач. - Выносьце маёра і вяртайцеся, а я пакуль перавяжу.

 Маёра цягнуць па кювеце ўправа, там ёсць зручная лагчынка для выхаду. Я вымаю нож, разразаю гімнасцёрку, спрабую падкасаць споднюю кашулю, а затым разрэзваю і яе, і станік. На бела-блакітных грудзях, крыху ніжэй саска, - чорна-чырвоны ўваход кулі, крыві тут нямнога. Я паварочваю Таню набок, і выгляд яе раны агаломшвае мяне: разрыўная куля на выхадзе ператварыла ў жудаснае крывавае месіва тое, што хвіліну назад было дзявочым целам. У адчаі ад сваёй няўмеласці я распячатваю пакет, прасоўваю бінт пад спіну, перакідваю цераз грудзі. Бінт імгненна набрыньвае крывёю, аднаго пакета замала. Справа на шашы зноў завязваецца бой, доўгімі чэргамі нашы ППШ уступаюць у дыялог з нямецкімі кулямётамі, а тут побач, у бруднай канаве, я беспаспяхова спрабую спыніць кроў, што пузырыцца, штуршкамі б'е праз бінт і міма яго. І кашуля, і гімнасцёрка ўжо насычаны ёю, і цераз край скураной курткі яна скочваецца ўніз, запаўняючы глыбокі след салдацкага бота, пакінуты кімсьці з нас у гэтай чорнай зямлі...

Я абарочваючыся на раптоўны трэск галін, што ламаюцца побач. Праз кустоўе прадзіраецца наш палкавы шавец.

 - Васіль Іванавіч, дай мне твой пакет! - крычу я яму.

Ён торгаецца туды, сюды і нарэшце выкульваецца з кустоў, бязладна шнарыць па кішэнях, нічога не знаходзіць. Чамусьці хапае рацыю, цягне яе немаведама куды.

- Стой, сволач! - крычу я. - Ні з месца! Не адыходзь з рацыяй!

 Шавец не рэагуе, ён амаль у непрытомным стане. Страляць свайму чалавеку ў спіну я не магу. Шум у зарасніках сціхае.

Вяртаюцца Козел і яшчэ двое, пры Максімаве застаўся яго ардынарац. Мы кладзём Таню на шынель і нясём яе па чорнай сцяжыне назад, у кальцо, з якога не здолелі вырвацца...

 Сырое ламачча разгараецца кепска, клубы шыза-жоўтага дыму не хочуць адрывацца ад зямлі, далёка сцелюцца па мокрай траве, паведамляючы немцам, што мы зусім побач з імі. Мы ледзь рухаемся, нас нудзіць ад стомы, ад голаду і холаду. Пакуль мы такія, нам не вынесці ў больш бяспечнае месца дваіх цяжкапараненых.

Вогнішча, нарэшце, разгарэлася, і ўся наша сямёрка размясцілася наўкола, з наветранага боку на хваёвых лапках ляжаць побач маёр Максімаў і радыстка Архіпава. Мы стараемся не паказваць гэтага, але ўпотай уся наша ўвага зараз - на ржавым вядры, што вісіць на перакладзіне з краю вогнішча. Наш гаспадарлівы Козел паўгадзіны таму прырэзаў недалёка ад лагера пакалечанага каня і цяпер завіхаецца вакол вядра, вузкай лапатачкай, выструганай з арэхавай палкі, здымае пену з кіпячага варыва... Вогнішча ўжо пагасла, калі да нас наблізіліся двое: плячысты партызан у скураной куртцы і дзяўчына з санітарнай сумкай. Абое былі, здаецца, з атрада імя Фрунзе: ён - Мікалай Вайцэховіч, яна - Валянціна Быкава. Мы разгаварыліся, прапанавалі паесці. Мікалай падчапіў сваёй фінкай кавалак каніны і сеў пад сасной, а Валянціна ўзялася агледзець Таццяну.

 - Здаецца, у вашай радысткі не самы цяжкі выпадак: куля прайшла недалёка ад пазваночніка, але ён не закрануты. І, канешне, ёй патрэбны шпіталь! - сказала яна.

Пасля таго як Валянціна перамяніла мокрыя і брудныя бінты ў Максімава, той павесялеў.

 - Так, трэба пашукаць больш надзейнае месца для лагера, - згадзіўся ён з маёй прапановай, і мы рушылі ўглыб лесу...

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Віктар ГРАМЫКА,

 народны мастак Беларусі