Лісты мужных

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

У кожнай перамогі ёсць свой падмурак. Так, вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944-га папярэднічала самаахвярнае процістаянне ворагу велізарных сіл рэгулярнай Чырвонай Арміі, а таксама падпольшчыкаў і партызан.

Паспрабаваць зразумець падзеі таго часу можна, і найперш - праз выстаўку "Бітва за Беларусь: верасень 1943 - ліпень 1944 гг.", прысвечаную 65-годдзю стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён", што распачалася 23 чэрвеня. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтаваў дэталёвую інфармацыю пра комплекс ваенных аперацый, дзякуючы якім адбыліся разгром групы армій "Цэнтр" і выгнанне акупантаў з тэрыторыі рэспублікі. Галоўная ўвага на выстаўцы нададзена не столькі паказу баявых дзеянняў, колькі расповеду пра подзвігі і лёс чалавека на вайне. Менавіта таму ў аснову экспазіцыі пакладзена калекцыя лістоў палявой пошты, якая ўпершыню будзе прадстаўлена для шырокага паказу. Унікальныя асабістыя дакументы - пісьмы тых франтавікоў, што загінулі ў баях за вызваленне Беларусі, - з'яўляюцца эмацыйным складнікам выстаўкі, своеасаблівай кульмінацыяй праекта. Больш як паўстагоддзя таму, відаць, ні аўтары гэтых лістоў, ні іх родныя не думалі, што калісьці гэтыя запісы стануць гістарычнымі крыніцамі і дадуць магчымасць вачыма салдата ўбачыць атмасферу вайны, пераможных баёў, даведацца пра мары і планы змагароў на будучае. Ды і як могуць пакінуць абыякавымі лісты да дзяцей, шчымлівыя радкі да каханых? Таксама на выстаўцы традыцыйна прадстаўлена і франтавая перыёдыка, сатырычныя лістоўкі і плакаты, фотаздымкі, што адлюстроўваюць шлях вызвалення ад фарсіравання Дняпра. Не менш каштоўныя і франтавыя малюнкі, якія калісьці былі прадстаўлены на творчай выстаўцы байцоў 3-га Беларускага фронту. Не абышлося і без баявых артэфактаў: інжынернасапёрнага абсталявання, зброі, а таксама амуніцыі - тэхнічнага складніка Вялікай Перамогі. Але сярод усіх гэтых экспанатаў вылучаецца яшчэ адзін, ці не самы сімвалічны, - копія Акта аб капітуляцыі ад 8 ліпеня 1944 года, падпісанага выконваючым абавязкі камандуючага групіроўкі нямецкіх армій "Цэнтр" Мюлерам. Менавіта пасля яго падпісання 35 тысяч гітлераўцаў здаліся ў палон і ўдзельнічалі ў славутым парадзе на Чырвонай плошчы Масквы. І, думаецца, нікога не пакінуць абыякавым позіркі юнакоў і дзяўчат са старых фотакартак, якія загінулі,