Праграмы і аб’ёмы полацкіх фрэсак

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

На Беларусі шмат месцаў, дзе, без перабольшвання, ажывае даўніна. Але толькі тут — на скрыжаванні цывілізацый і гістарычных эпох — так абвострана адчуваецца повязь стагоддзяў, духоўнае адзінства чалавека і сусвету. Ды і як можа быць іначай, калі месца для ўзвядзення Спаса-Праабражэнскай царквы было вызначана святой Еўфрасінні Полацкай, паводле жыція, праз Анёла Божага? Сёння гэты храм, як вядома, з’яўляецца помнікам як архітэктуры, так і мастацтва, бо поруч са старадаўнімі мурамі надзвычайную каштоўнасць для сусветнай культуры ўяўляюць унікальныя фрэскі, што ўжо цягам амаль 850 гадоў захоўваюць духоўныя сімвалы, закладзеныя вялікай асветніцай беларускай зямлі. Не выпадкова чарговым прэтэндэнтам ад нашай краіны на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO з’яўляецца, у тым ліку, і Спаса-Праабражэнская царква.

/i/content/pi/cult/214/2646/14-2.gif
 /i/content/pi/cult/214/2646/14-1.gif
 /i/content/pi/cult/214/2646/14-3.gif

 Тым не менш, за гэты час на роспісах ХІІ ст. з'явіліся надрапаныя надпісы езуітаў, некалькі слаёў ХІХ ст. ды куродым ад свечак. Таму на дадзены момант асноўная ўвага рэстаўратараў звернута менавіта на наданне ўнутранаму абліччу царквы першаснага выгляду. Дарэчы, першыя спробы гэта здзейсніць, хоць фрагментарна, былі зроблены яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя, пасля чаго доўгі час старажытныя фрэскі станавіліся даступныя для мастацтвазнаўцаў выключна па невялікіх зандажах і ўчастках самараскрыцця. Толькі з набыццём Беларуссю суверэнітэту працэс рэстаўрацыі фрэсак набыў зусім іншы - планамерны і сістэматычны - характар. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксаны Сматрэнка, праграма работ па рэстаўрацыі насценных роспісаў, што доўжыцца на працягу амаль дваццаці гадоў, забяспечвае раскрыццё фрэсак XII ст., якое адбываецца пасля расчысткі ад сажы, пабелак, а таксама расслаенне верхніх пластоў жывапісу з іх максімальным захаваннем і кансервацыяй у мэтах далейшага экспанавання. Распачаў гэтыя работы мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі. Менавіта ім выканана рэстаўрацыя фрэсак у барабане, у цэнтральнай апсідзе, алтарных слупах, іншых месцах храма. У цэлым ён адкрыў каля 150 квадратных метраў унікальных роспісаў, а таксама вызначыў агульную плошчу фрэсак. У 2007 годзе разам з беларускімі спецыялістамі прадпрыемства "Мінскрэстаўрацыя" работы ў храме праводзіла брыгада мастакоў-рэстаўратараў з Расіі, якую ўзначаліў вядомы знаўца старажытных фрэсак Уладзімір Сараб'янаў. Па словах ігуменні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра Еўдакіі, Сараб'янаў не толькі якасна рэстаўраваў фрэскі, але і дакладна вызначаў па фрагментах постаці святых. Апрача гэтага, па выніках сваёй працы ён выдаў кнігу, аздобленую адкрытымі фрэскамі.

Антычныя сродкі сучасных рэстаўратараў

Важна адзначыць, што аднаўленне сярэднявечнага манументальнага жывапісу працягваецца па вызначанай методыцы: расчыстка роспісаў ад бруду, сажы, позніх пластоў тынкоўкі і ўмацаванне выяўленых элементаў кампазіцый.Як адзначыла Аксана Сматрэнка, нягледзячы на тое, што цяпер існуе мноства спосабаў замацавання маляўнічага пласта фрэсак з дапамогай хімічных прэпаратаў, у Спаса-Праабражэнскай царкве рэстаўратары ўжываюць старажытныя тэхналогіі, напрыклад, выкарыстоўваюць яечны жаўток, які мастакі дадавалі ў фарбы з часоў антычнасці. Сёння рэстаўратарамі ў жаўток уводзіцца спецыяльны раствор, дзякуючы чаму ён становіцца біялагічна ўстойлівым, а старажытныя фарбы аднаўляюць сваю трываласць. Па словах рэстаўратараў, раскрыта амаль трэцяя частка роспісаў з 700 квадратных метраў насценнага жывапісу. Такім чынам, для завяршэння работ трэба прыкласці яшчэ шмат намаганняў. І таму надзвычай важна, каб у іх прымалі ўдзел менавіта вопытныя спецыялісты, якія без шкоды для старажытнага храма раскрывалі б усе яго таямніцы. Апошніх, ужо сёння можна сказаць, багата. Як зазначаюць рэстаўратары, у Спаса-Праабражэнскім храме адкрываюцца такія рэчы, якіх няма нідзе ў свеце. Ёсць шэраг кампазіцый, унікальных па сваім размяшчэнні ў сістэме размалёўкі царквы. Напрыклад, евангельскі сюжэт Стрэчання - занясенне немаўляці Ісуса ў храм і вяшчунства ягоных пакут - звычайна размяшчаецца на сценах і з'яўляецца адным са шматлікіх у храналагічным шэрагу жыцця Хрыста. У Спаса-Праабражэнскай царкве ён знаходзіцца на слупах абапал алтара. Ідэю ахвярнасці нясе незвычайная кампазіцыя сюжэта пра ўезд Хрыста ў Іерусалім. Пры гэтым адна частка кампазіцыі знаходзіцца ў ахвярніку, а другая - у агульнай прасторы храма. Як падкрэсліла ў размове з карэспандэнтам "К" ігумення Еўдакія, у роспісах на малой плошчы гарманічна адлюстраваны сюжэты Евангелля, вобразы святых, іх жыціі, і, самае галоўнае, у фрэсках храма адчуваецца дынаміка. Так, на апсідзе разгорнуты наступны сюжэт: Іаан Златавуст піша пасланне да народа, апостал Павел яго настаўляе, будучы святы Прокл глядзіць праз шчыліну ў акенцы. У працяг сюжэта адлюстраваны сон манахаў, што сімвалізуюць асвету, ад іх жа ідзе струмень Божай ласкі, якую п'е чалавек. Ён стаіць трохі далей. Вялікую цікавасць уяўляюць фрэскі келлі святой, і ў прыватнасці, выява самой Еўфрасінні Полацкай,якая трымае ў руках мадэль храма. Па меркаванні рэстаўратараў, фрэскі тут уяўляюць адасоблены і цэласны ансамбль, што валодае сваёй уласнай праграмай, не звязанай з асноўным аб'ёмам сабора, і, без сумненняў, адрозніваецца ад яго па часе стварэння.

 Новая аснова для ХІХ стагоддзя

 Па захаванасці першапачатковых роспісаў сярод помнікаў манументальнага жывапісу Кіеўскай Русі Спаса-Праабражэнскую царкву можна параўнаць хіба што з ансамблямі Сафіі Кіеўскай і сабора Міражскага манастыра ў Пскове. Аднак сёння існуе небяспека для захавання фрэсак. Як адзначыла ігумення Еўдакія, ад перападу тэмператур адбываецца асыпанне верхніх роспісаў ХІХ ст., што наносіць шкоду першасным фрэскам. Тым не менш, уласнымі сіламі манастыра праводзіцца нагляд за тэмпературным рэжымам. І хоць пры будаўніцтве не прадугледжвалася ацяпленне храма, усё ж зімой, падкрэсліла ігумення Еўдакія, каб не было істотных перападаў, пад кантролем выкарыстоўваюцца нават абагравальнікі. У той жа час, кожны з жывапісных слаёў, пераканана ігумення, - гэта гісторыя манастыра, таму і роспісы ХІХ ст., якія добра захаваліся, нельга страціць. Тым больш зараз, дзякуючы тэхналогіі, выпрацаванай і апрабаванай Уладзімірам Ракіцкім, ёсць магчымасць гэты жывапіс адслойваць і пераносіць на новую аснову для далейшага экспанавання ў запланаваным музеі манастыра. *** Сёння пытанні аднаўлення фрэскавага жывапісу разглядаюцца ў комплексе з работамі па рэстаўрацыі будынка царквы. Таму ў бліжэйшых планах спецыялістаў, па словах навуковага кіраўніка праекта рэстаўрацыі Генадзя Лаўрэцкага, - аднаўленне першаснага ўзроўню падлогі храма прыкладна на паўметра. У сувязі з гэтым мяркуецца засыпаць створаную ў больш позні час крыпту, што дазволіць зменшыць вільготнасць у памяшканні і, хочацца верыць, дапаможа раскрыць новыя фрэскі ХІІ ст. Пасля правядзення ўсіх аднаўленчых работ храм мусіць захаваць свае ранейшыя функцыі і, разам з тым, пацвердзіць свой статус сусветна вядомага аб'екта на турыстычнай карце Беларусі. Для гэтага сёння, нават у складаных эканамічных умовах, неабходна дастатковае і своечасовае фінансаванне якаснай рэстаўрацыі.