Эфект кроку ў сталіцу

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Валянціна ЛУЗІНА — член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД— была адным з ініцыятараў нядаўняй прэзентацыі Ашмянскага раёна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах Года роднай зямлі. Да абрання ў заканадаўчы орган краіны Валянціна Міхайлаўна шмат гадоў працавала намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта па праблемах развіцця сацыяльнай сферы. Якраз шматграннасць развіцця апошняй на прыкладзе асобна ўзятага раёна і прадэманстраваў новы праект. Прычым, на думку Валянціны Лузінай, Ашмянскі раён не выпадкова стаў першым: “Гісторыка-культурная спадчына Ашмянскага краю — гэта калейдаскоп падзей, суквецце імёнаў, багацце асоб і постацей, якімі ганарымся не толькі мы, але і ўся краіна і нават Еўропа”. Пра Ашмянскую зямлю ў кантэксце сталічнай прэзентацыі і развіцця сацыякультурнай сферы і разважае Валянціна Міхайлаўна.

/i/content/pi/cult/214/2644/13-1.gif

 Упершыню прэзентавалі раён

 - Павінна адразу адзначыць адметнасць гісторыка-культурнага праекта, які атрымаў назву "Скарбы роднага краю: Ашмяншчына". Упершыню ў сталіцы, у сценах "дыямента" ведаў - Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прэзентаваны асобна ўзяты раён. Адбылася гэта падзея менавіта ў Год роднай зямлі, важнасць правядзення якога яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт краіны ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Безумоўна, праект не мог узнікнуць сам па сабе. Згадваю, як напрыканцы мінулага года Ілля Свірын распавёў на старонках вашай газеты аб працы ўстаноў культуры ў Ашмянскім раёне, творчае стаўленне да справы работнікаў галіны. Такія адносіны, на маю думку, - першая перадумова для ўзнікнення падобнага праекта. Па-другое, гэта- непаўторнасць, унікальнасць нашай малой радзімы. Па-трэцяе - важкасць, разнастайнасць гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна. Ідэя прэзентацыі Ашмяншчыны ў сталіцы перажыла і значную трансфармацыю. Скажам, першапачаткова меркавалася толькі выстаўка ў сувязі з выданнем "Гіпікі" Дарагастайскага, потым прыйшла ідэя адзначыць выдавецкую дзейнасць раёна наогул. Але калі 2009-ы быў абвешчаны Годам роднай зямлі, мы вырашылі пашырыць межы задумы. Такім чынам ідэя ўвасобілася ў шматгранны праект, які ажыццявілі ашмянцы і спецыялісты НББ. Праграма праекта "Скарбы роднага краю: Ашмяншчына" ўвабрала ў сябе багаты змест. У галерэі "Ракурс" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася цырымонія прэзентацыі, у "Атрыуме" працавала выстаўка вырабаў дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва "Творчасць і прыгажосць", падрыхтаваная Цэнтрам пазашкольнай работы, а галерэя "Мабільная" прэзентавала літаратурныя і мастацкія каштоўнасці рэгіёна: кніжную экспазіцыю "Ашмяншчына на карце Беларусі", падрыхтаваную Цэнтральнай раённай бібліятэкай, паказ работ Валерыя Дубоўскага, Тамары Філіповіч. Захапленне наведвальнікаў выклікала персанальная выстаўка карцін члена Беларускага саюза мастакоў Сяргея Шэмета "Пра Бацькаўшчыну - з любоўю"... Таму, думаецца, сваю зямлю мы прэзентавалі годна і адметна.

 Традыцыя: знак пасля Чытанняў

 - Шлях да ўвасаблення нашай ідэі аказаўся даволі працяглым. Ён уключаў сістэматызацыю рэгіянальных гістарычных ведаў, адкрыццё імёнаў невядомых асоб мінуўшчыны. У 2005 годзе разам з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мы зладзілі Першую Міжнародную канферэнцыю, прысвечаную 600-годдзю дынастыі Ягелонаў. Чаму менавіта на Ашмяншчыне? Бо родапачынальніца слыннай еўрапейскай фаміліі - ураджэнка нашых мясцін Соф'я Гальшанская. Пасля паспяховага правядзення першай канферэнцыі вырашылі штогод ладзіць Гальшанскія чытанні. Аднак адметнасць гэтай канферэнцыі - у формах падрыхтоўчай і наступнай за Чытаннямі работы. Пасля кожнага мерапрыемства павінна застацца матэрыяльна ўвасобленая памятка ў рэгіёне. Ужо ўстаноўлены знакі беларускай князёўне і каралеве Польшчы Соф'і Гальшанскай - у 2006 годзе, пункту Тупішкі геадэзічнай Дугі Струвэ - аб'екту сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны - у 2007 годзе, экіпажу расійскага самалёта "Ілля Мурамец", што па-геройску загінуў каля Барунаў у час Першай сусветнай вайны, - у 2009 годзе.

 Навука, турызм і анімацыя

 - ІІІ Гальшанскія чытанні, пасля якіх быў устаноўлены апошні з названых памятных знакаў, прысвячалісястаражытным замкам і сядзібам Ашмяншчыны. Напярэдадні райвыканкам і выдавецтва "Юніпак" выдалі турыстычны праспект. Ён адлюстроўвае нашы гісторыка-культурныя каштоўнасці, на якіх грунтуюцца турыстычныя маршруты. Адметнасцю Чытанняў бягучага года стала азнаямленне іх удзельнікаў з цікавым вопытам ужывання анімацый у турызме маладымі энтузіястамі, якія набылі і выкарыстоўваюць старую сядзібу шляхецкага роду Карчэўскіх у Бянюнах. Юліян Карчэўскі - таленавіты мастак, вядомы не толькі ў Беларусі, aле і ў краінах Еўропы. Аматары з Бянюнаў праводзяць цікавыя імпрэзы, дзе гучыць валынка-дуда, ладзяць майстар-класы, вучаць турыстаў старажытным танцам... Адзначу, што людзей прыязджае шмат, таму лічу: за анімацыйнымі тэхналогіямі- будучыня турызму.

Крэатыўная і шматпрофільная

 - Пад час падрыхтоўкі і рэалізацыі праекта прэзентацыі раёна не засталася па-за ўвагай і выдавецкая справа. Ёй паспяхова займаецца, найперш, Цэнтральная раённая бібліятэка. Дарэчы, у 2005 годзе наша ЦРБ першай на Гродзеншчыне атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Трэба сказаць, што гэты бібліятэчны калектыў валодае высокай крэатыўнасцю, працуе плённа і творча. I таму паказаць у Мінску свае напрацоўкі для іх сталася вялікім гонарам. Бібліятэка выдала шмат літаратуры пра таленавітых, слынных нашых землякоў, паказала гістарычны шлях Ашмяншчыны. На прэзентацыі ў НББ прадстаўлены, у тым ліку, і шматлікія выданні, бібліяграфічны ўказальнік літаратуры да 725годдзя Гальшанаў, кнігі мясцовых паэтаў: Анатоля Вішнеўскага, Пятра Шаколы, Рамуальды Ануфрыевай. Ашмянская зямля вылучаецца выдавецкімі традыцыямі, што закладваліся яшчэ Дарагастайскім у мураванаашмянкаўскай друкарні, руіны якой захаваліся да нашага часу. Паводле думкі некаторых даследчыкаў, менавіта тут была надрукавана "Гіпіка, або Кніга пра коней", упершыню ў 2007 годзе перакладзеная на беларускую мову тагачасным рэдактарам аддзела гісторыі і краязнаўства газеты "Культура" Святланай Ішчанка. Значны ўнёсак у працяг традыцый маршалка ВКЛ робіць Валерый Дубоўскі. Так атрымалася, што многія нашыземлякі таксама займаюцца кнігавыданнем. Маю на ўвазе старшыню праўлення навукова-вытворчай кампаніі "Тэхналогія" Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Вацлава Багдановіча, дырэктара РУП "Выдавецтва "Адукацыя і выхаванне" Мікалая Супрановіча...

Магутныя карані - дрэва трывалае

 - Мусіць, складнік гонару любога рэгіёна - знакамітыя землякі. Скажам, адзін з аўтараў праекта будынка Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Крамарэнка- выхаванец Ашмянскай сярэдняй школы №1. Нашыя землякі - гэта і дэпутат Дзяржаўнай Думы Расіі Франц Клінцэвіч, былы камандзір атамахода "Пётр Вялікі" расійскага флоту Яўген Добрышаў, алімпійскі чэмпіён па гандболе Андрэй Барбашынскі. А ў нашай пракаветнай гісторыі ёсць імёны Соф'і Гальшанскай і святой праведнай Іуліяніі, Чэслава Янкоўскага, Зігмунда Мінейкі, Сымона Рак-Міхайлоўскага... Творы, прысвечаныя Ашмяншчыне, ёсць у спадчыне Францішка Багушэвіча і Уладзіміра Караткевіча, Фердынанда Рушчыца і Юліяна Карчэўскага... Усё гэта, лічу, мы годна прэзентавалі праектам "Скарбы роднага краю: Ашмяншчына" ў межах Года роднай зямлі. На мой погляд, будучыня - у павазе да каранёў. Магутныя карані- дык і дрэва трывалае, не баіцца аніякіх выпрабаванняў і крызісаў. Прэзентацыя сталася яшчэ адным крокам наперад да эфектыўнага развіцця рэгіёна. Ён - своеасаблівая цаглінка, што, у шэрагу іншых, стварае падмурак прыгожай, моцнай і квітнеючай Беларусі.

Наталля БАДЗІЛОЎСКАЯ

 Фота Юрыя ІВАНОВА