Вёска, што дала назву і прытулак фестывалю, адметная зусім не камарамі (пад час усяго свята можна было заўважыць хіба вялізных металічных камароў- плён кавальскага майстэрства), а "камароўскім" стаўленнем да жыцця: маўляў, калі з'яўляюцца думкі пра марнасць асабістых намаганняў, узгадайце "эфектыўнасць працы" аднаго маленькага камарыка ў цёмным пакоі. Такімі "камарыкамі", што не даюць усёй вёсцы "спаць", сталі некалькі мясцовых жыхароў, якія адкрылі тут першы на Беларусі Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва, што пачаў аказваць жадаючым кансультацыйную дапамогу. У вёсцы з'явіліся пякарня, уласная гідраэлектрастанцыя, адноўлены старадаўні графскі парк (калісьці ў гэтых мясцінах быў маёнтак Хамінскіх-Старжынскіх), плануецца стварэнне рамесных майстэрань, кузні. У рэгіёне, славутым сваімі азёрамі, добра развіваецца аграэкатурызм, узнікла шмат сядзіб. І вырабы народных майстроў, што становяцца для замежных турыстаў узятай з сабой "часцінкай краіны", тут асабліва запатрабаваны. Больш за палову жыхароў вёскі складаюць навучэнцы Свірскага сельскагаспадарчага каледжа, і такое спалучэнне "бабуліных запаветаў" з маладзёжнымі кірункамі - адно з найбольш перспектыўных. Як, дарэчы, і спалучэнне культуры з эканомікай. Бо развіццё народных рамёстваў дапамагае не толькі захаваць і прадоўжыць нацыянальныя традыцыі, але і атрымаць дадатковыя грошы. Невыпадкова і сёлетні "круглы стол" быў прысвечаны эканамічным складнікам правядзення святаў і фестываляў у малых гарадах і мястэчках, погляду на фестывальны рух як на дадатковы рухавік эканомікі, які, да ўсяго, стварае адметны "брэнд" кожнага з рэгіёнаў.
Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: ганчар Сяргей Шчэрба.
Фота аўтара