Ад Дзвіны да Даўгавы

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

У Верхнядзвінску прайшоў чарговы дзіцячы рэгіянальны фестываль мастацтваў “ДвинаДзвіна-Daugava”.

/i/content/pi/cult/214/2638/12-1.gif

 Арганізатарамі гэтага значнага мерапрыемства выступілі аддзел культуры Верхнядзвінскага райвыканкама, Дзіцячая школа мастацтваў, раённы Дом культуры. У межах фестывалю працавалі выстаўка работ юных мастакоў Верхнядзвінскай ДШМ "На хвалях натхнення", выстаўка народных майстроў Дома рамёстваў. Кульмінацыяй мерапрыемства стаўся гала-канцэрт "Ззянне" з удзелам калектываў дзіцячых і юнацкіх тэатраў мод з трох дзяржаў: Беларусі, Расіі і Эстоніі. Таксама для кіраўнікоў тэатраў мод, якія прыехалі на фестываль, зладзілі семінар пры дапамозе мясцовых спецыялістаў культуры і прадстаўнікоў Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. На семінары былі арганізаваны майстар-класы Марыны Алекс, кіраўніка тэатра моды з Масквы, і Таццяны Сыраватнікавай, кіраўніка народнага дзіцячага тэатра "Вобраз" Верхнядзвінскай ДШМ. Фестываль доўжыўся толькі адзін дзень і напрыканцы яго былі падведзены вынікі і ўручаны ўзнагароды ўдзельнікам. У намінацыі "Калейдаскоп фантазіі" дыпломам і кубкам была адзначана студыя моды і танца "Арабеск" (Талін). Трэцяе месца журы прысудзіла народнаму тэатру моды "Стыль" (Віцебск) за прадстаўленне калекцый "Славянскі базар" і "Парадны ўваход", другое месца - узорнаму тэатру моды "Топ-Топ" (Наваполацк) за прадстаўленне калекцый "Жаклін" і "Лоліпоп". Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў узорны тэатр авангарднай моды "Gold Star" (Орша) з калекцыямі "Мегаполіс" і "Кубік Рубіка". А першае месца падзялілі паміж сабой адразу два калектывы. Дыпломы за перамогу і каштоўныя падарункі атрымалі Тэатр моды Марыны Алекс (Масква) ды народны дзіцячы тэатр "Вобраз" (Верхнядзвінск).

Святлана ПАЦЯНКОВА,

галоўны рэжысёр Віцебскага АМЦНТ

На здымку: узорны тэатр авангарднай моды "Gold Star" (Орша).