Семінар найноўшых тэхналогій

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

23 чэрвеня Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” праводзіў чарговы творчы семінар для культасветнікаў “Роля абласных і раённых метадычных цэнтраў народнай творчасці ў развіцці аматарскага мастацтва і народнай творчасці”.

Як распавяла "К" каардынатар семінара, намеснік начальніка аддзела ўстаноў культуры і народнай творчасці Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Лілія Жмачынская, мерапрыемства прымеркавана да 70-годдзя з часу стварэння абласных метадычных цэнтраў. На семінар з'ехаліся прыкладна 60 удзельнікаў з усіх абласцей Беларусі: дырэктары, метадысты абласных, раённых, гарадскіх метадычных цэнтраў народнай творчасці, раённых і гарадскіх дамоў культуры па арганізацыі аматарскай творчасці. З дакладамі выступілі спецыялісты Міністэрства культуры, выкладчыкі БДУКіМ, а таксама ўдзельнікі семінара, якія падзяліліся з прысутнымі сваім вопытам работы. Такое шырокае кола акрэсленых пытанняў, якія выносіліся на семінар, разглядалася ўпершыню за апошнія гады. Удзельнікі мелі магчымасць звярнуць увагу на розныя аспекты: павышэнне ролі абласных і раённых метадычных цэнтраў народнай творчасці ў развіцці аматарскага мастацтва, актуальныя праблемы і шляхі аптымізацыі развіцця аматарскай творчасці, ролю фестывальна-відовішчных акцый у развіцці аматарскага мастацтва, фінансавае забеспячэнне і нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгулююць дзейнасць аматарскага мастацтва ў краіне. Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікаў даклад Аляксандра Шыфрына, начальніка аддзела мультымедыйных тэхналогій ІПКіПК "Метадычнае суправаджэнне падрыхтоўкі мультымедыйнай прэзентацыі аматарскага калектыву", які даводзіў пра належную рэкламу дзейнасці культработнікаў пры дапамозе сучасных інфармацыйных тэхналогій. А ў фае ў час семінара была арганізавана выстаўка сцэнарна-метадычных матэрыялаў, рэпертуарнай літаратуры ў дапамогу кіраўнікам аматарскай творчасці.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ