Сугучна з Жаннай д’Арк

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Пра тое, што мастак застаецца ўтоеным дзіцем куды ў большай меры, чым любы іншы дарослы, нават казаць залішне. Адсюль і цікавасць да дзіцячай тэматыкі. Але ж выстаўку “Бэбі-бум”, якая прайшла ў галерэі “Універсітэт культуры”, інфантыльнай не назавеш — і ў плане арганізацыі (праект падтрымала Беларускае прадстаўніцтва ААН), і паводле мастацкага ўзроўню работ яна атрымалася цалкам “дарослай”. Прычым гэта зусім не перашкодзіла выяўленню той непасрэднасці светабачання, якая робіць дзяцінства самым цікавым перыядам жыцця чалавека.

 /i/content/pi/cult/214/2634/9-1.gif
 Т.Сугінт. "Жанна д'Арк".

 Дырэктар галерэі і куратар праекта Дзяніс Барсукоў пазіцыянаваў яго як "народны": не ў плане заніжаных крытэрыяў адбору, якія дазвалялі б выставіцца кожнаму ахвотнаму, а таму, што экспазіцыя была адрасавана не толькі вузкаму колу аматараў мастацтва. У ёй знайшлося месца і для арыгінальных цацак - механічнага бычка і зробленай з сарака нажоў сараканожкі ў выкананні Таццяны Гомза. Адпаведна, маладыя бацькі не мусілі думаць, з кім пакінуць сваіх дзетак, каб наведаць гэтую выстаўку: малыя знаходзілі тут чым заняцца.

Спіс удзельнікаў праекта не стракаціць імёнамі мэтраў ды проста "заўсёднікаў" выставачных залаў. І ў гэтым - ягоная перавага. Кожны крок, зроблены па галерэі, прыводзіць да новых адкрыццяў. Чаго вартая, скажам, па-магрытаўску самнамбулічная манера Марты Шматавай. Або ўдалыя стылізацыі пад дзіцячую творчасць Ганны Сілівончык. Або складаная і цяжкая праца Алеся Суворага, адметная і сваёй эстэтыкай, і тэхнікай выканання. Не кажучы ўжо пра амаль парадаксальнае (але ўсё ж арганічнае) спалучэнне рэалістычнай выразнасці і фантасмагарычных сюжэтаў у работах Стаса Сугінтаса... У нечым сугучны з імі і бадай самы запамінальны вобраз гэтай выстаўкі - "Жанна д'Арк" Таццяны Сугінт.

Нягледзячы на адносна малы памер экспазіцыі, гэты пералік можна доўжыць. Адметнасць галерэі ў тым, што, поруч з прафесіяналамі, у ёй могуць выставіцца і тыя, хто гэтага дыпламаванага статуса яшчэ не набыў. Бадай, самае арыгінальнае "выказванне" на "дзіцячую" тэму належыць студэнту БДАМ Васілю Зянько: у сваім трыпціху ён жывапісуе працэсы фертыльнасці. Ды і фотаработынаймаладзейшых удзельнікаў выстаўкі - навучэнцаў Рэспубліканскага каледжа мастацтваў Настассі Корзун і Стаса Герасімовіча - не падаюцца празмерна "вучнёўскімі".

 /i/content/pi/cult/214/2634/9-3.gif
М.Сташулёнак. "Арэлі".  

Амаль для ўсіх удзельнікаў праекта характэрна, прынамсі, адна агульная рыса: спалучэнне "тэхнічнага" майстэрства, засвоенага ў адпаведных творчых ВНУ Беларусі, з памкненнем выяўляць у творчасці ўласны ўнутраны свет - крохкі, эфемерны і невытлумачальны. Як і само дзяцінства. Некаторыя з імёнаў аўтараў, паўтаруся, даводзілася сустракаць упершыню, іншыя ж ужо паспелі звярнуць на сябе ўвагу - дзякуючы папярэднім выставачным праектам галерэі "Універсітэт культуры". Апошняя паслядоўна ўвасабляе ўласную канцэпцыю: рабіць стаўку на новыя, "нераскручаныя" імёны. І ўжо паспела сфарміраваць уласны "актыў аўтараў". Займеўшы, тым самым, унікальны адрас на культурнай карце Беларусі.

 Ілля СВІРЫН