“Мэтавікі” з гарантыяй

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Сёлета Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў развітаўся з 15 уладальнікамі дыпломаў, якія навучаліся па мэтавым наборы. На змену ім пасля ўступных іспытаў пасведчанні студэнтаў атрымаюць ажно 32 “мэтавікі”: для іх зарэзервавана прыкладна 20% месцаў ад агульнага плана набору. І сумнявацца ў тым, што ўсе гэтыя месцы будуць запоўнены, сёння не выпадае. Лік заявак з рэгіёнаў ужо перавысіў сотню. Хаця яшчэ зусім нядаўна складвалася трохі іншая сітуацыя — у нечым нават парадаксальная. Ахвотных паступаць ва універсітэт па агульных правілах ніколі не бракавала, а вось месцы, прызначаныя для мэтавага набору, часам увогуле заставаліся вакантнымі.

- Прычына ў тым, што на гэтыя месцы адсутнічалі заяўкі з рэгіёнаў,- кажа першы прарэктар БДУКіМ Юрый Бондар. Чаму? Пра гэта трохі пазней. А пакуль адзначым відавочнае: Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 243 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы", які быў падпісаны 12 мая 2009 года, сваёй мэты дасягнуў. ...

/i/content/pi/cult/214/2628/6-1.gif

І да ўсяго - стыпендыя з надбаўкай

Галоўных інавацый, якія прыўнёс Указ Кіраўніка дзяржавы ў правілы мэтавага набору, прынамсі, дзве. Цяпер паняцце мэтавага набору тычыцца не толькі жыхароў сельскай мясцовасці, але і тых малых гарадоў, насельніцтва якіх не перавышае 20 тысяч чалавек.

- Лічу гэтае рашэнне вельмі слушным, - кажа начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец. - Ужо сёлета яно прынесла канкрэтныя вынікі: лік ахвотнікаў паступаць па мэтавым наборы ўзрос. Але, з іншага боку, абітурыенты ВНУ, якія падпішуць сёлета дамовы аб мэтавым навучанні, у будучыні мусяць адпрацаваць на сваім першым працоўным месцы не два гады, як раней, а цэлых пяць. У сярэднеспецыяльных навучальных установах гэты тэрмін на два гады меншы.

- Не думаю, што гэтыя змены прымусілі кагосьці з абітурыентаў адмовіцца ад сваіх планаў, - каменціруе Анатоль Сінкавец. - Бо "мэтавік" ад пачатку настройваецца на тое, што ён вернецца працаваць дахаты. Менавіта працаваць, а не адпрацоўваць размеркаванне. Магчыма, гэтая інавацыя зменшыла б энтузіязм абітурыентаў, калі б яна не ішла ў комплексе з сур'ёзнай даважкай - цэлым пакетам сацыяльных гарантый. Малады спецыяліст можа разлічваць не толькі на першае месца працы, але і на вырашэнне жыллёвых умоў, павышэнне тарыфнага акладу на 50%, а ў першыя два гады - яшчэ і на спецыяльныя надбаўкі.

 - Сапраўды, вельмі важна падмацаваць вынікі мэтавага набору, а зрабіць гэта можна толькі прадаставіўшы маладому спецыялісту сацыяльныя гарантыі, і ў першую чаргу - вырашыўшы праблему з жыллём, - лічыць начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк. Зрэшты, многіх прываблівае нават не тое, што будзе ўжо пасля атрымання дыплома, а сама магчымасць атрымаць яго "спрошчаным" спосабам. Наколькі яна справядлівая? Думаецца, гэтае пытанне цішком задаюць сабе многія абітурыенты, вымушаныя паступаць па агульных правілах.

- Узровень падрыхтоўкі абітурыентаў з сельскай мясцовасці і малых гарадоў сёння на парадак ніжэй, чым выпускнікоў школ Мінска або абласных цэнтраў, - прызнаў Юрый Бондар. - Вядома, гэта не аксіёма, але калі казаць пра тэндэнцыю - яна менавіта такая. І таму лічу цалкам справядлівым, што "мэтавікі" не ўдзельнічаюць у агульным конкурсе, а спаборнічаюць толькі паміж сабой. Рашэннем рэктарата БДУКіМ, усе "мэтавікі" гарантавана патрапяць у лік тых 87% студэнтаў універсітэта, якія забяспечаны месцамі ў інтэрнаце, і атрымаюць 10% надбаўкі да стыпендыі. Здавалася б, гэтыя прэферэнцыі ўжо нават празмерныя. Ці не будуць на "мэтавікоў" скоса паглядаць "звычайныя" аднагрупнікі, якія мусяць зарабляць надбаўкі да стыпендыі добрай вучобай або грамадскай актыўнасцю?

 - Мы ўсведамляем, што прыярытэтнай задачай для універсітэта сёння з'яўляецца забеспячэнне кадрамі рэгіёнаў, - так патлумачыў гэтае "асаблівае стаўленне" Юрый Бондар. - Бо менавіта там іх найбольш бракуе. Пакуль што мы здатныя забяспечыць хіба палову заявак, якія адтуль паступаюць. Але... Тут узнікае пытанне: ці вернецца "мэтавік" працаваць на малую радзіму? Або ён скарыстаецца з усемагчымых прэферэнцый, а потым "зробіць ручкай" на развітанне?

- Наўрад ці гэта ў яго атрымаецца, - кажа Юрый Бондар. - Указ Прэзідэнта № 243 прадугледжвае і больш сур'ёзную адказнасць выпускніка за выкананне сваіх абавязкаў, пазначаных у дамове, пад якой ён уласнаручна паставіў подпіс. Зрэшты, практыка паказвае, што з "мэтавікамі" праблем у нас не ўзнікае. Не згадаю ніводнага выпадку, калі нам даводзілася б прымушаць кагосьці з іх вяртаць сродкі, затрачаныя дзяржавай на навучанне.

Як не "сысці з дыстанцыі"

 Чаму ж раней такі эфектыўны спосаб вырашэння кадравай праблемы "ў глыбінцы" працаваў не ў поўную сілу?

- Можна сцвярджаць, што некаторыя работнікі культуры на месцах не ставіліся да яго з належнай адказнасцю, - справядліва канстатуе Рыгор Бысюк. - Хаця, без сумневу, многае ад іх залежыць. Многае, але - не ўсё. Спецыялісты, з якімі даводзіласягутарыць на гэты конт, прыводзяць адну і тую ж прычыну: знайсці дастатковую колькасць здольных абітурыентаў, якія б не толькі свядома абралі прафесію культработніка, але і маглі падмацаваць гэты свой выбар добрымі адзнакамі на ўступных іспытах, аказваецца не такой простай справай. Бо поле пошуку было надта звужана - толькі вёскі і аграгарадкі. І атрымаўшы "нездавальняюча" на творчым экзамене, некаторыя абітурыенты-"мэтавікі" аўтаматычна "сыходзілі з дыстанцыі". Прычым не заўсёды яны ў гэтым былі вінаваты.

- Уявім такую сітуацыю, - кажа галоўны спецыяліст упраўлення к у л ь т у р ы Гродзенскага аблвыканк а м а Людміла Лебедзь. - У той ці іншай сельскай школе мастацтваў не першы год - а мо і дзесяцігоддзе - існуе вакансія харэографа. Такая праблема тыповая для Гродзеншчыны, ды, мусіць, і для ўсёй Беларусі. Лепшы спосаб яе вырашэння - не чакаць цуду, а знайсці здольнага хлопца або дзяўчыну з мясцовай моладзі ды накіраваць па асвету. Але ж як абітурыент, не маючы спецыяльнай падрыхтоўкі, можа здаць уступны іспыт - хаця б нават проста на станоўчую адзнаку? Бо авалодаць асновамі танца можна толькі пад кіраўніцтвам прафесіянала. Вось і атрымліваецца зачараванае кола. Вядома, у райцэнтры навучыцца танцаваць усё ж прасцей: хаця б адзін кваліфікаваны харэограф там зазвычай ёсць. І калі гэты спецыяліст з максімальнай адказнасцю возьме на сябе настаўніцкую місію, праз лічаныя гады харэографаў у раёне будзе ўжо два. Такая вось арыфметычная прагрэсія, якая потым, праз ладны адмежак часу, можа стаць і геаметрычнай. Каб не мэтавы набор, шанцы вяскоўцаў і местачкоўцаў паступіць на харэаграфічнае аддзяленне Гродзенскага каледжа мастацтваў былі б невялікімі: конкурс там зазвычай дасягае сямі чалавек на месца, прычым едуць туды, не раўнуючы, з усёй Беларусі. Дзеля таго, каб прабіцца праз гэтае сіта, трэба мець не проста прыродны талент, але і вельмі добрую падрыхтоўку. Зрэшты, па словах Людмілы Лебедзь, здараецца так, што таленты раскрываюцца непасрэдна перад уступнымі экзаменамі - на двухтыднёвых падрыхтоўчых курсах. Таму абітурыентам, якія збіраюцца паступаць па мэтавым наборы, не варта шкадаваць час на падобныя "трэнінгі".

 "Тэатралы" ў фаворы. А бібліятэкары?

Конкурс сярод "мэтавікаў" у БДУКіМ сёлета будзе досыць сур'ёзны: болей за тры чалавекі на месца. Праўда, агледзеўшы гэтую карціну ў дэталях, разумееш, што радавацца пакуль усё ж зарана. Так, на спецыяльнасць "тэатральная творчасць" конкурс касмічны: ажно восем чалавек на месца! Але ж прэтэндэнтаў на адзін студбілет бібліятэчнага факультэта назбіралася... усяго паўтара. Кіраўнікі аматарскіх тэатраў у рэгіёнах і сапраўды ў дэфіцыце, але... Адлюстраваная вышэй тэндэнцыя сведчыць пра тое, што прэстыж адной з самых актуальных у сацыякультурнай сферы прафесій яўна не самы высокі. Начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк мяркуе, што такая сітуацыя - вытлумачальная: моладзь стала больш прагматычнай, яна вылучае іншыя прыярытэты, чым яшчэ гадоў дзесяць - пятнаццаць таму.

 - І настойліва яе заахвочваць абіраць прафесію культработніка сэнсу няма, - лічыць ён. - Калі малады чалавек пойдзе не сваім шляхам, ён усё адно з яго збочыць. Цяпер уся надзея - толькі на падзвіжніка: чалавека, які бачыць сябе толькі ў гэтай прафесіі. Таму задача работнікаў культуры - шукаць энтузіястаў: "нашых людзей", захопленых справай, якія пойдуць вучыцца не толькі для таго, каб атрымаць дыплом. І знайшоўшы - заўважыць, працуючы індывідуальна. Дапамагчы хлопцу або дзяўчыне паверыць ва ўласныя здольнасці і ў тое, што людзям яны сапраўды патрэбны. Па словах Людмілы Лебедзь, прафарыентацыйныя праца ва ўсіх кутках Гродзеншчыны пачынаецца задоўга да "сезона іспытаў", прычым задзейнічаны ў ёй не толькі школы мастацтваў, але і клубныя ўстановы. Менавіта таму першыя ахвотнікі паступаць па мэтавым накіраванні з'явіліся ў вобласці яшчэ ў снежні. Для "мэтавікаў" прадугледжана каля 30 месцаў у "профільных" сярэднеспецыяльных установах вобласці. Дваццаць жыхароў Гродзеншчыны паспрабуюць стаць студэнтамі-"мэтавікамі" БДУКіМ. А неаспрэчным лідэрам па колькасці дасланых ва універсітэт заявак стала Магілёўская вобласць, якая накіравала ажно 38 абітурыентаў. - Гэта вынік той працы, якую вяло ўпраўленне культуры разам з усімі начальнікаміаддзелаў райвыканкамаў, - кажа начальнік абласнога ўпраўлення культуры Анатоль Сінкавец.

- Зрэшты, колькасць абітурыентаў - гэта паказчык "прамежкавы": радавацца будзем, калі даведаемся, што большасць нашых паступілі. І таму цяпер мы актыўна вядзём працу па іх падрыхтоўцы да ўступных іспытаў. У ёй задзейнічаны і нашы сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы. І сапраўды: мэтавае накіраванне сёлета яшчэ зусім не азначае аўтаматычнага паступлення. Жадаючых куды болей, чым месцаў.

 - Мы прааналізуем вынікі сёлетняй кампаніі, і на наступны год, магчыма, выйдзем з прапановай павялічыць квоту "мэтавікоў", - кажа Юрый Бондар. - Паводле новага Указа Прэзідэнта, яна можа складаць да 30% ад кантрольных лічбаў прыёму. ...Ці можа мэтавая падрыхтоўка вырашыць тую праблему з кадрамі ў рэгіёнах, пра якую даводзіцца пісаць ці не ў кожным нумары "К"?

 Анатоль Сінкавец мае на гэты конт аптымістычнае меркаванне:

 - У комплексе з той палітыкай па падрыхтоўцы кадраў, якую праводзіць сёння Міністэрства культуры Беларусі, вынікі гэтых захадаў не прымусяць сябе чакаць. Больш за тое: яны ўжо праяўляюцца.

 Ілля СВІРЫН