Сваёй “Ракой жыцця”

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

У Мінску адбыўся прэм’ерны паказ дакументальнага фільма “Рака жыцця” і творчая сустрэча з яго аўтарам Ігарам Бышнёвым. Стужка была зроблена па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у РУП “Беларускі відэацэнтр”. Карціна працягласцю 51 хвіліны знята з дапамогай самай сучаснай тэхналогіі тэлебачання высокай дакладнасці.

Працу Ігара Бышнёва можна аднесці да жанру філасофска-паэтычнай прыпавесці пра жыццё чалавека, якое параўноўваецца з ракой. Галоўны герой стужкі Анатоль Бухаркін - самабытны мастак, які жыве ў Бярэзінскім запаведніку. Стужка пабудавана не толькі як расповед пра лёс канкрэтнай асобы, але і напоўнена разважаннямі пра сутнасць чалавека і прыроды. Навакольнае асяроддзе - асноўная тэма творчасці Ігара Бышнёва, які выступае таксама і як фатограф. Спецыяліст па арніталогіі, кандыдат біялагічных навук, ён ужо шмат гадоў здымае жывёльны і раслінны свет, з'яўляецца аўтарам навуковых прац, фотаальбомаў, тэлеперадач. Двойчы - за цыкл фільмаў "Апошнія арлы", "У царстве бакланаў і чапляў", "Жабы на дарогах" і за тэлевізійны цыкл "Чарнобыльскія джунглі. 20 гадоў без чалавека" - Ігар Бышнёў атрымліваў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Большасць сваіх стужак рэжысёр зняў разам з аператарам Паўлам Зубрыцкім, з якім працуе і сябруе дзесяць гадоў.
Антон СІДАРЭНКА