Новы цуд — Белавежа!

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

У 2011 годзе мусяць быць названы 7 новых прыродных цудаў свету. У іх лік можа трапіць і наш Нацыянальны парк “Белавежская пушча”.

 Швейцарскі фонд "New 7 Wonders Foundation" рэалізуе праект, мэтай якога з'яўляецца стварэнне Спісу Сямі Цудаў Прыроды. У цяперашні час праводзіцца конкурс, дзе бяруць удзел карыстальнікі Інтэрнета. Першы этап яго завяршыўся ў снежні 2008 года, калі з больш чым 400 аб'ектаў 224 краін у чарговы тур прайшоў 261 удзельнік. Прыродныя дасягненні свету размеркаваны па 7 катэгорыях: ландшафт, астравы, горныя ўтварэнні, вулканы, нацыянальныя паркі, лясы, марскія ўтварэнні.

У гэтым конкурсе бярэ ўдзел таксама шэраг аб'ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны: Нацыянальны парк "Белавежская пушча" (Беларусь, Польшча), рака Днепр (Расія, Беларусь, Украіна), возера Нарач і іншыя. Наступны адборачны этап конкурсу пройдзе 7 ліпеня. Па выніках інтэрнет-галасавання з 261 намінанта адбяруць 77 прэтэндэнтаў. Чарговы адборачны этап прыпадзе на 21 ліпеня, калі вызначыцца 21 удзельнік фіналу.

Для таго, каб Нацыянальны парк "Белавежская пушча" ўвайшоў у фінал, патрэбна, каб аб'ект трапіў у тройку намінантаў. На дадзены момант ён - на 4 месцы. 22 мая быў створаны Афіцыйны камітэт падтрымкі Нацыянальнага парку "Белавежская пушча", куды ўвайшлі намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Слабадчук (кіраўнік камітэта), генеральны дырэктар Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" Мікалай Бамбіза, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Якаў Бухавецкі, дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віктар Янкавенка, прадстаўнікі ўладных структур тых раёнаў, на тэрыторыі якіх знаходзіцца Белавежа. Каб прагаласаваць за наш аб'ект, дастаткова толькі набраць адрас http://www.new7wonders.com, знайсці форму выбару. Пасля ж дастаткова толькі пацвердзіць свой голас праз ліст, што прыйдзе на вашую электронную скрыню.