Мерапрыемствы ў рамках спецыялізаванай выстаўкі распачаліся а 10 гадзіне раніцы. На пляцоўцы ля НВЦ “БелЭКСПА” прэзентацыі газеты “На варце” і часопіса “Міліцыя Беларусі” папярэднічала дэманстрацыя міліцэйскай тэхнікі. А ля экспазіцыі беларускіх тэлеканалаў рыхтаваўся да выступлення ансамбль салістаў сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі. У чаканні афіцыйнага адкрыцця медыяфоруму журналісты рэспубліканскіх, абласных і раённых СМІ, нягледзячы на занадта гучнае музычнае “афармленне” выстаўкі, абменьваліся думкамі і ўражаннямі з нагоды галоўнай сёлетняй карпаратыўнай падзеі.Выстаўка “СМІ ў Беларусі”, зазначыў міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч на афіцыйным адкрыцці, — не толькі творчая справаздача, але і штогадовая дзейсная школа прафесійнага майстэрства. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі зачытаў прывітанне Кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам Міжнароднай выстаўкі.
Дыплом ганаровага госця выстаўкі быў уручаны Маскоўскай вобласці. Яго атрымаў міністр па справах друку і інфармацыі ўрада Маскоўскай вобласці Сяргей Маісееў. У час адкрыцця форуму адбылося ўручэнне дыпломаў Міністэрства інфармацыі Беларусі за лепшую публікацыю мінулага года па праблемах дзяржаўнага будаўніцтва сярод кіраўнікоў рэспубліканскага, абласнога, гарадскога і раённага ўзроўняў. У ліку іншых дыплом атрымаў і міністр культуры Беларусі Уладзімір Матвейчук. Чырвоную стужку выстаўкі перарэзалі міністр па справах друку і інфармацыі ўрада Маскоўскай вобласці Сяргей Маісееў, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Алег Праляскоўскі і міністр інфармацыі рэспублікі Уладзімір Русакевіч…
На прэзентацыі стэнда РВУ “Культура і мастацтва” выступіў ансамбль народнай музыкі “Свята”, які сваімі песнямі і танцамі цягам паўгадзіны ўтрымліваў увагу чытачоў і журналістаў.
На наступны дзень, 3 мая, ля нашага стэнда на выстаўцы “СМІ ў Беларусі” адбылася прэзентацыя інтэрнет-сайтаў газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва”. Нагадваем нашым чытачам, што на сайце www.kimpress.by вы заўжды зможаце аператыўна пазнаёміцца СА зместам артыкулаў, фотаілюстрацыямі, а таксама на электронны адрас kultura@tut.by даслаць свае ўражанні, прапановы, карэспандэнцыі…
Пра вынікі ІІІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера”, якія падводзіліся 4 мая, калі газета была здадзена ў друк, “К” паведаміць у наступным нумары.
Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Юрыя ІВАНОВА