Толькі самыя выдатныя!

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 25 чэрвеня, напярэдадні галоўнага нацыянальнага свята — Дня Незалежнасці (Дня Рэспублікі), уручыў дзяржаўныя прэміі і ўзнагароды 64 беларусам, якія вызначыліся ў розных сферах дзейнасці. Пра гэта паведамілі БелТА ў прэсслужбе беларускага Лідэра.

Асаблівую значнасць гэтай падзеі ў бягучым годзе надало ўручэнне дзяржаўных прэмій за дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, у краіне вельмі ўважліва адсочваюцца гэтыя тэндэнцыі, і атрымаць званне лаўрэата не так проста. На думку Прэзідэнта, "іх павінны быць адзінкі - "Толькі самыя выдатныя".

Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў зале сабраліся тыя, "хто забяспечвае прарыўное развіццё дзяржавы па ўсіх напрамках". Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь апошняй з краін сусветнай супольнасці ўступіла ў крызіс, што пачаўся на Захадзе, але павінна першай з яго выйсці, для чаго ёсць усе перадумовы. "Згуртаванасць і адзінства народа, яго працавітасць і энергія, навуковы пошук і ўкараненне ў вытворчасць найноўшых тэхналогій, забеспячэнне харчовай, эканамічнай і нацыянальнай бяспекі - гэта зусім не поўны пералік тых фактараў, якія рэальна падмацоўваюць наш аптымізм", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Сярод лаўрэатаў прэмій і ўладальнікаў дзяржузнагарод - дзеячы культуры і мастацтва, чые творчыя дасягненні ацэнены высока. У прыватнасці, прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаны аўтарам праекта будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, мастакам за цыкл жывапісных твораў для Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і паэту Міхаілу Башлакову.

"Мы сапраўды ў краіне ўмеем рабіць усё. Нават у крызісны час прадстаўнікі Еўрапейскага Саюза, як бы яны публічна ні выказваліся, прыязджаючы ў Беларусь, гавораць, што тут жыве добры народ, што мы стварылі прыгожую, дастойную рэспубліку", - сказаў напрыканцы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.