62 гады цішыні

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Як за некалькі хвілін зразумець чалавека, за плячыма якога больш чым 80 гадоў пакручастага жыцця ды Вялікая Айчынная вайна, што баліць незагойнай ранай ледзь не штодня? Як зразумець? Паслухаць, пра што ён спявае ў хвіліны душэўнага супакаення! Іван Фаміч Грыгор’еў з Крычава спявае ў хоры ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны пры раённым Цэнтры культуры. Любімая песня — “Не старэюць душой ветэраны”.

Іван Фаміч упэўнены: за гэтымі словамі — ніякай банальшчыны, адно толькі вялікі сэнс. Усё менш тых, хто памятае, якія выпрабаванні выпалі на долю Беларусі ў гады змагання з фашызмам. Гэтая памяць і не дае старыцца душы, заклікае перадаць нашчадкам досвед чалавека, які фарсіраваў Віслу і Одэр, штурмаваў Берлін, быў цяжка кантужаны, але захаваў веру ў добрае чалавечае прызначэнне. А гэтая вера ох як дорага каштуе. І ўмацаваць ёю кволую пакуль душу — маладзёжна-святарны абавязак кожнага ветэрана. І не павучанні тут да месца, упэўнены былы сувязіст і разведчык Іван Грыгор’еў, а шчырая і сардэчная, як песня, размова. У гэтым, напэўна, — уся існасць пераемнасці пакаленняў. Каб у выніку не рознагалосае гучанне атрымалася, а суладны магутны спеў, дзе поплеч з бацькам і дзедам — абавязкова сын ды ўнук…Кожная пядзь Магілёўшчыны паліта крывёй абаронцаў і вызваліцеляў Беларусі. Ля кожнай вёскі — помнік ці абеліск. Пад Бялынічамі, ля рачулкі Осліўка, да прыкладу, знерухомела на пастаменце гармата капітана Барыса Хігрына. У баі за Магілёў у 1941 годзе ён асабіста падбіў чатыры танкі фашыстаў і загінуў. Герой Савецкага Саюза Барыс Хігрын пахаваны ля Бялынічаў…Песня Івана Грыгор’ева і гармата Барыса Хігрына — як сімвалы неўміручасці беларускай душы. 

Яўген МІКАЛАЕЎ
На здымках 1-ай паласы:
ветэран
з Крычава Іван Грыгор’еў;
гармата
капітана Барыса Хігрына.