“Цвік” праграмы — беларускі боўлінг

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

13 чэрвеня адбылася Спартакіяда работнікаў культуры і мастацтва-2009, якую ладзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На спартыўнатурыстычную базу “Алімпіец”, што знаходзіцца непадалёк вёскі Сёмкава на Міншчыне, з’ехаліся спартыўныя каманды арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання з усіх абласцей краіны.

/i/content/pi/cult/213/2608/12-1.gif
 Удзельнікаў свята вітае алімпійскі чэмпіён Аляксандр Раманькоў.

 З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Ён пажадаў усім добра выступіць на спаборніцтвах, нягледзячы на неспрыяльныя прыродныя ўмовы, і адзначыў, што ў нашай краіне вядзецца вялікая работа па ўмацаванні здароўя. Міністр паабяцаў: у наступнай Спартакіядзе будзе браць удзел і каманда Міністэрства культуры. Выступіў перад культасветнікамі і вядомы беларускі спартсмен, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Раманькоў. Спаборніцтвы ўключалі міні-футбол, лёгкаатлетычны крос, перацягванне каната і іншыя віды спорту. З-за дажджу спартсмены, якія выступалі ў настольным тэнісе, дартсе, гіравым спорце, змагаліся за перамогу ў адным з будынкаў спартыўнай базы. Студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў разгарнулі ў межах стадыёна вялікую спартыўна-забаўляльную праграму. "Пападзі ў цвік", "Моцная калода", "Кіданне меха з бульбай", "Меткі валёнак", "Водны валейбол", "Беларускі боўлінг" - гэта далёка не ўвесь пералік тых забавак, у якіх прынялі ўдзел шматлікія ўдзельнікі і наведвальнікі мерапрыемства. Дарэчы, Павел Латушка паспрабаваў свае сілы ў кіданні меха з бульбай, а таксама забіванні цвіка ў калоду. За апошні конкурс міністр быў узнагароджаны заахвочвальным падарункам. А на галоўнай сцэне адбываліся выступленні шматлікіх творчых калектываў БДУКіМ - лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў.

/i/content/pi/cult/213/2608/12-2.gif
 /i/content/pi/cult/213/2608/12-3.gif 

 

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны разгарнуў каля ўвахода на стадыён ваенную палявую кухню, дзе кожны ахвотны мог пакаштаваць гарачага салдацкага супу і кашы. А трэцяй гадзіне дня на ўрачыстым пастраенні былі агучаны вынікі Спартакіяды. Намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка падзякаваў усім удзельнікам, арганізатарам за добрую падрыхтоўку. Ён зазначыў, што тройчы культурна-спартыўнае мерапрыемства праходзіла непадалёк ад Мінска, а наступныя плануецца ладзіць ва ўсіх абласцях нашай краіны. І першай Спартакіяду работнікаў культуры ў наступным годзе прымае Гродзеншчына. Шматлікія прызы і падарункі пераможцам урачыста ўручалі Уладзімір Грыдзюшка, начальнік упраўлення фізічнай культуры Міністэрства спорту і турызму Павел Няпрахін, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Мікалай Шаўцоў.

/i/content/pi/cult/213/2608/12-4.gif
 /i/content/pi/cult/213/2608/12-5.gif /i/content/pi/cult/213/2608/12-6.gif

 

Першае агульнакаманднае месца заняла каманда Гомельскай вобласці, другое - каманда Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", трэцяе - каманда Віцебскай вобласці. Лепшай у міні-футболе прызнана каманда "Беларусьфільма", у валейболе - каманда ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама. Абсалютнымі пераможцамі ў дартсе прызнаны Павел Астаповіч - прадстаўнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама, і Алена Юркова - супрацоўніца Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". У настольным тэнісе чэмпіёнамі сталі Давід Джоджыа- супрацоўнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама і Святлана Кайкова - прадстаўнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Першае месца ў перацягванні каната падзялілі каманды ўпраўлення культуры Магілёўскай вобласці і Мінгарвыканкама. Самым дужым удзельнікам спартакіяды - пераможцам у гіравым спорце - прызнаны Уладзімір Зайцаў - прадстаўнік "Беларусьфільма", а ў лёгкаатлетычным кросе ніхто не змог апярэдзіць Аляксандра Стасевіча і Анжаліку Савіцкую, супрацоўнікаў упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. Усім удзельнікам, а асабліва- пераможцам - трайное "гіп-гіп-ура!". А камандзе ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама - пажаданне выступіць паспяхова на наступнай Спартакіядзе, дзе яны стануць гаспадарамі, і заняць адно з прызавых месцаў. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

 Андрэй СПРЫНЧАН (фота),

 нашы спецыяльныя карэспандэнты