Як прыцягнуць інвестара на 150 гектараў спадчыны?

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Установа культуры: праект інтэрактыву пад адкрытым небам. Разнастайных прапаноў цікавага адпачынку ў нашай краіне, прынамсі, у сталіцы, штогод становіцца ўсё больш. А вольнага часу ў сучаснага чалавека — усё менш. Вось і даводзіцца выбіраць паміж чыстым паветрам на лецішчы і паходам у тэатр або музей. Зрэшты, даўно прыдумана добрае спалучэнне двух гэтых аспектаў культурнага адпачынку. Маю на ўвазе музеі старажытнага побыту пад адкрытым небам — скансены, якіх на сёння налічваецца ў свеце каля 600. Ёсць свой падобны музей і ў Беларусі, ля зліцця легендарных рэк Пцічы і Менкі, паміж вёскамі Азярцо і Строчыца, за чатыры кіламетры ад Мінскай кальцавой аўтадарогі. Здаецца, само месца прызначана для турыстычных маршрутаў. Не дзіва, што колькасць ахвотных прыехаць сюды павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Аднак, нягледзячы на ўсё большы інтарэс да нашага скансена, пабываць у ім не так проста: хоць музей і знаходзіцца непадалёк ад горада, дабірацца да яго без асабістага аўтамабіля даволі нязручна. Тыя ж, хто наведаў гэтае унікальнае месца, вяртаюцца пад вялікім уражаннем. Але — скардзяцца: на той самы нязручны праезд, сціплы і не самы танны выбар харчавання, санітарныя праблемы... Карэспандэнт “К” вырашыў наведаць скансен у якасці турыста, каб на месцы, так бы мовіць, знутры даследаваць сітуацыю. А пасля, разам з кіраўніцтвам установы і зацікаўленымі спецыялістамі, абмеркаваць шляхі вырашэння праблем музея.

 "Чартэры" ў Строчыцы

/i/content/pi/cult/213/2607/10-1.gif
 /i/content/pi/cult/213/2607/11-2.gif
 /i/content/pi/cult/213/2607/11-3.gif

 Сёння любая паспяховая ўстанова культуры пачынаецца са старонкі ў Інтэрнеце. На жаль, на сайце Музея народнай архітэктуры і побыту інфармацыя прадстаўлена вельмі сцісла. Калі рабіць акцэнт на турыстычны патэнцыял гэтай установы, варта адзначыць таксама адсутнасць звестак на замежных мовах. Зразумела, няма чаго казаць у такім выпадку і пра такі шык, як віртуальная экскурсія, якую прадстаўляе, скажам, сайт музея ў Кіжы. Не змог знайсці, у рэшце рэшт, элементарнага - коштаў на білеты і паслугі. Што да транспартнага пытання, на якое часцяком скардзяцца наведвальнікі ўстановы, дык на сайце прадстаўлена схема праезду ад далёка не цэнтральнай сталічнай аўтастанцыі "Паўднёва-Заходняя". Спецыяльны маршрут дзейнічае некалькіразоў на дзень і прывозіць да аўтастаянкі - за музейны шлагбаум. Але, акрамя яго, у напрамку музея аўтобусы адпраўляюцца амаль кожную гадзіну, так што пытанняў з транспартам, прынамсі, у будні дзень вандроўкі карэспандэнта "К", не паўстала. Канешне, калі б "чартэрны рэйс" у музей наладзіць, напрыклад ад чыгуначнага вакзала, скансен, думаецца, стане куды больш прыцягальным для турыстаў.

 Вітаем у... ХІХ стагоддзі...

 Зразумела, перш чым апынуцца сам-насам з экспанатамі, набыў білет. Каса размешчана бліжэй да ўезда, таму давялося вярнуцца на сотню метраў назад ад месца высадкі пасажыраў "чартэра". Кошт білета - 6300 рублёў. Не самы танны, скажаце, музей? Але хто сказаў, што скансен павінен быць бясплатным? Уваход у той жа стакгольмскі каштуе ўсе 10 еўра. У дадатак да білета атрымаў план з абазначэннем усіх пабудоў і набор паштовак з краявідамі музея. Маецца і невялікі выбар сувеніраў: у асноўным, лялькі і вырабы народных майстроў. Тэрыторыя скансена складаецца з трох частак, прысвечаных архітэктуры і народнаму побыту Цэнтральнай Беларусі, Паазер'я і Падняпроўя. Падыходзім да брамы і - трапляем у ХІХ стагоддзе, з якога паходзіць большасць экспанатаў музея. Крыўдна толькі, што набыты білет так і не давялося нікому прад'явіць: наглядчыцы сустрэліся крыху далей: сядзелі на лавачках насупраць прыгожай царквы. Апошняя сустрэла выстаўкай старажытных ікон, а школу часоў Мікалая ІІ, здаецца, толькі што пакінулі вучні. Побач з царквой - "Беларуская карчма" - колішні музейны экспанат, які быў перададзены ў арэнду прыватнікам. Яна прыемна ўразіла якасцю страў, абслугоўвання, нацыянальным каларытам у афармленні. Хаця цэны тут, відаць, разлічаны, збольшага, не на айчыннага турыста: скажам, за порцыю дранікаў са смажанінай давядзецца выкласці амаль дваццаць тысяч. Паўстала і яшчэ адно пытанне: няўжо невялікая зала - прыкладна на трыццаць месцаў - здолее забяспечыць харчаванне наведвальнікаў масавых святаў у музеі?.. Іх колькасць даходзіць да некалькіх тысяч, а іншых пунктаў харчавання не заўважыў. Што да пытання санітарыі, якое таксама ўзнімаецца наведвальнікамі, то стацыянарная прыбіральня з гарачай вадой аказалася толькі ў прыватнай карчме. На тэрыторыі ж самога скансена знайшоў даволі сучасную знешне, але не дужа прыцягальную знутры канструкцыю каля адміністрацыйнага комплексу і некалькі пластыкавых кабінак. Мо ў кантэксце ХІХ стагоддзя, з якога, паўтаруся, паходзіць тут большасць помнікаў архітэктуры, такія буданчыкі і зацікавяць турыста, але ж пытанне з камфортам яны не вырашаць.

Рукамі не кранаць!

 Пакуль блукаў па тэрыторыі музея, надвор'е змянілася колькі разоў і прымусіла схавацца ад дажджу ў адной з хат, дзе паспрабаваў распытаць пра тое-сёе наглядчыц - у асноўным, жанчын сталага веку. На жаль, падрабязна распавесці пра помнікі ды іх гісторыю яны не могуць. Што ж рабіць? Вяртацца да касы і замаўляць экскурсію? Выратавала выдадзеная ў касе (відаць, усё ж нездарма) схема музея, з якой даведаўся аб прызначэнні будынка, месцы, адкуль ён прывезены ў скансен, прыкладным часе стварэння. Больш падрабязнай інфармацыі няма, як, на дзіва, адсутнічаюць і звычайныя для любога музея шыльдачкі ля экспанатаў: усё ж сучасны музей - гэта не толькі вітрыны, якія "нельга кранаць рукамі". Увогуле, скансены ў гэтым сэнсе - унікальныя ўстановы, бо лёгка дазваляюць выходзіць на інтэрактыўны ўзровень. Сапраўды, а чаму нельга паспрабаваць пакарыстацца, скажам, сялянскімі прыладамі або нават пераначаваць у хаце стогадовай даўніны? А летам у строях, адпаведных кожнаму з прадстаўленых рэгіёнаў, маглі б сустракаць гасцей студэнты-гісторыкі... "Пажарная бяспека! - бярэ пад сумнеў мае "рацыяналізатарскія" прапановы адна з наглядчыц. - Хто гарантуе, што студэнты не будуць курыць побач з каштоўнымі экспанатамі?" Так, цяжка не пагадзіцца. Але сёння наш скансен пакідае адчуванне той самай "вітрыны за шклом": глядзець можна, але - не больш за тое. Ды і глядзець, як аказалася, на некаторыя пабудовы можна толькі звонку. Прыкладам, у сектары "Падняпроўе" ўвагу адразу прыцягвае маляўнічая царква з вёскі Барань Аршанскага раёна. Пабудавана яна ў 1703 (зноў прывяду параўнанне: у стакгольмскім скансене няма такіх старадаўніх аб'ектаў) і, на думку некаторых мастацтвазнаўцаў, некалькі разоў сустракаецца на палотнах Марка Шагала! Алезайсці ў яе нельга: няма перакрыццяў. А побач стаіць нейкі вагончык кшталту тых, якімі звычайна карыстаюцца будаўнікі: аказалася, планавалі рэстаўрацыйныя работы, але яны так і не былі праведзены. Тое ж і з млынам, што "родам" з Мядзельшчыны, у сектары "Паазер'е": глядзець можна толькі звонку. У такім выпадку падумалася: зразумела, старыя рэчы - каштоўныя, але побач можна было б размясціць якасную копію...

 Адзіны ў Еўропе... Недабудаваны...

/i/content/pi/cult/213/2607/11-5.gif

 - Наш беларускі скансен - унікальны для Еўропы, - горка ўсміхаецца дырэктар Музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакотка, з якой сустрэўся на наступны дзень пасля сваёй вандроўкі ў сталічнай дырэкцыі ўстановы. Усмешку гэтую добра разумееш, калі даведваешся, у чым унікальнасць беларускага скансена. Аказваецца, ён адзіны недабудаваны з еўрапейскіх. І калі будзе завершаны - пакуль невядома. Адбылося так таму, што беларускі музей ці не самы малады ў свеце з падобных. Хаця першая ідэя стварыць нацыянальны скансен з'явілася яшчэ у 1908 годзе ў знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца. Аднак Першая сусветная вайна перакрэсліла ягоныя планы. Другую спробу Рушчыц зрабіў у 1930-я ў Польшчы: Музей меркавалася размясціць пад Вільняй, але перашкодзіла ўжо Другая сусветная вайна... Канчаткова рашэнне аб стварэнні музея пад Мінскам было прынята толькі 9 снежня 1976 года. (Для параўнання: менавіта ў 1976 годзе была завершана асноўная экспазіцыя ўкраінскага скансена пад Кіевам.) Дзесяць гадоў спатрэбілася на экспедыцыі беларускіх вучоных па рэгіёнах і стварэнне адпаведнага спіса будучых экспанатаў. І толькі ў 1986-м пад Мінск прывезлі першыя часткі акуратна разабраных будынкаў. Тэрыторыя музея, згодна з першапачатковай задумай, павінна была заняць 220 гектараў: 150 - на адным беразе Пцічы і 70 - на процілеглым (у стакгольмскім скансене на сённяшні дзень - каля 50). У экспазіцыі запланавалі 6 сектараў, якія адпавядаюць этнаграфічным раёнам Беларусі: Цэнтральная Беларусь, Падняпроў'е, Паазер'е, Панямонне, Усходняе і Заходняе Палессе. У планы было ўключана стварэнне сектара "Мястэчка", дзе мусіў аднавіцца дух характэрнага для ўсёй Беларусі названага тыпу паселішча. Распрацоўку праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, экспазіцыйных сектараў, малых форм (агароджы, брамы, калодзежы) выконвалі спецыялісты "Белпраектрэстаўрацыі". У стварэнні экспазіцыйнай зоны тэрыторыі музея прадугледжваўся комплексны пыдыход, менавіта л а н д ш а ф т н а э т н а г р а ф і ч н ы . Азеляненне кожнага сектара мусіла адпавядаць ландшафту мясцовасці: баравіны - у "Паазер'і", дубы - у "Падняпроўі" і г. д. Работы па пераносе будучых экспанатаў спыніліся ў 1994 годзе, таму пакуль скончана толькі час тка, прысвечаная Цэнтральнай Беларусі, часткова створаны экспазіцыі Падняпроўя і Паазер'я. - Меркавалася перанесці на тэрыторыю музея каля 250 пабудоў і амаль 50 тысяч іншых экспанатаў: мэбля, адзенне, посуд, прылады працы, - працягвае свой расповед дырэктар. - Але паспелі перанесці, адрэстаўраваць і адкрыць для наведвальнікаў толькі 25 будынкаў. Яшчэ 7 перавезлі, ды рэстаўрацыя на гэтых аб'ектах не была завершана. Астатнія пакінулі на месцах да лепшых часоў. Цяпер мы вымушаны ездзіць па рэгіёнах і правяраць стан занесеных у спіс аб'ектаў. Адзначу, што ў сваёй працы мы сутыкнуліся з шэрагам праблем, якіх не было ў вучоных тры дзесяцігоддзі таму: са зменай эканамічнай сітуацыі некаторыя гаспадары адмаўляюцца прадаваць сваё жытло. Зразумелі каштоўнасць гістарычных пабудоў і мясцовыя ўлады, якія атрымалі шанц для развіцця мясцовага аграэкатурызму. А некаторыя з адабраных для пераносу аб'ектаў, наадварот, знаходзяцца ў заняпадзе: за іх станам не сачылі належным чынам. Да таго ж, пэўныя пастановы і заканадаўчыя акты па ўладкаванні населеных пунктаў у шэрагу выпадкаў наогул пагражаюць зносам старым пабудовам. Прывесці ж іх у неабходны стан могуць толькі прафесіяналы-рэстаўратары. Не ўсё добра і з музейнымі прадметамі, якіх налічваецца каля 22 тысяч. У экспазіцыі наведвальнікі могуць азнаёміцца толькі з 10% усёй калекцыі. Астатнія 90% знаходзяцца ў непрыстасаваных памяшканнях, дзе няма магчымасці падтрымліваць тэмпературна-вільготнасны нарматыўны рэжым. Частка фондаў знаходзіцца ў Мінску ў арандаваных памяшканнях, частка - у непрыстасаваных аб'ектах на тэрыторыі музея, астатнія - у вёсцы Строчыца.

 Не ў "вясковым рэжыме"

Пытанне "Быць ці не быць нацыянальнаму скансену?" стаіць вельмі востра, бо адпаведны статус ён можа займець толькі тады, калі яго экспазіцыі будуць уключаць у сябе прадметы з усіх рэгіёнаў краіны. - Мы ўжо гатовы ствараць копіі помнікаў драўлянага дойлідства, а не займацца выключна пераносам, - распавядае далей Святлана Лакотка. - Плануецца, што ў сектары "Мястэчка" ўзвядзём толькі копіі: там і з'явіцца магчымасць дэманстраваць наведвальнікам тагачасныя жыццё і побыт. Але копіі - копіямі. Справа яшчэ ў тым, што дрэва захоўваецца ў нармальным стане каля 100 гадоў, а потым пачынаецца яго паступовая дэструкцыя. Супрацоўнікам жа скансена даводзіцца працаваць з экспанатамі, якім па 100, 200 ці нават 300 гадоў! З гэтай прычыны і не атрымліваецца эксплуатаваць іх у звычайным, "вясковым", рэжыме. Спрабавалі музейшчыкі завесці гусей, качак у адной з сядзіб, але высветлілася: шкодныя для старога дрэва мікраарганізмы размнажаюцца пры гэтым з большай хуткасцю. У гэтым накірунку праца не можа весціся без узаемадзеяння са спецыялістамі. Каб даведацца аб стане такога супрацоўніцтва, звярнуўся да кандыдата біялагічных навук Інесы Ганчаровай, кіраўніка групы па біязабруджваннях Інстытута мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая займаецца даследваннем праблемы старога дрэва ў беларускім скансене. - Наша ўстанова дае рэкамендацыі, з дапамогай якіх сродкаў можна падоўжыць час існавання пабудоў, - патлумачыла яна. - Але пытанне не толькі ў самой навуцы. У штаце музея павінен быць адпаведна падрыхтаваны спецыяліст, які стане займацца гэтай праблемай. А пакуль што нам даводзіцца праводзіць спецыяльныя семінары для супрацоўнікаў скансена, дзе мы тлумачым, як лепш захоўваць экспанаты і займацца апрацоўкай будынкаў антысептыкамі. Шмат памылак робіцца пры няправільным выкарыстанні тэхналогій будаўніцтва, ад чаго мікрафлора атрымлівае значна больш шанцаў на хуткае памнажэнне.

Комплекс праблем у комплексе

 І сапраўды, стан некаторых экспанатаў на тэрыторыі музея выклікае заклапочанасць: 7 пабудоў патрабуюць сур'ёзнай рэстаўрацыі. Таму турысты іх пакуль не наведваюць. Два гады таму было прынята рашэнне па рэстаўрацыі праблемных аб'ектаў, але за гэты час выканана пакуль толькі карэкціроўка праектнай дакументацыі. - Пытанне не толькі ў сродках, але і ў адпаведных спецыялістах, - упэўнена дырэктар. - Рэстаўрацыйныя работы ў музеі могуць весці толькі адпаведным чынам падрыхтаваныя прафесіяналы па традыцыйных тэхналогіях. За савецкім часам у складзе тагачаснага інстытута "Белрэстаўрацыя" існавала падраздзяленне, якое гэтыя працы выконвала.Але цяпер яго няма. Даводзіцца шукаць фірмы, здольныя працаваць з дрэвам, чаротам. Адно навучанне такіх спецыялістаў каштуе вялікіх грошай. Напрыклад, людзі, якія сёння замяняюць у музеі чаротавыя пакрыцці, праходзілі падрыхтоўку ў Польшчы. А вось кіраўнік аб'яднанай дырэкцыі па будаўніцтве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Мікалай Юркевіч лічыць, што спецыялісты, якія могуць працаваць з дрэвам, на Беларусі не перавяліся: - Знайсці ахвотных выконваць такія рэстаўрацыйныя работы не цяжка, працаваць у нас з дрэвам умеюць. Трэба проста правесці адпаведны тэндэр. Справа ж, як вы можаце здагадацца, толькі ў наяўнасці сродкаў. На недахоп сродкаў спасылаліся амаль усе, з кім давялося гутарыць пад час падрыхтоўкі гэтага матэрыялу. - На вялікі жаль, пра грошы вам будуць гаварыць у кожнай установе, - кажа начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. - Праблемы Музея народнай архітэктуры і побыту - не унікальныя. Справа нават не ў тым, каб атрымаць грошы на рэканструкцыю, а - каб выкарыстаць іх рацыянальна. - Мы гатовы разбіць праект рэстаўрацыі на некалькі частак, каб рабіць экспазіцыю па чэргах, - кажа дырэктар музея. У Мікалая Юркевіча іншае меркаванне. На яго думку, падзяляць рэстаўрацыйны праект на некалькі частак не мае сэнсу, а вырашаць усе праблемы патрэбна ў комплексе, каб разам з рэстаўрацыяй будынкаў працаваць і над камунікацыямі.

Абмежавацца плошчай у 150 га

- Калі прымалася рашэнне аб размяшчэнні музея, асноўнай перавагай пляцоўкі на Пцічы лічылася наяўнасць паблізу аўтамабільнай трасы Мінск - Брэст. Пад'езд з боку цяперашняй мінскай "Малінаўкі" планаваўся як службовы, а выкарыстоўваецца як асноўны. Таму ў нас дасюль няма інфраструктуры для прыёму турыстаў, - кажа Святлана Лакотка. - Але ў выхадныя, тым не менш, звычайна ладзім мерапрыемствы сіламі супрацоўнікаў, аднаўляем святы, абрады, паглядзець на якія збіраецца нямала людзей. Музей вельмі любяць наведваць замежныя турысты, асабліва - з краін Азіі. Свае імпрэзы ладзяць пасольствы. Зразумела, далёка не кожны дзень стаянкаможа змясціць усе аўтамабілі, а аўтобусаў у такія дні - па 15 - 20. Напрыклад, нядаўна ў нас праходзіла свята апошняга званка: мы прымалі каля 1500 школьнікаў з Мінска. Бываюць святы, калі нас наведвае і 2500 чалавек на дзень. Праблему харчавання, па словах дырэктара, у такіх выпадках дапамагае вырашыць выязны гандаль Маскоўскага раёна сталіцы. Але гэтага відавочна недастаткова. Распрацаваны інвестпраект, згодна з якім будуць пабудаваны комплекс для прыёму турыстаў і службовыя будынкі, новая аўтастаянка, гасцініца на некалькі дзесяткаў месцаў, кавярня. Калі ў перспектыве знойдзецца інвестар, то ёсць сэнс казаць і пра будаўніцтва гасцявога комплексу з боку Брэсцкай трасы. Але найважнейшае інвестыцыйнае пытанне для скансена: дапамога ў заканчэнні фарміравання экспазіцыі. Паводле новай канцэпцыі стварэння экспазіцыі сектары "Панямонне" і "Мястэчка" размесцяцца на ўжо асвоеным беразе Пцічы: музей канчаткова вырашыў максімальна поўна скарыстацца цяперашняй тэрыторыяй у 150 гектараў. Аднак да буйнога будаўніцтва яшчэ далёка. Трэба разумець, што не ўсякая арганізацыя можа быць дапушчана да дзейнасці на тэрыторыі музея. Бо галоўная мэта ягоных супрацоўнікаў - захаванне нацыянальнай гістарычнай спадчыны. І патэнцыйны інвестар павінен гэтай мэце адпавядаць.

 Іншы ўезд і падыход?

Станоўчы досвед працы з прыватнымі арганізацыямі ёсць. Адна з фірм, што спецыялізуецца на нацыянальнай кухні, як ужо згадвалася, узяла ў арэнду музейную карчму і корміць не толькі турыстаў. Па словах дырэктара, супрацоўнікі музея могуць падсілкавацца амаль на працоўным месцы за сімвалічную плату. Вырашыць пытанне з альтэрнатыўным пад'ездам даволі складана. Але відавочна, што новы пад'езд неабходны: толькі за час размовы з карэспандэнтам "К" на дырэктарскі факс прыйшло пяць заявак на экскурсійнае абслугоўванне ад турфірм. - Але з боку тых жа кампаній пастаянна паступаюць і прэтэнзіі: маўляў, прамысловая зона і аўтарынак - не лепшы пачатак для тура па маляўнічых ваколіцах Мінска, - кажа Святлана Лакотка. - Некаторыя з-за гэтага суседства нават не ўключаюць наш музей у свае планы. Будаўніцтва новага пад'езда ад Брэсцкай шашы праз Воўчкавічы вырашыла б транспартнае пытанне ўсіх мясцовых адметнасцей. Прызнае дырэктар і некаторыя іншыя хібы. Напрыклад, абяцае, што ў хуткім часе побач з кожным будынкам музея з'явяцца тлумачальныя шыльдачкі на некалькіх мовах, а інтэрнет-рэсурсам зоймуцца сапраўдныя спецыялісты. Дарэчы, пра спецыялістаў. Гаспадарка, як можна здагадацца, у музея немаленькая, ёсць нават сваё пажарнае дэпо. Усяго, па штатным раскладзе, - 123 супрацоўнікі, яшчэ 3 наняты за кошт пазабюджэтных сродкаў. За апошнія тры гады колькасць атрыманых ад наведвальнікаў грошай вырасла амаль у пяць разоў: ад 53 мільёнаў у 2005 годзе, да 237 - у мінулым. Наводзіць парадак на тэрыторыі дапамагаюць суседнія аграфірмы. Але мясцовыя жыхары ісці ў штат музея асаблівага імпэту не выказваюць: малыя заробкі. На прэміі і камунальныя паслугі, па словах дырэктара, ідзе большая частка пазабюджэтнага фонду. Таму наглядчыкі дасюль не апрануты ў нацыянальныя строі. Тыя касцюмы, што выкарыстоўваюцца пад час мерапрыемстваў, належаць самім супрацоўнікам і зроблены іх рукамі за асабістыя сродкі. Што ж наконт ідэі пасяліць у музеі пад час летніх канікул студэнтаў-валанцёраў, то яна трэці год запар рэалізуецца з дапамогай практыкантаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта. *** У беларускага скансена ёсць тое, пра што толькі мараць многія іншыя музеі: унікальныя экспанаты, вялікая тэрыторыя, шырокія магчымасці для папаўнення калекцыі. І доказам таму - плынь турыстаў, а значыць - і грошай, якія павялічваюцца ці не з кожным месяцам. Ды ўсё ж гэтыя сродкі не змогуць цалкам забяспечыць вырашэнне надзённых і часцяком вельмі спецыфічных праблем музея пад адкрытым небам. Таму, прычым вельмі своечасова, паўстае пытанне неабходнасці інвестыцый у скансен. Іншая справа - на што іх накіраваць у першую чаргу. Думаецца, увагу ў цяперашніх умовах варта закцэнтаваць якраз на ўпарадкаванні і захаванні існуючых сектараў і далейшым прасоўванні брэнда беларускага скансена на рынку турыстычных паслуг краіны. Павелічэнне ж колькасці пабудоў вымагае і якасна больш высокага ўзроўню працы па даглядзе за імі, чаго на сёння музей сваімі сіламі забяспечвае недастаткова. Разам з тым, час не спыняе натуральныя працэсы, і помнікі папросту страчваюцца. Таму і паўстае пытанне пра долевыя інвестыцыі ў музей і ягоную інфраструктуру. Прынамсі, кожны з інвестараў у такім выпадку ведае, у што і з якім прагназаваным вынікам укладаюцца грошы. У выпадку са скансенам, падаецца, прагнозы і перспектывы ўсё ж аптымістычныя.

Антон СІДАРЭНКА,

 наш спецыяльны карэспандэнт

 Фота аўтара і з архіва музея