Сады і задворкі Венеры

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

У мінскім Палацы мастацтва працуе выстаўка “Сад Венеры”. На ёй прадстаўлены творы жывапісу, графікі, скульптуры і фатаграфіі, выкананыя ў жанры ню.

 /i/content/pi/cult/213/2601/7-5.gif
У выставачнай зале. 

Гісторыя жанру мае доўгую традыцыю. Ад самых пачаткаў узнікнення мастацтва аголенае цела ператвараецца ў ёмістую форму, прыдатную для перадачы важных ідэй, яно становіцца сімвалам плоднасці і жыццёвай сілы, увасабленнем багоў і герояў. Аголеная натура ператвараецца ў аб'ект чыстага мастацкага сузірання недзе ў XVII стагоддзі з распаўсюджаннем ідэй сенсуалізму. У беларускім мастацтве гісторыя ню не мае такой багатай традыцыі, таму так лёгка мастакі звяртаюцца да інтэрпрэтацыі розных стыляў і вобразаў, да асваення рэлігійных і міфалагічных тэм. Выстаўка ню стала своеасаблівай лакмусавай паперкай, якая вызначыла ўзровень густу і інтэлекту яе ўдзельнікаў. Творы экспазіцыі розныя па ўзроўні і па задачах: ад простага любавання жаночым целам да антрапалагічных метафар і пошукаў уласных выяўленчых канструкцый. Эратычнае мастацтва глыбока ўкаранёнае ў сферу інтымнага, яно дае вельмі моцны эмацыянальны імпульс для творчасці. Тут лёгка скаціцца да нізкага густу, саладжавасці і эфектнага дэкаратывізму. Разам з тым, яно цесна звязана з агульначалавечай праблематыкай, дазваляе аналізаваць і ставіць філасофскія пытанні. Ню застаецца жанрам, які лучыць нас з класікай і адначасова дае магчымасць творцу быць актуальным і сучасным. Чалавек і яго месца ў тэхналагічным свеце працягваюць хваляваць мастака і гледача. А таму ню будзе развівацца, набываючы свабоду формы і разнастайнасць пластычных падыходаў.

 Алеся БЕЛЯВЕЦ

Фота Юрыя ІВАНОВА