Захаваць генетычную памяць...

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Калі задумваешся, чаму ў наш век сінтэзу розных відаў мастацтва, навацыйных вобразна-колеравых канструяванняў жывапісных плоскасцей усё ж захоўвае папулярнасць жанр звыклага пейзажа, прыходзіш да высновы, што любоў да краявідаў закладзена ў людзях на ўзроўні генетычнай памяці.

 /i/content/pi/cult/111/259/Zahavac-genetychnuju-spadch.jpg
 Г.Піцко "Лугавыя кветкі"
Генадзь Піцко, выстаўка якога прайшла ў галерэі Тызенгауза, відаць, з’яўляецца прамым нашчадкам той генеалагічнай лініі сваіх продкаў, якія не проста суіснавалі з прыроднымі праявамі, але і маглі разгадаць патаемную мову ляснога гушчару, пачуць ціхі шэпт лугавых траў. Генадзь на сваіх палотнах не толькі перадае непасрэдныя жыццёвыя назіранні, а і віртуозна распрацаванымі прыёмамі і сродкамі рэалістычнага мастацтва выказвае асабістае духоўнае спасціжэнне свету.
Выбіраючы для твораў выявы зусім звычайных, някідкіх куточкаў родных мясцін, аўтар стварае цэласны відарыс Прынёмання, прасякнуты то паэтычнай прасветленасцю, то філасофскай сузіральнасцю, то эпічнай радасцю. Работа на пленэры дае магчымасць мастаку расплавіць фарбы сонцам, асвяжыць ветрам, а ў будзённым матыве адкрыць чыстую трапяткую каларыстычную імпрэсію.

Творы Генадзя Піцко, вытанчана-лёгкія па колеравым і танальным гучанні, шчырыя і пазітыўныя па светавыяўленні, падтрымліваюць наша імкненне захаваць некранутай прыгажосць родных краявідаў. І ў жыццёвай мітусні нам хочацца аказацца менавіта там, далёка за сценамі камяніц, куды падсвядома цягне нас генетычная памяць.

 Марына ЗАГІДУЛІНА

Гродна