Сплесці дружбы вянок

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

З 26 па 28 чэрвеня ў Бабруйску адбудзецца Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”.

Гісторыя яго станаўлення пачалася ў 1999-м, калі прайшоў фестываль аўтэнтычнага фальклору Беларускага Прыдняпроўя. З 2003 года "Вянок дружбы" атрымаў сталую прапіску на бабруйскай зямлі. За гэты час удзельнікамі фестывалю былі творчыя калектывы з Расіі, Малдовы, Украіны, Літвы, Латвіі, Кыргызстана, Польшчы, Германіі, Турцыі, Балгарыі, Славакіі, Арменіі, Кітая. Фэст садзейнічае ўмацаванню і развіццю дружбы паміж гарадамі - пабрацімамі Бабруйска. Добрай фестывальнай традыцыяй стала правядзенне творчых сустрэч у раёнах вобласці, майстар-класаў па абмене вопытам з бабруйскімі калектывамі. Заўжды ажыўлена ў маляўнічым фестывальным Горадзе майстроў. Летась, да прыкладу, свае ўменні ў самых розных відах традыцыйнага мастацтва тут прадэманстравалі больш за 300 творцаў... Фестываль "Вянок дружбы" супадае з днём вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму ўдзельнікі і госці фестывалю сустракаюць гэтае свята разам з гараджанамі. Думаецца,залішне казаць, што "Вянок дружбы" з года ў год фарміруе станоўчы імідж Бабруйска на міжнародным узроўні. Фестываль, які стаў яркай візітоўкай горада, нязменна чакаюць і любяць і гараджане, і госці.