“Кручок” закідвае “лясны” чалавек

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Выдатнаму графіку, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерыю Славуку 7 красавіка споўнілася шэсцьдзесят гадоў. З гэтай нагоды ў музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрылася яго персанальная выстаўка, дзе прадстаўлены новыя станковыя серыі, а таксама ілюстрацыі да казак і энцыклапедычнага выдання “Беларускі фальклор”. Цікава, што В.Славук не любіць даваць назвы сваім выстаўкам. Графіка, лічыць ён, гаворыць сама за сябе, тут не трэба нічога дадаваць. А фантазіраваць і прыдумляць мастак імкнецца ў сваіх работах, кожная з якіх – асобны свет, населены дзівоснымі істотамі. Мастак нібыта запрашае гледача адчуць у фантастычных дзеях уласныя настроі, мары, чаканне цуду. Ні ў адным з яго графічных лістоў няма застылых, халодных форм, механічнай бездакорнасці. Усе яны адлюстроўваюць гармонію навакольнага свету, выяўляюць шчырыя пачуцці і перажыванні сапраўднага творцы.

— Таямніцу фантастычна прыцягальных пачвар, якіх вы з зайдросным пастаянствам выдумляеце ўжо шмат гадоў, дасюль ніхто не разгадаў. Але калі выйшла з друку двухтомная энцыклапедыя беларускага фальклору, аздобленая вашымі адмысловымі ілюстрацыямі, адзін з мастацтвазнаўцаўсказаў, што нарэшце ў краіне выдалі тлумачальны слоўнік да работ Славука...

— Не магу запярэчыць, як не магу і бясспрэчна пагадзіцца. Мне сапраўды было цікава працаваць над гэтым выданнем, хоць на запрашэнне выдавецтва я пагадзіўся не адразу. Толькі прачытаўшы некаторыя з артыкулаў энцыклапедыі, адчуў, што трапляю ў знаёмы мне свет, дзе я буду атрымліваць асалоду ад малявання, а не напружвацца штораз у пошуках адпаведнай тэксту выявы. Гэта сапраўды аказалася “мая” работа. Праўда, так лічылі далёка не ўсе ў рэдакцыі, і некаторыя з прыдуманых мною істот выклікалі пярэчанні і, часам, нават непрыманне. Але прычапіцца не было падстаў, бо я рабіў малюнкі літаральна па апісаннях герояў беларускага фальклору. А калі кнігу даслалі на мінулагодні маскоўскі кніжны кірмаш, яна адзіная з усіх беларускіх выданняў атрымала дыплом. І сёння з боку выдаўцоў пытанняў да мяне ўжо не ўзнікае.

— Вы малявалі герояў нацыянальнай міфалогіі і адчувалі, наколькі яны блізкія вашаму вобразнаму свету. А я памятаю, як шмат гадоў таму вы згадвалі, што многія вашы работы нараджаюцца пад уплывам літаратурных твораў і, найперш, фантазій Кастаньеды. Ці можаце вы сёння вызначыць семантыку ўзнікнення вашых адушаўлёных пачвар: гэта ўплыў беларускага фальклору або замежнай літаратуры? А мо яны вам проста прымроіліся ў дзяцінстве?
 /i/content/pi/cult/111/258/Slavuk2.jpg

 В.Славук "Першы снег"

— Я думаю, што адно нельга аддзяляць ад другога. У маіх работах усяго патрошкі. У іх прысутнічаюць і вобразы, якія ніколі не былі распаўсюджаны ў беларускіх казках. Ёсць персанажы, якія ўразілі ў расійскіх выданнях. Нельга таксама назваць бясспрэчным апірышчам маёй творчай фантазіі творы Кастаньеды, хаця без уплыву яго інтэлектуальнай містыкі, мабыць, не абышлося. Мяркую, што многіх сваіх герояў я адшукаў у агульнаеўрапейскім фальклоры, але моцна змяніў іх знешняе аблічча, каб яны не былі падобныя да традыцыйных эльфаў, троляўабо гоблінаў. У нас ёсць і свае пачварыкі, вельмі цікавыя і прыцягальныя. Іх прысутнасць адчуваеш, калі раптоўна з будзённага гарадскога жыцця трапляеш, напрыклад, у лясны гушчар. Такія казачныя мясціны наталяюць маю фантазію кожны раз, калі прыязджаю ў вёску Забрадзенне, што ў Смалявіцкім раёне, дзе некалі жыў разам з маці і дзе сёння мне дасталася ў спадчыну старая вясковая хата.

— І бабулі там расказваюць вам казкі?

— Ніякіх бабуль і ніякіх казак там ужо няма, засталіся ўсяго тры абжытыя дамы на ўсю вёску, і то старыя, ужо ледзь трымаюцца. Мае мастакоўскія фантазіі нарадзіліся не ад казак, што расказвала мама вечарамі, як звыкла гэта прыпісваюць мне журналісты, а былі вынікам уражанняў, якія пакінулі сур’ёзныя літаратурныя творы. Я вельмі рана навучыўся чытаць. Хацеў быць у гэтым сэнсе незалежным. А мама, якая працавала ў школьнай бібліятэцы прыбіральшчыцай, прыносіла кнігі— дарагія, тоўстыя, маляўніча аформленыя. І сёння памятаю, як трымаў у руках мажны том казак братоў Грым з ілюстрацыямі Дарэ. Мне тады было гадоў пяць-шэсць. Але ўражанне засталося надзвычай моцнае, і не толькі ад саміх тэкстаў, але і ад адмысловых, вельмі падрабязных, дэталёва распрацаваных ілюстрацый. Магчыма, я і зараз, нават неўсвядомлена, працую ў стылі Дарэ, люблю выпісваць кожную рысачку, рабіць кожнага свайго персанажа вельмі і вельмі дакладна. У мяне ніколі не было задачы вынайсці ўласны стыль, — ён выпрацоўваўся сам па сабе, на аснове нейкіх дэталей, падрабязнасцей, якія я проста імкнуўся спарадкаваць у адзіную сістэму.

— Менавіта прыхільнасць да дэталёвага малявання і прывяла вас, урэшце, да графікі?

— Жывапісца з мяне ніколі не атрымалася б. Маё ўспрыманне колеру вельмі спецыфічнае — не каларыстычнае. Выкладчыкі доўга мяне мучылі, але ў канцы вучобы проста перасталі патрабаваць нейкіх жывапісных якасцей. Дарэчы, сёння на кафедры графікі стаўленне да жывапісу цалкам іншае: калі не авалодаў колераперадачай, то не можаш стаць і паўнавартасным графікам.

У некаторай ступені я з такой пазіцыяй згодны. Але мне, прызнаюся, у свой час пашчасціла і без гэткага прынцыпу скончыць тэатральна-мастацкі інстытут і ўжо столькігадоў з асалодай займацца творчасцю.

— Усе вашы пачвары ўспрымаюцца на дзіва сур’ёзна. Гратэск і сатыра — не ваш шлях?
 /i/content/pi/cult/111/258/Slavuk3.jpg

 В.Славук "Лазовы дзед"

— Для мяне ўсё, што я раблю, вельмі сур’ёзна, хаця і падаецца нечым гратэскавым на погляд непадрыхтаванага гледача. У ілюстрацыях адчуваю сябе “прывязаным” да тэксту, настрояў і ўражанняў аўтара. Калі ёсць хоць невялікае напружанне ад заказу, гэта скоўвае маю фантазію. А вось афорты, малюнкі пяром і тушшу — свабодныя ад нечых прэтэнзій. Яны дазваляюць мне адарвацца ад прамога літаратурнага ўплыву, працаваць над уласнымі задумамі, рабіць тое, што мне падабаецца. Сам вырашаю, атрымаліся або не мае афорты, паказаць малюнак гледачу або схаваць. Зрэшты, за дзесяцігоддзі працы сабралася каля шасцідзесяці такіх вялікіх станковых лістоў.

— З чаго ж нарадзіўся такі своеасаблівы аўтарскі стыль?

— Карані не выдзераш і не перасадзіш. Характар у мяне кансерватыўны. Штучна перарабіць самога сябе ніколі не мог. Дасюль люблю кнігі, але такія, якія ў маім узросце ніхто не чытае. Напрыклад, Гары Потэра. Усе мае калегі да такой літаратуры ставяцца з пагардай. А для мяне гэта лекі ад хваробы і суму. Сябры лічаць, што я жартую. А я і тут усё раблю ўсур’ёз. Па-іншаму жыць не магу.

— Відаць, вас з усіх графічных тэхнік найбольш захапляе афорт?

— Сапраўды, калі адбываюцца перапынкі, напрыклад, трэба аформіць кнігу, я сумую па афортах. Дошка, ужо загрунтаваная, стаіць і чакае. Я кладу яе перад сабой і думаю, што ж мне такое зрабіць... Гэта ўжо не заказная праца: у афорце я ўвогуле нічога не раблю на заказ. Пачынаю маляваць з нейкага вугла паперы, малюю спачатку дрэва. Дрэва — гэта своеасаблівы “кручок”, які я “закідваю”,

каб зачапіцца за прастору карціны. Я, як “лясны” чалавек, спачатку адлюстроўваю расліну, а пасля насяляю яе жывымі істотамі. У першы ж дзень працы ведаю, што будзе ў выніку. Я працую — і шчаслівы. Але затраты ўнутранай энергіі такія вялікія, што потым увогуле нічога не магу рабіць.

— На персанальнай выстаўцы ў музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва вы прадстаўляеце не толькі афорты, ладную частку залы аддаяце кніжным ілюстрацыям.

— Персанальная выстаўка для мастака заўжды вынік, пэўная кропкаяго творчай біяграфіі. Калі шмат часу прысвячаеш кніжнай графіцы, атрымліваецца, што вынікам становіцца не толькі станковая работа, але і кожная выдадзеная кніга. Так адбылося і з энцыклапедыяй беларускага фальклору, ілюстрацыі да якой таксама знаходзяцца ў экспазіцыі выстаўкі. Кожная з іх ад пачатку адпрацоўвалася мною як цалкам самастойная праца. Фальклорны сюжэт ператвараўся ў рэальны, надзяляўся чалавечымі рысамі не толькі прыдуманых герояў казак, але і жывёл. Кожны лісток або кветка, кожны кот на вярбе, спражка на пантофлях, узор карункаў на манжэтах — усё я імкнуўся намаляваць падобна і дакладна. Я вырашыў адкрыць гэту выстаўку таму, што мяне абавязвае юбілейная дата. І яшчэ таму, што гэта — магчымасць сустрэцца з сябрамі. Сёння я добра ўсвядоміў, што вельмі важна час ад часу і чуць, і гаварыць шчырыя словы, якія ў паўсядзённым жыцці гучаць не так ужо часта. Зрэшты, прыемна, калі цябе ўспрымаюць такім, які ты ёсць, калі нікому нічога не трэба даказваць. Зусім нядаўна я ўдзельнічаў у выстаўцы ў Літве, дзе акрамя мяне былі запрошаны яшчэ некалькі беларускіх творцаў. Памятаю, як здзівілі мяне тады словы аднаго з эстонскіх графікаў, які не адразу згадзіўся з намі сустрэцца. Пазней ён растлумачыў: з узростам не шукаеш новых сустрэч, хочацца бачыць тых людзей, якія цябе любяць. І вось я таксама сёння адчуў: мне таксама прыемна бачыць тых, хто любіць мяне…

 Гутарыла Наталля ШАРАНГОВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА  Dsl