Гэта Скарына?

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Пытанні таямнічай сімволікі вядомых твораў айчыннага і сусветнага мастацтва хвалявалі не аднаго даследчыка культуры. “К” працягвае знаёміць чытачоў з версіямі адносна знакаў у творчасці Францыска Скарыны.

З біблейскіх часоў вядомае параўнанне хрысціянскай Царквы і Хрыста з вінаграднай лазой, але практычна невядома пра тое, што дубовая лістота сімвалізуе іудаізм і старазапаветнага Бога. Напрыклад, на вядомым Фрэйбургскім крыжы, што зараз знаходзіцца ў Эрмітажы, алегарычная выява "трыумфу Царквы" ўпрыгожана вінаграднай лазой, а "павержанай Сінагогі" - дубовай лістотай. Гісторыкі мастацтва адзначылі "загадкавасць выявы апошняй на капелюшы аднаго з "катаў" з босхаўскай карціны "Вянчанне цярновым вянцом". Яшчэ больш іх здзіўляў засмучаны выраз твару гэтага "ката", які з'яўляецца тэаморфным аўтапартрэтам мастака ў вобразе "нябачнага" Бога-Айца, які ў прамым і пераносным сэнсе падтрымлівае Сына. Ідэаграма ж Хрыста-Слова, якое "свае не пазналі", адлюстравана ў выглядзе стралы, што патрапіла не ў вуха, а ў капялюш аднаго з катаў. Як і прыжыццёвая тэаморфная выява Ф.Скарыны, другі тэаморфны аўтапартрэт Босха адлюстраваны на правай створцы славутага трыпціха "Сад асалоды" ў выглядзе так званага "Вялікага Твару" бясформеннага абстрактнага Бога рэнесансных філосафаў, выява якога пазбаўлена шыі і верхняй часткі галавы. Праз лацінскае слова Molitor ("млынар", "Творца Сусвету"), жорны, што вянчаюць гэты Твар, бясспрэчна, указваюць на Творцу. Адметны, практычна белы колер гэтага "Вялікага Твару" нібыта прыцярушаны мукой. Выява "Вялікага Твару Макрапрасофуса" адлюстроўваецца і на паверхні крышталю "філасофскага каменя" славутай "Меланхоліі" А.Дзюрэра. Рэнесансны антрапацэнтрызм і эмансіпацыя асобы абумовілі магчымасць з'яўлення тэаморфнай выявы Скарыны ў яго кнігах. У свой час мастак Лявон Баразна, які рыхтаваў першае поўнае выданне гравюр і ініцыялаў першадрукара, звярнуў увагу на падабенства выявы твару, змешчанага ў крузе літары "О", з тварам беларускага першадрукара. Змяшчэнне выявы Скарыны не на ініцыяле літары "Я", а менавіта ў крузе літары "О" невыпадковае. Як вядома, круг - сімвал Бясконцасці і Сусвету (Orbis). Менш вядома пра тое, што ён сімвалізуе Адвечнасць у непарыўным трыадзінстве Мінулага (ніжняя палова круга), Цяперашняга і Будучага (Верхняя палова). Выяву гэтага сімвала (кружочак з гарызантальнай рыскай) можна заўважыць над рэзананснай струной барабана, змешчанага на адным з ініцыялаў літары "Ч", а выяву сімвала Мінулага - у Верхняй частцы ініцыяла, упрыгожанага выявай аголенай жанчыны і чэрапа. Выяву ж сімвала будучыні (Вясёлку) - у левым верхнім куце "Меланхоліі". Шырока вядомыя словы святога Пятра аб людзях-камянях, з якіх будуецца будучае Царства Нябеснае. Выяўленчая ідэаграма гэтых слоў намалявана на карціне Дзюрэра "Мадонна з касачом" (лацінскае iris - таксама "вясёлка" - вядомы хрысціянскі сімвал Нябеснага Царства) у выглядзе каменнай аркі, у прагале якой відаць паўкруг неба і марскі гарызонт. Некалькі камянёў з яе падмурка (Мінулага) "перанесены" мастаком у "будучыню". Варта адзначыць, што гравюры і ініцыялы з кніг Францыска Скарыны здольныя праліць святло на пытанні, адказы на якія немагчыма атрымаць у тэкстах ягоных прадмоў.

 Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА

Гомель

На ілюстрацыях: літара "О" з выданняў Ф.Скарыны;

 фрагмент карціны А.Дзюрэра "Мадонна з касачамі".