Дыск, сквер, класс

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Сёння мала які аматар беларускай музыкі не прыгадае папулярную ў 1990-я гады песню “Край мой верасовы” ў выкананні ансамбля “Сябры”. Аўтара слоў гэтага шлягера — Івана Лашуткі — ужо няма з намі, аднак памяць пра таленавітага творцу і педагога, які ўсё жыццё выхоўваў у моладзі пачуццё любові да гісторыі і культуры роднай зямлі, сёння захоўваюць яго землякі з Вілейшчыны.

/i/content/pi/cult/212/2575/14-4.jpg

 Паэзія Івана Лашуткі, чалавека неабыякавага да жыцця, людскіх лёсаў, у свой час дала моцны імпульс развіццю аўтарскай песні раёна. Дзякуючы яму раскрылі свой талент самадзейныя аўтары Таццяна Захарыч, Людміла Шагава, Уладзімір Лапцік, Аляксандр Высоцкі, Леанід Гайчук, распачаў сваю дзейнасць народны калектыў аўтарскай песні "Элегія". Невыпадкова, што канцэрт - прэзентацыя дыска "Іду са словам да людзей", прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Івана Лашуткі, у якім прымалі ўдзел выканаўца яго вершаў, артыст Беларускага радыё Алег Вінярскі, заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткачэнка, гурт "Элегія", іншыя мясцовыя выканаўцы і аматары паэзіі, распачынае вялікі праект "Незабыўныя імёны Вілейшчыны". Як адзначыла адна з яго ініцыятараў - Таццяна Захарыч, праект прадугледжвае выхад серыі дыскаў, прысвечаных творчасці славутых землякоў, правядзенне шэрагу мерапрыемстваў па ўшаноўванні іх памяці. І варта адзначыць: успрымаюцца такія імпрэзы мясцовай публікай з вялікім захапленнем, а удзел у іх прымаюць як школьнікі, так і людзі сталага веку. Не выпадковая і цікавасць да самога дыска, дзе спалучаюцца паэтычныя радкі і чароўная музыка. Па словах Таццяны Мікалаеўны, у бліжэйшы час з мэтай ушанавання памяці паэта ў Вілейцы будзе добраўпарадкаваны сквер, які пасадзіў Іван Лашутка, а таксама створаны клас-музей у школе, дзе працаваў апошнія дваццаць гадоў Іван Іосіфавіч. У Год роднай зямлі здаецца невыпадковым зварот да надзвычай актуальнага пытання захавання ў кожным раёне Беларусі памяці пра выдатных мясцовых дзеячаў культуры, на якіх багаты наш край.

Канстанцін АНТАНОВІЧ,

наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Вілейка - Мінск