Фалькларыст з-пад... Лондана

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Чалавек жывы, пакуль памяць аб ім зберагаюць яго нашчадкі. І ў гэтым сэнсе знанаму беларускаму фалькларысту, пісьменніку і этнографу ХІХ стагоддзя Аляксандру Рыпінскаму пашанцавала: у гонар яго 6 чэрвеня на Ліёзненшчыне вось ужо трэці раз адбылося святаконкурс гісторыка-культурнай спадчыны.

 /i/content/pi/cult/212/2574/14-2.jpg

 Як часта здараецца, што мы, з пашанай узгадваючы пра тых ці іншых выбітных дзеячаў культуры і мастацтваў, гаворым пра іх агульнанацыянальнае значэнне. І не заўсёды ўсведамляем, што кожны з іх мае сваю малую радзіму. На Ліёзненшчыне пра гэта не забываюцца. На будынку гарадскога Дома культуры ўсталявана памятная дошка з надпісам: "На гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям'і, з якой паходзіў Марк Шагал". А ў былым маёнтку Страганы, дзе некалі жыў і працаваў яшчэ адзін знаны выхадзец з гэтых мясцін- Аляксандр Рыпінскі, усталяваны памятны камень. На жаль, сёння на месцы былой сядзібы - усяго толькі паляна, якая з-за капрызлівага слотнага надвор'я ў гэтым годзе "не згадзілася" прыняць усіх тых, хто прыехаў ушанаваць памяць Рыпінскага, і "Свята ў маёнтку Страганы" адбывалася "пад дахам" Ліёзненскага ДК. Ды, аднак, запалу і шчырасці сваіх яно ад гэтага не страціла.

Не сакрэт, што нямала беларусаў, чуючы імя Аляксандра Рыпінскага, наўрад ці шмат узгадаюць пра яго самога. Бадай, самае вядомае: ён у 1831 годзе напісаў і выдаў у Парыжы грунтоўную краязнаўчую кнігу-даследаванне пад назвай "Беларусь". Аднак акрамя яе гэты адукаваны чалавек, сябар Адама Міцкевіча, займаўся актыўнай папулярызацыяй свайго роднага краю, шмат выкладаў, пісаў вершы. Ён быў ці не першым з беларусаў, хто захапіўся фатаграфіяй, і свае здымкі выкарыстоўваў у якасці ілюстрацый да кніг, што выдаваў разам з ураджэнцам Навагрудчыны Ігнатам Яцкоўскім у заснаванай імі пад Лонданам Вольнай славянскай друкарні. Шмат павандраваўшы па Францыі, Англіі, Рыпінскі змог вярнуцца на радзіму - у цётчын маёнтак Страганы - толькі ў 1859 годзе, пасля царскай амністыі ўдзельнікам паўстання 1830 - 1831 гг., сярод якіх быў і творца. І тут ён не пакідаў весці актыўную дзейнасць. У прыватнасці, вядома, што ён склаў грунтоўную "Гісторыю беларускай літаратуры", куды ўвайшлі імёны 55 пісьменнікаў - ураджэнцаў гэтай зямлі. Ёсць усе падставы меркаваць, што працу гэтую яму ўдалося завяршыць, ды, на жаль, на сённяшні дзень каштоўны рукапіс страчаны. Пра гэта і не толькі распавядалі прысутным на свяце спецыялісты-навукоўцы, краязнаўцы, якія па крупінках збіралі звесткі пра свайго слыннага земляка. І гэты адукацыйна-асветніцкі момант для арганізатараў імпрэзы - аддзела культуры Ліёзненскага райвыканкама, Віцебскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра і ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама - надзвычай важны, бо людзі павінны не проста ведаць, маўляў, "недзе тут" нарадзіўся той ці іншы знакаміты чалавек, але і ўсведамляць высокае значэнне дасягненняў і здзяйсненняў, якія робяцца не дзеля ўласнай выгоды, а на карысць людзей, роднага краю.

Сама праграма свята-конкурсу была пабудавана ў традыцыйнай для ХІХ стагоддзя форме вечарыны, дзе для забавы гасцей гаспадар запрашаў цікавых музыкантаў, танцораў, спевакоў. Засяродзіўшы сваю ўвагу на музычных, спеўных і танцавальных жанрах, што карысталіся папулярнасцю амаль два стагоддзі таму, арганізатары і пабудавалі гэткім чынам конкурсную праграму, у якой прыняліўдзел калектывы не толькі з Ліёзненскага раёна, але і з блізкіх да яго Гарадоцкага, Віцебскага, Полацкага, Бешанковіцкага, Сенненскага, а таксама "Жалейка" з Віцебска і госці з расійскага Веліжа. "Разыначкай" свята стала "кулінарнае спаборніцтва", дзе былі прадстаўлены ўзоры традыцыйнай народнай кухні, - тымі стравамі ласаваліся нашы продкі з ХІХ стагоддзя. Ну, а ролю гасціннага гаспадара - самога пана Аляксандра Рыпінскага - сыграў акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Валянцін Салаўёў.

...У 2011 годзе споўніцца 200 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Рыпінскага. Ліёзненцы плануюць сустрэць гэтую дату грунтоўна. У іх планах - арганізацыя і правядзенне сур'ёзнай навуковай канферэнцыі з удзелам спецыялістаў-вучоных з Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі, Англіі - тых краін, дзе ў розныя гады жыў, працаваў і пакінуў свой след Рыпінскі. Такая сустрэча, безумоўна, стала б важным крокам у папулярызацыі дзейнасці гэтай асобы. А магчыма, у якасці блакітнай мары, у мясцовым музеі (і ўвогуле на беларускай зямлі) акурат з гэтай юбілейнай нагоды з'явіцца дарагі падарунак - копія знакамітай "Беларусі" Аляксандра Рыпінскага.

 Таццяна КОМАНАВА,

 наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Ліёзненскі раён - Мінск

На здымках: паланез на балі; такім Рыпінскага ўбачылі мастак-сучаснік і акцёр Валянцін Салаўёў.

 Фота аўтара