У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі маладога беларускага аўтара Арцёма Гізуна. Тут таксама можна пазнаёміцца з вершамі, складзенымі для кожнага фота венесуэльцам Джоэ Навасам, які вучыцца ў Беларусі, і пакінуць уласны верш альбо выказаць свае ўражанні аб выстаўцы. Фотаэкспазіцыя "Вобраз без межаў" не зусім звычайная: у ёй вобразы, словы і гукі, выказаныя сродкамі мастацтва, сімвалізуюць светапогляд і самабытнасць чалавека ў адпаведнасці з навакольнай прыродай і этнаграфічным кантэкстам Лацінскай Амерыкі. Цяпер з гэтымі вобразамі, словамі, гукамі можна сустрэцца ў Беларусі. Пачынаецца экспазіцыя "Вобраз і слова без межаў" з прэзентацыі візуальнай і літаратурнай паэзіі двух пачынаючых аўтараў, якія, не кіруючыся жорсткімі эстэтычнымі стандартамі, пераплятаюць вобразы і словы. Стваральнікі ўпэўнены, што жыццё само па сабе з'яўляецца найцудоўнейшай з паэм, падораных нам Творцам. Два маладыя паэты пераадольваюць адлегласці і аб'ядноўваюць дзве краіны - Беларусь і Венесуэлу. Беларус Арцём Гізун адлюстроўвае натуральны, спантанны вобраз, ператвараючы яго ў паэму, якая выходзіць за межы графічнага і імкнецца да пераўвасаблення ўяўнага. Венесуэлец Джоэ Навас інтэрпрэтуе вобраз з паўсядзённага жыцця без якіх-небудзь вытанчанасцей і хітрыкаў, надае яму славесную форму, ствараючы нескладаныя вершы.
Н.К.