Здымае вучань Пташука

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Напрыканцы бягучага года Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” плануе парадаваць гледача новай эксцэнтрычнай камедыяй. Здымкі стужкі “Грашовае дрэва” распачаліся ў маі і павінны завяршыцца праз некалькі месяцаў.

Цікава, што аўтары будучага фільма - вучні знакамітых кінарэжысёраў. Сцэнарыстка Марыя Мажар скончыла ў Маскве рэжысёрскую майстэрню Аляксея Учыцеля, а рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Канановіч - з ліку вучняў Міхаіла Пташука. Дарэчы, у свой час менавіта Канановіча называлі "надзеяй беларускайкамедыі". У 2004 годзе ён выпусціў кароткаметражную стужку "Колер кахання", якая атрымала прыязныя водгукі з боку маладой публікі. Пасля Аляксандр працаваў у Расіі, дзе зняў поўнаметражныя стужкі "Смокінг па-разанску" і "Дзевяць прыкмет здрады". І вось Канановіч вярнуўся на радзіму. Сюжэт "Грашовага дрэва" даволі просты і нагадвае знакамітыя "Белыя Росы" Ігара Дабралюбава. Карціна апавядае пра лад жыцця жыхароў невялічкай вёскі Вясёлае, якія вядуць гаспадарку адпаведна назве свайго населенага пункта і ўвесь час трапляюць у розныя недарэчныя сітуацыі. Ролі ў фільме выконваюць беларускія акцёры Марыя Возба, Аляксандр Казела, Паліна Сыркіна, Максім Брагінец. Нагадаем, што год таму на экраны краіны ўжо выйшла іншая камедыя "Беларусьфільма" - "На спіне ў чорнага ката" Івана Паўлава.

 С.А.