На ўзбярэжжы імправізацый

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Духавы квартэт “Riviera” — калектыў, па-сутнасці, “самадзейны”. Бо збіраюцца і рэпеціруюць музыканты ў вольны ад асноўнай працы час на грамадскіх пачатках, уласным энтузіязме і юнача-рамантычным душэўным парыве. Але ж удзельнікі ансамбля — зусім не аматары, а, наадварот, — суперпрофі. Іншых такіх не тое што ў краіне — у свеце не знайсці. Усе яны — лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў, стыпендыяты і лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Чаго тады здзіўляцца, што і сам квартэт заняў вышэйшую прыступку п’едэстала на Міжнародным конкурсе ў Фінляндыі ўжо праз год свайго існавання. Ды ўсё ж, мабыць, камусьці дзіўна: на што ім той квартэтны “галаўны боль”? З’яўляюцца артыстамі Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, дзе нагрузкі — не абы-якія, выступаюць і сольна, і ў складзе Дэцымета духавых Прэзідэнцкага аркестра. Працуюць і па сумяшчальніцтве: усе яны выкладаюць у сталічнай дзіцячай музычнай школе № 10 імя Я.Глебава.

/i/content/pi/cult/212/2571/13-1.jpg

 Хаця, мяркую, тых, хто хаця б аднойчы чуў выступленне квартэта "Riviera", падобныя "галаўныя" пытанні наўрад ці хвалююць: цудоўныя, з густам падабраныя праграмы (іх ажно сем), папраўдзе дасканалае выкананне, у якім адразу зважаеш на выразнасць і прыгажосць гуку, шмат беларускай музыкі розных эпох, арыгінальныя пералажэнні, элементы тэатралізацыі і інтэрактыву са слухачамі пад час выступленняў і, галоўнае, нават не мора (а менавіта такія асацыяцыі выклікае пераклад назвы ансамбля - "Узбярэжжа"), а - цэлы акіян эмоцый. Вось толькі выступае ансамбль не так ужо і часта, як хацелася б.

- Няўжо вам вольны час няма куды падзець? Ці ў аркестры замала нагружаюць? - "правакую" я суразмоўцаў.

Максім РАСОХА (габой), арганізатар калектыву і аўтар аранжыровак: - Творчасці замала не бывае. Дый увогуле, калі прасачыць гісторыю існавання многіх аркестравых калектываў, стане зразумела, што стварэнне ў іх камерных складаў - хутчэй, тэндэнцыя, чым выключэнне з правілаў. Менавіта так у свой час утварыўся знакаміты ансамбль "Кантабіле" з артыстаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Існуюць камерныя склады і ў знакамітых расійскіх аркестрах. А пасля аднаго з нашых канцэртаў да нас падышоў музыкант, які працаваў у філармоніі ў першыя пасляваенныя гады, і расказаў, як яны складалі свойдухавы квартэт - практычна першы такі ансамбль у Беларусі. Я ж спрабаваў арганізаваць свой уласны калектыў яшчэ ў гады навучання ў Акадэміі музыкі, тады ж зрабіў і першыя пералажэнні для такога складу. Дарэчы, быў у тым квартэце і наш цяперашні фагатыст Дзмітрый Солтан - сын знакамітага кампазітара Уладзіміра Солтана, а партыю кларнета выконваў Юрый Галяс - зараз вядомы малады дырыжор.

 - Першым днём існавання квартэта "Riviera" лічыцца 1 красавіка 2006 года. Гэта што, быў першакрасавіцкі розыгрыш?

Дзмітрый СОЛТАН (фагот): - "Вінаваты", мабыць, я. Бо гэта быў акурат першы дзень маёй працы ў аркестры. Падышоў Макс, прапанаваў "узгадаць былое" - і мы пайшлі "агітаваць" астатніх.

 Дзмітрый ЯРАЦЭВІЧ (кларнет): - Агітаваць? Атрымліваецца, я павінен напрыдумваць: быццам бы да мяне кларнетыстаў з дваццаць абышлі, ніхто, маўляў, не пагаджаўся - і вось я, нарэшце, такі малайчына... Ды не так усё было! Проста, граць у камерным ансамблі - вельмі цікава, тут і ўгаворваць не трэба. Дарэчы, праз гэты квартэт мы з Дзімам у другі раз сваіх мам "пасябравалі". Яны сустрэліся на нашым канцэрце - і тут высветлілася, што калісьці вучыліся разам (абедзве - віяланчэлісткі), толькі на розных курсах.

 - Дык і кларнет вы ў дзяцінстве абіралі свядома?

Д.Я.: - Яшчэ як! У Брэсцкай музычнай школе ў мяне запыталіся: "На чым хочаш граць - на кларнеце ці на саксафоне?" Выгаворваць слова "саксафон" мне было цяжкавата, дый у тыя гады гэты інструмент у нас быў яшчэ не такі распаўсюджаны, і я адказаў: "На кларнеце". А калі мне паказалі той кларнет - узрадаваўся, што зрабіў правільны выбар: саксафон нейкі "пагнуты", зусім не бліскучы, брыдкага колеру, а кларнет - гэткі стыльны, чорненькі, прыгожанькі. І так я яго палюбіў, што ён стаў для мяне бы яшчэ адной цацкай: здараецца, прыходжу ў школу, адкрываю футарал - а там замест кларнета маленькая машынка, і наадварот.

Таццяна КАРМАЗІНАВА (флейта): - Для мяне флейта не цацка - гэта маё ўсё. Я з дзяцінства хацела быць падобнай да бацькі-флейтыста: сама вырашыла, што буду займацца музыкай і граць менавіта на флейце.

М.Р.: - А я- першы музыкант у сям'і. Мой стрыечны брат граў на трубе, і бацькі вырашылі адправіць мяне тым жа шляхам - каб я меней бадзяўся па вуліцы. Як я ненавідзеў тую музыку! Хадзіў на заняткі, як на катаргу. А потым раптам закахаўся ў дзяўчынку-піяністку - і не мог ужо болей заставацца двоечнікам. Праўда, з-за той трубы з мяне аднойчы ўсе аднакласнікі смяяліся. Напрыканцы года ў агульнаадукацыйнай школе мы ладзілі спектакль паводле пушкінскай "Сказки о попе и работнике его Балде", а потым павінен быў быць канцэрт. Раптоўна іх памянялі месцамі, і я, як быў апрануты ў папоўскае адзенне, так і выйшаў з трубой. Уся зала проста палегла ад рогату. Карацей, у класе лічылі мяне ледзь не геніем, усе былі ўпэўнены, што я паступлю ў музычнае вучылішча, але ў той год быў надта вялікі конкурс сярод трубачоў, затое на габой- ніводнай заявы. І калі я не прайшоў па трубе, дык пагадзіўся на габой, каб толькі не вяртацца ў школу "з ганьбай".

- Асвойваць новы інструмент у падлеткавым узросце - дастаткова складана. Але ўсяго праз два гады навучання вы, наколькі мне вядома, занялі другое месца на рэспубліканскім конкурсе.

М.Р.: - У мяне былі цудоўныя настаўнікі, але шмат у чым я зрабіў сябе сам. Асабліва ўдзячны я дырыжору Барысу Чудакову, дзякуючы якому ўжо ў Акадэміі музыкі зразумеў узаемасувязь мастацкай "матэматыкі" і эмацыйнасці. Мяне ніколі не лічылі асабліва "музычным", эмацыйным - усяго гэтага я дасягаў уласнымі намаганнямі. Не тое, што Таня: яна ў нас, бы той Моцарт. Усяго дасягае, быццам гуляючы, так, прыхваткамі, на "хі-хі - ха-ха", - а вынікі такія, што астатнім і не снілася! Т.К.: - Ну, адпачываць таксама трэба ўмець! Без гэтага нельга, на адпачынак час неабходна знаходзіць заўсёды: тады лепей граецца.

 М.Р.:- А я ў вольны час люблю, зноў-такі, папрацаваць: прыгатаваць штосьці смачнае ды яшчэ і ўпрыгожыць яго так, каб усе толькі слінкі глыталі.

 - Так што вы для іх і за бацьку, і за маці: накорміце, напоіце, рэпеціраваць прымусіце, самі ўсе аранжыроўкі напішаце, пра канцэрты дамовіцеся...

М.Р.: - Не зусім так. Адміністратыўныя функцыі ў нас выконвае Дзіма Ярацэвіч: тэлефануе, дамаўляецца пра канцэрты... Зрэшты, гэта ж я сябе адбудоўваю па цаглінцы. А яны ж- людзі творчыя, іх трэба песціць, бы тыя расліны.

 Д.Я. (падміргвае): - А ён, між іншым, нам з Дзімам увесь час партыі блытае:фаготу на пульт ставіць партыю кларнета, а кларнету - фагота.

- Дык вы што, яшчэ і ўцяміць не можаце, што гэта не вашы ноты?

Д.С.:- Спачатку мы проста партыямі мяняліся, а калі памылка стала паўтарацца, вырашылі прынцыпова граць "па нотах". Рэпеціруем - Макс здзіўляецца: няўжо, маўляў, я мог такое напісаць? У мяне ж было іначай!

Т.К.:

- А на гастролях у Фінляндыі, калі пераязджалі з аднаго горада ў другі, Макс умудрыўся дзесьці згубіць частку маіх нот.

 М.Р.:- Выйшлі на сцэну, селі- як ворагі. Як у такім стане можна граць? Разумею, трэба неяк разрадзіць атмасферу. І калі мы выконвалі моцартаўскую Арыю Царыцы Ночы, я пад час паўзы ўстаў на калена і падарыў Тані кветку. Т.К.: - Я здзівілася, але стала яму неяк падыгрываць.

Д.Я.: - А мы з Дзімам увогуле падумалі, што Макс з глузду з'ехаў: то кветкі дорыць, то падпяваць-мурлыкаць пачынае.

М.Р.:

 - Затое публіка як узрушылася! Дый у музыкантаў настрой узняўся! Д.С.: - Усё роўна нас хаця б папярэджваць трэба - гэта ж такія неспадзяванкі!

 М.Р.: - Як я мог папярэдзіць, калі ўсё толькі ў той момант і прыдумаў? Спантанна - гэта цікава. А паўтараць усё аднолькава - сумна. Дый у канцэрце галоўнае - стасункі з публікай, яе спантанная рэакцыя. Калі мы, да прыкладу, выконваем фантазіі на музыку з кінафільмаў і мультфільмаў, я, здараецца, запрашаю залу нам падпяваць.

Д.Я.: - Аднойчы так наспявалі - нас чуваць не было! Выступалі мы перад школьнікамі - а тыя аказаліся "з харавым ухілам", ды яшчэ знакамітыя "Крылатыя арэлі" якраз былі ў іх рэпертуары! Толькі мы пачалі граць - усе ўстаюць і спяваюць!

М.Р.:

- Дык што ж тут дрэннага? Я вось тут зараз падумаў: а што, калі нам у "Карнавале жывёл" Сен-Санса - "Слана" пусціць гуляць па зале? Там у нас фагот саліруе (Зірнуў у бок Д.Солтана.) - нават сам інструмент да хобата падобны. У Акадэміі музыкі, прынамсі, не перашкодзіла б выкладаць акцёрскае майстэрства - не толькі вакалістам, якія займаюцца ў опернай студыі, але і ўсім інструменталістам.

 - Тым больш, што ў сусветнай музычнай культуры ўсё больш запатрабаванымі становяцца тэндэнцыі інструментальнага тэатра. Калі фарміруеце праграму, на што арыентуецеся? Можа, яшчэ і на магчымасць тэатралізацыі асобных нумароў?

М.Р.: - Не, усялякія "выбрыкі" нараджаюцца спантанна. Два гады таму, да прыкладу, на конкурсе ў Фінляндыі я раптам прапанаваў выйсці на сцэну не ўсім разам, а паасобку - так, як кожны з нас уступае са сваёй партыяй. Мы не імкнёмся "замяніць аркестр", таму ў сваіх пералажэннях я звычайна не звяртаюся да партытур: яны стрымліваюць фантазію, вымушаюць выкарыстоўваць адны і тыя сольныя інструменты. Мне ж хочацца, каб кожны голас у нашым квартэце быў сольным і зусім не абавязкова гучаў у звыклым рэгістры. Затое потым усе здзіўляюцца: як нечакана гучыць, але ж як цікава!

 "Падзівіцца" можна будзе 25 чэрвеня: квартэт "Riviera" выступіць з праграмай старадаўняй беларускай музыкі ў Доме-музеі Ваньковічаў. А ў новым сезоне ансамбль сыграе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі два аддзяленні музыкі Яўгена Глебава. Дарэчы, за пералажэнні старадаўняй беларускай музыкі і твораў Я.Глебава М.Расоха быў адзначаны дзяржаўнай стыпендыяй на 2009 год.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ