Кожная хата — музей

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Напрыканцы мая на Капыльшчыне, у аграгарадку “Семежава”, адбылося рэгіянальнае свята-конкурс па ткацтве традыцыйнага ручніка “Млечны шлях ад рук бабулі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел звыш пяцідзесяці майстроў з Бярэзінскага, Валожынскага, Вілейскага, Капыльскага, Салігорскага, Слуцкага, Старадарожскага, Чэрвеньскага і Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці. Кожны рэгіён дэманстраваў сваё мастацтва на выстаўцы, якая разгарнулася ў парку і вабіла непаўторнасцю і самабытным густам.

 /i/content/pi/cult/212/2570/12-3.jpg
 Спакон вякоў у Семежаве было развіта ткацтва. І сёння кожная вясковая хата - своеасаблівы міні-музей. Каля 60 ткачых - носьбітаў старажытнага народнага рамяства - маюць паслядоўнікаў. З 2005 года, згодна з раённай праграмай па адраджэнні і развіцці народнай творчасці, мастацкіх промыслаў і рамёстваў, у вёсцы пачаў працаваць раённы Цэнтр ткацтва. Капыльшчыну на свяце прадстаўлялі пяць творцаў, сярод якіх - Валянціна Гладкая і Валянціна Кіеня, што маюць званне "народны майстар Беларусі". Даша Рудзеня, якая дэбютавала ў мінулым годзе на свяце ткацтва ў Старых Дарогах і атрымала дыплом у намінацыі "За развіццё традыцыйнага ткацтва і выраб лепшага ходніка", значна вырасла ў сваім майстэрстве, узялася за больш складаную працу і атрымала дыплом "За высокае прафесійнае майстэрства і мастацкі густ". Прадэманстравала сваё ўменне і яшчэ адна маладая майстрыха - выпускніца Салігорскага педагагічнага каледжа Таццяна Волкава. Яна добра вышывае, вяжа, валодае прыёмамі саломкапляцення, а за тры гады работы ў якасці майстра-метадыста раённага Цэнтра ткацтва асвоіла ткацкі станок. За ўдзел у конкурсе атрымала дыплом у намінацыі "За творчы дэбют". Валянціна Кіеня сёлета шчыруе над стварэннем знакамітых семежаўскіх чырвона-белых ручнікоў, выкананых у закладной тэхніцы ткацтва. Гэтыя ручнікі і былі прадстаўлены на выстаўцы хатніх работ, а майстрыха стала лаўрэатам свята. Журы ўзначаліла Марыя Віннікава - навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН РБ, кандыдат мастацтвазнаўства. Лаўрэатамі і дыпламантамі конкурсу сталі Таццяна Міхалькевіч, Вольга Давыдкіна, Аляксандра Праташчык са Старадарожскага раёна, Наталля Барынь са Слуцкага, Вітольд і Раіса Малюткі з Валожынскага, Тамара Гіль з Вілейскага раёна, Тамара Крыварот і Марыя Архіпец з Бярэзінскага раёна і многія іншыя.
Наталля ХОЛАД, дырэктар Цэнтра ткацтва Семежава
Фота Данііла КАНАПЕЛЬКІ