Балет беларускага цырка скарыў Сінгапур

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Артысты балета “Belstars” Беларускага дзяржаўнага цырка занялі першае месца на фестывалі ў Сінгапуры Chigay Asias grandest street&floats. Аб гэтым на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла дырэктар — мастацкі кіраўнік “Белдзяржцырка”, акадэмік Нацыянальнай акадэміі цыркавога мастацтва Таццяна Бандарчук.

 /i/content/pi/cult/111/257/Singapur.jpg
“Шоу беларускага калектыву было настолькі прыгожым, — адзначыла дырэктар, — што пасля першых жа рэпетыцый менавіта дзяўчатам “Belstars” быў даручаны гонар адкрываць сінгапурскі фестываль”. “Chigay фэст — гэта вялізнае шэсце-карнавал, — распавёў журналістам кіраўнік беларускай групы Сяргей Бандарчук. — Перад шматмільённай публікай рухаюцца-плывуць вялізныя машыны-лодкі, на якіх танцуюць артысты.
Шоу вельмі захапляльнае, яскравае, але, у той жа час, небяспечнае для яго ўдзельнікаў”.
Спецыяльна для выступлення на фестывалі дзяўчатам балета былі пашытыя раскошныя касцюмы і неверагодныя галаўныя ўборы з пер’я. “Цябе падымаюць на вышыню прыкладана трохпавярховага будынка, — дзяліліся сваім экстрэмальным вопытам артысткі балета “Белдзяржцырка” Марына Зубец і Маргарыта Сераокая,— і гэта, канешне, справа не для слабанервовых. Тым больш, калі ўсе чатыры гадзіны карнавалу трэба танцаваць у вялізным капелюшы з пер’я , які “працуе” проста як ветразь”.
І ўсё ж, нягледзячы на ўсе перашкоды, менавіта лодка беларускіх артыстаў сярод трыццаці краін-удзельніц парада была прызнана самай прыгожай і грацыёзнай. Прэзідэнт Сінгапура асабіста павіншаваў балет “Belstars” з перамогай і запрасіў да ўдзелу на наступны год. Усяго ж у фестывалі прынялі ўдзел калі 15 тысяч артыстаў, і Беларусь была адзінай краінай-прадстаўніцай Еўропы на карнавале.
“Мы проста адкрылі для Сінгапура Беларусь, — адзначыў Сяргей Бандарчук, — і на наступны год плануем паказаць на Chigay-фэсце не толькі балет, але і цыркавыя нумары”. Гэтаксама ў планах Белдзяржцырка прадставіць сінгапурскаму гледачу і юных беларускіх танцораў-бальнікаў Андрэя Кіцуна і Юлію Крэпчук, якія толькі на днях атрымалі першае месца ў намінацыі “Венскі вальс” на прэстыжным фестывалі ў Вялікабрытаніі “Blackpoll”.

Д.А.