Зноў — Першы!

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Гродна мае ўсе падставы, каб прэтэндаваць на ролю буйнога цэнтра харэаграфічнага мастацтва. Згадайма і, без перабольшвання, міжнародную вядомасць калектываў “Белыя росы” ды “ТАД”, і высокую рэпутацыю харэаграфічнага аддзялення каледжа мастацтваў, выпускнікі якога папаўняюць самыя вядомыя ансамблі краіны. А вось прадстаўнічага танцавальнага форумуў горадзе па-над Нёманам не было. Прынамсі, да гэтага года.

 /i/content/pi/cult/212/2568/12-1.jpg

 Лакальны фестываль "Гарадзенскія карункі" не мог прэтэндаваць на ролю такога знакавага мерапрыемства. Таму абласное ўпраўленне культуры вырашыла распачаць яго гісторыю наноў - разам з нумарацыяй: сёлетні фестываль стаў не сёмым, а зноў першым - праўда, у яго тытуле з'явіліся словы "адкрыты" і "маладзёжны". Адно з вызначэнняў сведчыць аб новым статусе фестывалю, а другое - дэталізуе яго тэматыку.

Новай стала і пляцоўка правядзення - нядаўна адкрыты пасля рамонту Драматычны тэатр, дзе публіка магла напоўніцу ацаніць магчымасці светлавога абсталявання залы. У самыя ўдалыя моманты дзеі здавалася, быццам ты знаходзішся ў палоне камп'ютэрных спецэфектаў. - Вядома, мы добра падрахавалі выдаткі перад тым, як рашыцца праводзіць гэты фестываль, - прызнаўся намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Маціевіч. - Самі ведаеце: час цяпер для новых пачынанняў не самы спрыяльны. Аднак, урэшце, магчымасці мы знайшлі, прычым - выключна сваімі сродкамі. Іх, дарэчы, спатрэбілася адносна няшмат. Мы эканомілі кожную капейку, але ж пры гэтым паставілі сабе за мэту забяспечыць гасцям прыстойныя ўмовы побыту. Здаецца, атрымалася. І паглядзіце: уваход быў па білетах, але ж зала - паўнюткая! У ліку гасцей былі калектывы з Масквы і Роўна, а таксама фальклорны ансамбль "Шуплятлергруп" з аўстрыйскага Альтэнберга. Забяспечыць "міжнароднасць" фестывалю ўдалося не праз дадатковыя выдаткі, але дзякуючы тым культурным сувязям, якія ўпраўленне культуры падтрымлівае пастаянна. Прыезд на фестываль маскоўскага ансамбля "Юность" стаў вынікам даўняга сяброўства вобласці з Паўночна-Заходняй акругай Масквы. Аўстрыйскі калектыў у Гродне ўжо не ўпершыню. Праўда, мінулым разам прыязджалі яго старэйшыя ўдзельнікі, а цяпер - маладзёжны склад ансамбля. Дарэчы, па словах галоўнага спецыяліста абласнога ўпраўлення культуры Людмілы Лебедзь, выбар "маладзёжнага" профілю абумоўлены жыццём. І тымі выхаваўчымі задачамі, якія ставіць дзяржава перад галіной культуры. Менавіта слова "маладзёжны" вызначала фармат фестывалю.У астатнім - ніякіх рамак: "народныя" нумары суседнічалі ў фестывальнай праграме з бальнымі танцамі, а тыя, у сваю чаргу, - з хіпхопам. Знайшлося нават месца для "танца жывата" ў бліскучым выкананні музычнага тэатра "Рада". - Для нас было важна адсачыць тыя тэндэнцыі, якія актуальны для харэаграфіі Гродзеншчыны на сённяшні дзень, - адзначыла Людміла Лебедзь. - І таму мы нікога не абмяжоўвалі ў творчым самавыяўленні, не навязвалі тэму або манеру.

Адна з гэтых тэндэнцый - пераўтварэнне танцавальнага нумара ў паўнавартасную тэатральную пастаноўку з усімі яе кампанентамі: сюжэтам, арыгінальным гукавым аздабленнем, не кажучы ўжо пра касцюмы. Запамінальным эпізодам фестывальнага канцэрта стаў своеасаблівы міні-спектакль "Лялькі" шоу-групы "Дартлі", створанай студэнтамі Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Сярод плоймы зладжаных і відовішчных дзіцячых нумароў прыкметна вылучаліся пастаноўкі знакамітых "Лялечак" - ці не адзінага ў краіне заслужанага дзіцячага калектыву з сельскай мясцовасці. Нават не верылася, што гэтае грандыёзнае відовішча паўстала ў невялічкім аграгарадку "Абухава". А вось выступленне аўстрыйскіх гасцей уразіла не адшліфаванасцю харэаграфічнай лексікі, а, хутчэй, поўнай яе адсутнасцю. Ансамбль здолеў стварыць атмасферу вечарыны ў аўстрыйскай вёсцы, - а на такіх імпрэзах пра "харэаграфічную лексіку" ніхто не задумваецца. Хлопцы і дзяўчаты не "дэманстравалі ўзровень", а проста прыемна адпачывалі ў прысутнасці публікі, выпраменьваючы сваю, не пашкоджаную "прафесійнымі" штампамі, непасрэднасць.

/i/content/pi/cult/212/2568/12-2.jpg

 

Ядром фэсту, безумоўна, сталі тыя калектывы, якія гродзенскай публіцы прадстаўляць няма патрэбы. Група сучаснай харэаграфіі "ТАД" паказала сваю прэм'ерную пастаноўку "Туман" - медытатыўны досвед "пластычнай паэзіі". Другім аддзяленнем канцэрта стала своеасаблівая справаздача цёзкі фестывалю - танцавальнага ансамбля Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў "Гарадзенскія карункі". Цягам гадзіны з лішкам калектыў прадэманстраваў усю палітру свайго рэпертуару: і народныя танцы з элементамі акрабатыкі, і вальс пад музыку "Queen", і шэраг арыгінальных пастановак выкладчыкаў каледжа, і бліскучае папуры з нацыянальных танцаў розных краін... - Запомніце твары гэтых танцораў, - парэкамендаваў мне Сяргей Маціевіч. - Больш чым упэўнены, што праз які год-два вы ўбачыце многіх з іх у складзе "Харошак" або Дзяржаўнага ансамбля танца. Выпускнікі аддзялення не маюць праблемы з працаўладкаваннем.

Рознабаковасць праграмы істотна ўскладняла працу журы, якое ўзначальвала загадчык кафедры харэаграфічнага мастацтва БДУКіМ Святлана Гуткоўская. І пад час абвяшчэння вынікаў публіку чакаў сюрпрыз. Справа ў тым, што арганізатары вырашылі адмовіцца ад звыклай для любога фэсту "раздачы сланоў". Прызавыя месцы наогул не вызначаліся. Затое кожны ўдзельнік - ад дэбютантаў і да праслаўленых "Белых рос" - атрымаў аднолькавай значнасці дыпломы. Камусьці іх давалі проста "за ўдзел", а камусьці - з больш арыгінальнай фармулёўкай, якая адлюстроўвала непасрэдныя заслугі калектыву.

 Ілля СВІРЫН,

наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Гродна - Мінск

На здымках: група сучаснай харэаграфіі "ТАД"; ансамбль "Гарадзенскія карункі".

Фота аўтара