Як вынікова гаспадарыць па астаткавым прынцыпе?

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

У гэтага публіцыстычнага сюжэта некалькі дзейных асоб. Старшыня Іўеўскага райвыканкама Валянцін Пракопік, начальнік мясцовага аддзела культуры Георгій Гагарын... Але ў цэнтры артыкула, неаспрэчна, — сельская культура, якая без штодзённай усебаковай увагі чэзне, нібы хатняя кветка без паліву. А цяпер — факты, што “натхнілі” на чарговую журналі с цкую камандзіроўку: у аграгарадках “ Тр а б ы ” ( 2 0 0 6 г о д здачы) і “Суботнікі” (2007) сельскія дамы культуры знаходзяцца ледзь не ў аварыйным стане. У тым, што гэтыя ўстановы насуперак новаму аграгарадоцкаму статусу застаюцца лядашчымі, кіраўнік раёна абвінавачвае аддзел культуры. Маўляў, з-за такой абыякавасці ніколі мы не здолеем стаць багатымі. І калі займацца рамонтам у сферы культуры, дык рабіць яго варта так, каб аб’ект гэты пасля цягам паўвеку вочы не муляў. Цалкам згодны з такой пастаноўкай пытання. Але ў начальніка аддзела культуры свае, часам надта слушныя, контраргументы. Поўнага ж узаемаразумення паміж кіраўніком раёна і начальнікам аддзела пакуль няма. Між тым, уменне працаваць у звязцы на ніве ўмацавання матэрыяльнай базы культуры — кшталту рэдкага мастацтва. І праблема гэтая, як пераконваюць шматлікія журналісцкія камандзіроўкі, датычная не толькі Іўеўскага раёна. А ў выніку пакутуе сельская культура, дыскрэдытуецца ідэя аграгарадоцкага планавага пераўтварэння вёскі.

Пра "жукоў", бюджэт і канструктыўны вынік

Давайце паспрабуем разабрацца ў няпростай сітуацыі. Агаваруся папярэдне: назбіраць "жукоў" у сферы культуры любога рэгіёна - не вялікая праблема. Галоўнае, да якой мэты пры гэтым імкнуцца. Пацешыць самалюбства гэткага, нібыта адзінага ў свеце бескампраміснага, праўдашукальніка - гэта адно. Абудзіць жа грамадскую думку, агульнымі намаганнямі дасягнуць канструктыўнага выніку- зусім іншае. Гэтага "К", безумоўна, і прагне... Начальнік аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама Георгій Гагарын на гэтай пасадзе з 2007 года. Пазнаёміўся з ім летась, у снежні, калі рыхтаваўся адзін з апошніх артыкулаў для рубрыкі "Культасветработа: ракурс адказнасці" і нашай рэдакцыйнай кнігі "Найноўшая спадчына Новай Зямлі (Беларусь культурная: камандзіроўка ў 1000 дзён)". Пісаў пра пазабюджэтную дзейнасць у сферы культуры Іўеўшчыны. Нагода была невыпадковай: рост паказчыка платных паслуг у супастаўных цэнах перавысіў летась 130 працэнтаў. У час сёлетняга прыезду ў раён запытаўся ў начальніка аддзела культуры: "Ці паказвалі той артыкул старшыні райвыканкама?" "Не, - адказаў Гагарын. - Не любіць наш кіраўнік дыфірамбаў ні на свой адрас, ні на адрас аддзела культуры!" Яшчэ больш пачаў паважаць і Гагарына, і Пракопіка.

 /i/content/pi/cult/212/2567/10-1.jpg

 У апошняга - яшчэ тое кіраўнічае "ярэмца": раён - трэці па велічыні ў вобласці (370 населеных пунктаў, шмат аддаленых і маланаселеных), бюджэт - датуемы дзяржавай, прамысловасці - амаль ніякай, а падстаў для штодзённага галаўнога болю - незлічоная колькасць. Так што прычын для "дыфірамбаў", па меркаванні старшыні, няма аніякіх, - працаваць трэба... Не бяруся спрачацца, хоць і не лічу, што прапаганда іўеўскага досведу па аказанні платных паслуг, вартага паўсюднага пераймання, - перабольшаная пахвала. Дый не пра гэта гаворка цяпер... Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, кіраўніцтва раёна за апошнія гады выдаткавала больш за 800 мільёнаў на рэканструкцыю крамы ў ДК (гарпасёлак Юрацішкі), "з нуля" быў узведзены клуб у Эйгердах, якасна адрамантавалі ўстановы культуры ў Ліпнішках. Знайшліся грошы і на райцэнтраўскае абнаўленне: ледзь не паўмільярда асвоена пры капрамонце РДК, больш за 600 мільёнаў рублёў - пры рамонце Іўеўскай райбібліятэкі. Дый начальнік аддзела культуры за няпоўныя два гады працы на пасадзе, як бачыцца, не спаў у шапку. Усе даведзеныя паказчыкі і стандарты ў галіне культуры, як паведаміў мне пасля камандзіроўкі начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, аддзел Георгія Гагарына цягам гэтага часу стабільна выконвае. Раней, маўляў, пра гэта толькі марыць заставалася. Ад сябе дадам хіба адно: даспадобы мне не толькі актыўная пазабюджэтная дзейнасць, але і сённяшняя кадравая палітыка ў сферы культуры Іўеўшчыны. Пра гэта і летась пісаў, і ў цяперашнім артыкуле згадаю. Не ацэньваю ні Пракопіка, ні Гагарына і не хвалю нікога з іх. Проста, на фоне гэтай, больш чым красамоўнай, фактуры аб занядбанай матэрыяльнатэхнічнай базе хачу разабрацца, чаму ў Суботніках і Трабах і па сёння няма прыстойных СДК, якія напоўніцу адпавядалі б сучаснаму статусу сяла?

/i/content/pi/cult/212/2567/10-2.jpg

 

Па астаткавым прынцыпе...

Вёска Суботнікі стала аграгарадком у 2007-м. Мясцовая школа, сельсавет, ФАП былі прыведзены ва ўзорны стан. А вось установы культуры... Суботнікі, па сутнасці, сталі першым будаўнічым выпрабаваннем начальніка аддзела культуры. Не скажу, што вытрымаў ён яго ўзорна. Капітальны рамонт бібліятэкі за кошт аддзела культуры- асвоена 10 мільёнаў рублёў - і з дапамогай ягонай гаспадарчай групы быў завершаны толькі ў мінулым годзе. Пытанне ж з СДК не вырашана і па сёння. Сітуацыю каменціруе начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка: "Спынілася фінансаванне. У нас жа як прынята? Аб'екты адукацыі, аховы здароўя ў межах Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцці сяла мэтава забяспечваюцца грашовымі сродкамі на рамонт і рэканструкцыю. А аб'екты культуры- толькі па астаткавым прынцыпе". Пагадзіцеся, такое тлумачэнне для нашых культасветнікаў - ужо кшталту крылатай фразы. Старшыня Іўеўскага райвыканкама Валянцін Пракопік не лічыць усё гэта ўважлівай прычынай для расслаблення маральных і фізічных сіл. Пагаджаюся: за ім праўда кіраўніка - Пракопік прагне, каб раён стаў багатым, і тут без рупнасці і ініцыятыўнасці кожнага падначаленага не абысціся. Тым больш - у складаных будаўніча-рамонтных перыпетыях пераўтварэння вёскі ў аграгарадок. А перыпетыі, звязаныя з мясцовым сельскім Домам культуры, наступныя. Яго будынак знаходзіцца на балансе СВК "Суботнікі". Гадоў гэтаму дамку не меней, як за трыццаць. Але нічога - трымаецца. Дый месціцца ва ўтульным месцы: крыху наводдаль ад шыкоўнага адміністрацыйнага цэнтра вёскі, побач з маляўнічым лужком, дзе і валейбольная пляцоўка, і прастора для народных гулянняў... Адна бяда: па знешнім і ўнутраным выглядзе ўстанова да сённяшніх вясковых стандартаў ніяк не дацягвае. "Аграгарадок да вашага СДК так і не дайшоў!" - абурана заўважыў старшыня райвыканкама. Менавіта ён у свой час прапанаваў перавесці Дом культуры ў памяшканне зачыненайкрамы, што знаходзіцца побач з плошчай і мясцовым касцёлам. Іншых варыянтаў не існавала і не існуе. Праўда, будынак даўно не выкарыстоўваецца і патрабуе немалых фінансавых уліванняў на грунтоўную рэканструкцыю. Грошы на той час для гэтага быццам былі... Але крама знаходзіцца на балансе раённага спажывецкага таварыства, якое падпарадкоўваецца вобласці. Менавіта папяровая валтузня па пераводзе будынка на баланс аддзела культуры (не завершана яна, дарэчы, і па сёння) і перашкодзіла далейшаму развіццю падзей. Аграгарадок не быў абвешчаны пераходным. Інакш кажучы - пацярпеў толькі СДК. Фінансаванне спынілася. Перспектыў на сённяшні час - аніякіх. Ці вінаваты ў гэтым начальнік аддзела культуры? Вінаваты. Але не да такой, на мой погляд, ступені, каб абвінавачваць яго на другім годзе працы ў злачыннай бяздзейнасці. Вось што думае на гэты конт начальнік аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любоў Фосцікава (яе лічу ў дадзеных пытаннях досыць дасведчаным экспертам, бо грошы на рамонт і рэканструкцыю аб'ектаў асвойвае яна, проста скажам, віртуозна): "Абвінаваціць - лёгка. Цяжэй - дапамагчы, навучыць, падказаць - "сыграць у звязцы". Інакш на гэтай будаўнічай справе толькі гузакоў наб'еш, а справы не зробіш... Дапамагаць тут, на маю думку, павінны найперш намеснікі старшыні райвыканкама па сацыякультурных пытаннях і будаўніцтве. І на вучобу такую не год, не два спатрэбіцца..." Тым не менш, праблема засталася праблемай на няпэўны час. Адзінае выйсце - па восені ўключыць аб'ект у раённы бюджэт 2010 года, што, натуральна, яшчэ больш звяжа па руках кіраўніка Іўеўшчыны. А ён не збіраецца спыняцца на сёлетняй здачы двух знакавых аб'ектаў гарадской культуры- музея і ДШМ, а дбае таксама і пра развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі рэгіёна. Сваё бачанне скасавання праблемы ёсць і ў начальніка мясцовага аддзела культуры (але пра гэта - пазней). А Суботнікі, між тым, жывуць спадзяваннямі. Вось што кажа, да прыкладу, кіраўнік тутэйшага СВК Уладзімір Ліхарад: "Занадта малая зала ў сённяшнім СДК - на 108 месцаў, а ў вёсцы- 800 жыхароў. Пасля ўзбуйнення нашай сельскай гаспадаркі да Суботнікаў дадалася яшчэ і вёска Жамыслаўль- усе працаўнікі цягам агульных сходаў у СДК проста не месцяцца. Так што без новага клуба - ніяк!" Дарэчы, пра кадравую палітыку начальніка аддзела культуры. Не надта спраўлялася з абавязкамі дырэктар Суботнікаўскага СДК. Георгій Гагарын замяніў яе імгненна. Кіраўнік СВК, ацаніўшы руплівасць новай дырэктаркі, пачаў актыўную дапамогу вясковым культасветнікам: набыў музычную апаратуру, тэлевізар, сцэнічныя касцюмы. Так што план па аказанні платных паслуг у Суботніках выконваецца стабільна - яшчэ адзін доказ таго, што пры шчыльным узаемадзеянні ўлад і культасветнікаў праблемы вырашаюцца канструктыўна і без прамаруджванняў. А які лёс чакае ў перспектыве стары будынак СДК? На ўзроўні дзвюх вясковых структур - сельскагаспадарчага кааператыва і клуба - усё прадумана. Ніякіх зносаў, як кажа Уладзімір Ліхарад, не плануецца. У старым будынку размесціцца маладзёжны культурна-забаўляльны цэнтр з більярдам і гульнявымі аўтаматамі, якія кіраўнік СВК збіраецца набыць за кошт сваёй гаспадаркі. Вось такі кансенсус... У складаны час выжывае мацнейшы. І не эканамічны фактар з астаткавым прынцыпам тут, як падаецца, вырашальны. Як казала мая бабуля, будзе любаценне ў сям'і - знойдзецца і палцінка ў ліхую гадзінку. Хто аспрэчыць?!

 /i/content/pi/cult/212/2567/10-3.jpg

 

Трабы трэба бачыць!

Чарговы галаўны боль начальніка аддзела культуры - будынак Трабскага дома культуры, якому амаль 80 гадоў. Напярэдадні 2006-га, калі вёска рыхтавалася афіцыйна стаць аграгарадком, драўляную хату, дзе калісьці месцілася карчма, меркавалася знесці, а на вызваленай плошчы ўзвесці клубны навабуд. Не атрымалася. Спрацаваў, відаць, усё той жа банальны прынцып астаткавага фінансавання. У выніку спадчына Георгію Гагарыну дасталася ў 2007 годзе не з самых багатых. Капітальны рамонт тут быў зроблены апошнім разам у 1986-м. Некалькі гадоў таму пажарны нагляд забараніў эксплуатацыю клубнай часткі будынка (пад адным дахам дзейнічае ў драўляным, не надта выкшталцоным дамку і бібліятэка). Клубнікі падаліся ў "арандатары", пачалі ладзіць канцэрты і танцавальныя вечары ў зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу. План па аказанні платных паслуг за мінулы год перавыканалі, нават у такіх неспрыяльных умовах зарабілі 4,2 мільёна. Яшчэ адзін доказ правільнай кадравай палітыкі начальніка аддзела культуры. За год культасветнікі ладзяць у вёсцы ледзь не па 200 мерапрыемстваў. Дарэчы, мясцовая моладзь аддае перавагу менавіта клубным танцавальным вечарам, бо насычаныя яны конкурсамі і адмысловымі сучаснымі музычнымі праграмамі. Дыскатэкі, што ладзіць у тутэйшай кавярні "Гродзенскі кінавідэапракат", прывабліваюць збольшага людзей сярэдняга веку, бо працуе тут буфет, можна пасядзець за столікамі, а танцы - як нязмушаны антуражда вячэры. Аднак гэта тэма для іншага матэрыялу... А бібліятэкары Трабаў па выніках абласнога конкурсу лічацца лепшымі сярод вясковых калег, бо здолелі пераўтварыць сваю ўстанову ў дзейсны інфармацыйны цэнтр. Сказаць папраўдзе, я столькі чытачоў за некалькі гадзін сваёй працы ў Трабах больш не бачыў нідзе... Але вернемся да асноўнай канвы артыкула. Клубнікі няздольныя выканаць у поўнай меры супрацьпажарныя патрабаванні колішняй экспертызы, бо спецыяльнай прапіткай нельга апрацоўваць драўляныя панелі ўнутранай аддзелкі, пакрытыя лакам. Праблем хапае і з бібліятэчным памяшканнем. Гіпсавая столя (яшчэ савецкіх часін) пагрозліва правісла. Там-сям у СДК працякае дах, гніе падлога. Вердыкт старшыні Трабскага сельсавета Аляксандра Гурына адназначны: бібліятэка пераязджае ў сельсавецкі будынак, клубнікі застаюцца ў старым памяшканні, якое папярэдне будзе капітальна адрамантавана. Тэрмінаў рэалізацыі гэтых выпакутаваных задумак не называе ніхто. Для мяне ж такая "дыспазіцыя" з пераездамі-рамонтамі падаецца досыць сумніўнай. Зараз растлумачу, чаму. Хоць і жыве ў Трабах крыху больш за 800 чалавек, але назваць населены пункт вёскай язык не паварочваецца. Шмат моладзі, старадаўнія царква і касцёл, адмысловая забудова галоўнай вуліцы, "асучасненай" як мае быць перад здачай аграгарадка, маляўнічая рачулка ў цэнтры і замкавая гара на выездзе - усё гэта нагадвае адмысловае заходняе мястэчка. Такое, зрэшты, як Эйгерды, Гранёны, Ліпнішкі, Дуды... А сельскі Дом культуры тут, крыўдна да болю, - выглядае, прыкладна, як і ў Суботніках. І нават не ў "перыферыйнасці" месцазнаходжання справа, галоўнае - састарэлы выгляд клубнага будынка ў Трабах ніяк не пасуе абліччу мястэчка. "Моладзі ў нас, сапраўды, многа, - кажуць дзяўчаты-прадаўшчыцы ў адной са шматлікіх крам, раскіданых па звілістай галоўнай вуліцы. - Летам студэнты на канікулы з'язджаюцца. А адпачыць - няма дзе. Сорам!" Па сутнасці, у час аграгарадоцкіх шчыраванняў варта было ўзводзіць новую ўстанову культуры "з нуля", альбо рэканструяваць наяўны будынак (а іх у Трабах хапае, узяць хаця б тую самую кавярню ці школьную майстэрню...)- сціпла, з густам, каб і воку было прыемна, і наведвальніку. Знайшліся ж, урэшце, памяшканні і грошы на іх рамонт пад кантору мясцовай сельскай гаспадаркі, сельсавет... Але разважаць пра гэта ўжо позна (ці яшчэ зарана?), і з матэрыяльнай базай сельскай культуры ў Трабах сёння мы маем, на жаль, тое, што маем: максімум праблем і амаль ніякага выйсця пры раённай грашовай нішчымніцы. Словам, хоць і маляўнічыя Трабы, але назваць мястэчка еўрапейскім па форме і змесце можна будзе тады, калі навюткія сцены, шыбы і дах займее не толькі адміністрацыйная забудова, але і клуб з бібліятэкай... І каб потым дзесяткі гадоў, як казаў старшыня райвыканкама Валянцін Пракопік, галава не балела аб рамонце гэтых аб'ектаў. Не сумняваюся, толькі тады былі б багатымі, і не толькі ў матэрыяльным плане, але і ў духоўным. Хадзіў я па Трабах, любаваўся на рачулку-змейку, велічны касцёл, слухаў "песню-жальбу" культасветнікаў пра цьмянасць перспектыў, пра тое, што няма дзе разгарнуцца як след народнаму драмтэатру (яшчэ адна культурная адметнасць Трабаў), аматарскаму аб'яднанню "Сям'я", эстрадным і фальклорным гурткам... У выніку сумеснымі намаганнямі нарадзілася просценькая да банальнасці формула: культура пачынаецца з гаспадара, гаспадар пачынаецца з культуры. Калі няма гэтых раўназначных велічынь - рэй вядзе астаткавы прынцып.

/i/content/pi/cult/212/2567/10-4.jpg

 

Музей і ДШМ як працяг выпрабаванняў

Начальнік аддзела культуры Георгій Гагарын на гэтай пасадзе пачаў асвойвацца і самарэалізоўвацца, як падаецца, з самага галоўнага - з усебаковай актывізацыі пазабюджэтнай дзейнасці. Усё правільна: каб навучыцца распараджацца грашыма, трэба іх мець. Летась, да прыкладу, за кошт пазабюджэтнай дзейнасці 48 устаноў культуры раёна атрымана больш за 162 мільёны рублёў. 35 відаў платных паслуг пачалі прыносіць стабільны даход. За кошт гэтых сродкаў набываюцца камп'ютэры, музычная апаратура, тэхнічныя сродкі, мэбля... Хтосьці скажа: ці ж гэта грошы? Адно "адзенне" сцэны каштуе на сёння ледзь не 40 мільёнаў рублёў. Згодны! Няма ў Гагарына больш-менш прыстойнай гукаапаратуры ў РДК - а гэта як мінімум 50 мільёнаў. Няма інструментаў для духавога аркестра - 35 мільёнаў, не менш. Не ва ўсіх установах культуры раёнаёсць надзейная супрацьпажарная ахова - гэта яшчэ 50 мільёнаў рублёў... Так і не стаў начальнік аддзела культуры "багатым". Але абвінаваціць яго ў пазабюджэтнай бяздзейнасці немагчыма. Як, зрэшты, і ў нежаданні стаць з цягам часу "будаўніком". Пры ўсім гэтым цудоўна разумею, за што папікае Валянцін Пракопік Георгія Гагарына. Гродзенскі аблвыканкам, абцяжараны жорсткімі патрабаваннямі крызіснага часу, зняў з раённага бюджэту раней выдаткаваныя на развіццё матэрыяльнай базы культуры Іўеўшчыны 400 мільёнаў рублёў. Старшыня райвыканкама імгненна кампенсаваў "нядоімку", скіраваўшы для гэтых мэт 540 мільёнаў рублёў з рэгіянальнай "кішэні". Мэты цалкам канкрэтныя і для Іўя выключна знакавыя: музей і ДШМ. Але рэканструкцыю школы меркавалася завяршыць яшчэ летась. На думку кіраўніка раёна, недаравальна расцягнуты рамонт, і ў сувязі з гэтым сёлетнія дадатковыя непрадбачаныя летась фінансавыя ўліванні "звязалі яго па руках". Мільёны тыя, маўляў, планавалася выкарыстаць на іншых аб'ектах, у тым ліку і ў сферы сельскай культуры. Вёска, маўляў, чарговы раз стала заложніцай недастатковага фінансавання... І тут яшчэ раз паўтаруся: не ў ролі гэткага "міравога" суддзі выступаю ў гэтым вельмі, сказаць па шчырасці, складаным для аб'ектыўнага напісання артыкуле. Дый ці бываюць шчыраванні на гаспадарчакультурнай ніве бесканфліктнымі? Проста канфлікты, узведзеныя па ступені напалу ў ранг супрацьстаяння, перашкаджаюць дасягненню канчатковага выніку неверагодна. Гагарын тлумачыць затрымкі ў рэканструкцыі ДШМ тым, што будынак яе - таксама не з новых, і ў ходзе работ высветлілася, што падыходы да справы павінны быць больш грунтоўнымі - вось і не ўклаліся ў тэрміны. Гэтага ж меркавання прытрымліваецца і прараб генпадраднай арганізацыі з Ліды - УП "Будпаслугі" - Аляксандр Каранік: пакуль мянялі перакрыцці, пакуль "змагаліся" з новай сістэмай ацяплення... Безумоўна, перыпетыі гэтыя для абывацельскага вока абсалютна незаўважныя. Райцэнтраўская "культурная зона" прыгажэе неўпрыкмет. І музей, усе перакананы, будзе ўрачыста здадзены да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў...Прыкра тое, што начальнік аддзела культуры пры ўсіх ягоных хібах вучыцца пакуль толькі на ўласных памылках. А спраў-выпрабаванняў у Георгія Гагарына - яшчэ плойма. І над рэалізацыяй кожнай з іх вісець будзе штодня дамоклаў меч "аптымізаванага" фінансавання. Узяць хаця б насычэнне музейных залаў экспанатамі, звязаных з гісторыяй Іўеўшчыны і развіццём яе шматнацыянальных культур. А аграгарадоцкая эпапея хіба не патрабуе павышанага кантролю і немалых нерваў. Хіба ж так робіцца гаспадар гаспадаром? У сувязі з гэтым і ў старшыні райвыканкама, і ў начальніка аддзела культуры ўсё ж знайшліся кропкі аднадушнага сутыкнення ў адносінах да больш выніковага ажыццяўлення Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні і развіцці сяла. Маўляў, рэканструкцыя ці рамонт вясковых устаноў культуры павінны мець канкрэтнае і гарантаванае фінансавае падмацаванне. Падаецца, слушна. Дык ці не пачатак гэта творчага і, самае галоўнае, канструктыўнага супрацоўніцтва?

 Яўген РАГІН,

 наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Іўеўскі раён - Мінск

Фота аўтара