У што верыш, Пятровіч?

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Сваё пяцідзесяцігоддзе акцёр і рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Уладзімір ПЯТРОВІЧ сустрэў, як і належыць прадстаўнікам яго “цэха”, — на сцэне. Перад гледачамі юбіляр паўстаў у некалькіх іпастасях. У прэм’еры пад назвай “Воўкамаркоўка” Мікалая Каляды — у вобразе свайго “калегі”-акцёра, адзінокага і не зразумелага іншымі, які марыць ажыццявіць два свае патаемныя і надзвычай моцныя жаданні: сыграць, нарэшце, “сваю” галоўную ролю і знайсці вернага, надзейнага сябра. У ролі Ломава ў адноўленай чэхаўскай “Прапанове”, пастаўленай больш за дзесяць гадоў таму Алегам Жугждам, — яна з’яўляецца не толькі адной з любімых роляў самога акцёра, але і на працягу многіх гадоў свайго сцэнічнага жыцця збірала поўныя залы. А яшчэ — у ролі Лётаючага дома ў капусніку, які акцёры тэатра зладзілі з нагоды юбілею Пятровіча...

 /i/content/pi/cult/212/2566/9-2.jpg

 Зрэшты, акурат такім - не фантазёрам, але летуценнікам, часам незразумелым іншым "прагматычным" рэалістам, што верыць у магчымасць палёту для кожнай жывой істоты, - ідзе Пятровіч і па жыцці. Ды і на ягонай фотавыстаўцы, якая для мяне адкрыла юбіляра з іншага, зусім невядомага, боку, было шмат сінечы, аблокаў, далёкай, нязведанай, але такой прыцягальнай у сваёй бяздоннасці нябеснай далечыні.

 - Як "усплыў" такі неадназначны драматургічны матэрыял, як "Воўка-маркоўка", - пра стомленага жыццём і сцэнай акцёра?

- Гэтую п'есу Мікалая Каляды я ведаў даўно. Ды і юбілей жа абрынуўся на мяне не знянацку: падыходзячы да "сваёй" лічбы, я думаў, шукаў цікавы матэрыял, які даў бы магчымасць паспрабаваць сябе ў новай іпастасі, адкрыцца з іншага боку. Мы многае ў спектаклі пераакцэнтавалі: прыбралі ўсё жыццёвае "мяса", чарнушную бытавуху, і ў нас галоўны герой - не дэградзіруючая істота, якую лёс пашкуматаў так, што давялося апусціцца на самае дно, а чалавек таленавіты, які, аднак, на жаль, незапатрабаваны.

 - Але ж, у адрозненне ад свайго сцэнічнага Воўкі, у тэатры вы запатрабаваны.

- Сапраўды, не магу сказаць, што я абдзелены работай, ролямі, матэрыялам, - не. Зрэшты, гэта адбылося зусім не таму, што я лічу сябе суперталенавітым: проста, я быў у тэатры на сваёй "дзялянцы" амаль адзін, мне не дыхала ў спіну чалавек пяць канкурэнтаў. Вось і атрымлівалася, што на сваім жыцці перайграў мноства самых розных роляў, сярод якіх, натуральна, былі і "прахадныя", але ёсць і этапныя.

- Значыць, шлях у рэжысуру - гэта пошукі нерэалізаванага акцёра?

 - Мая рэжысура - гэта злосць на тое, што шмат гадоў працаваў у безрэжысёр'і! Не скажу, што мой прыход змяніў тэатральнае жыццё Беларусі, але асабіста для мяне шмат што адкрылася. Я зразумеў, што гэта абсалютна іншая прафесія, і рэжысёрам, напэўна, трэба нарадзіцца. Я не адмаўляюся ад рэжысуры і не заяўляю, маўляў, пасля гэтых слоў нічога ставіць больш не буду, але разумею: калі акцёр у сваёй працы грунтуецца на эмоцыях, адчуваннях, то рэжысёр - гэта логіка, вобразнае мысленне і жалезная дысцыпліна ў галаве.

- Прабачце за пафаснасць наступнага пытання, але навошта вы ў тэатры? Чаго тут шукаеце і чаго хочаце?

 - Не хочацца гаварыць высокіх слоў, бо разумею, што тэатр свет не зменіць, - у яго і няма такой функцыі. Але магу сказаць: для дваіх людзей (я ведаю гэта дакладна) мой спектакль "Яна ў адсутнасці кахання і смерці" аказаўся жыццёва важным. Адна жанчына 28 гадоў паднялася на сцэну і сказала: "Паглядзеўшы ваш спектакль, я адказала сабе на адно важнае пытанне, на якое не магла знайсці адказу", а адзін хлопец напісаў, што, дзякуючы яму, ён здзейсніў учынак, які змяніў яго жыццё.

- Вы ў творчасці больш ідэаліст, чым прагматык? Верыце ў...

- Веру! Але не ў тое, што калі-небудзь ствару спектакль, пасля якога трыста чалавек выйдуць з глядзельнай залы з цалкам змененай свядомасцю. Я вельмі цвяроза стаўлюся да гэтага, але, упэўнены, нават аднаго такога чалавека за ўвесь час пракату спектакля дастаткова, каб сказаць сабе: "Ты працаваў недарэмна!"

- Чаго ў тэатры не баіцеся?

- Не баюся працаваць і нават перакананы: чым цяжэйшая праца, тым яна цікавейшая. Я, канешне,не прыхільнік тэатральнага экстрыму і аўралаў, але ж у гэткім пераадоленні ёсць і нейкі драйв, своеасаблівае спаборніцтва з самім сабой.

- А чаго баіцеся?

- ...Правалу - не, не баюся, бо ўдача ці няўдача - гэта своеасаблівы маятнік. Самае ж, напэўна, непрыемнае ў тэатры, кажучы словамі майго героя Воўкі, - "дрэнныя сябры-артысты"...

- Якім было самае балючае і сур'ёзнае ўнутранае пераадоленне ў тэатры?

 - Момант, калі аднойчы знялі з ролі. Я быў тады малады, а да нас прыехаў новы рэжысёр, які, паглядзеўшы на мяне на адной з рэпетыцый, без аніякіх тлумачэнняў адхіліў маю кандыдатуру, прызначыўшы на ролю іншага выканаўцу. Парадокс у тым, што той новы "кандыдат" не вельмі хацеў іграць і паціху пазбавіўся гэтай ролі. Я ж у выніку... сыграў гэты спектакль чатырыста семдзесят разоў! Тое была не вельмі высокага ўзроўню меладрама, але ж як гледачы плакалі!..

 - Калі б давялося стаць Карабасам Барабасам, які быў бы ў вас тэатр?

 - Думаю, у ідэале я пакінуў бы тэатр такім, які ёсць: каб ён раўнамерна абслугоўваў усе катэгорыі насельніцтва і не рабіў перакосаў ні ў бок камедыі, ні ў бок эксперыментаў. Так, я не маштабны рэжысёр і не эксперыментатар. Усё гэта цудоўна, але разумею, што на любы эксперымент знойдзецца максімум 300 чалавек, а потым спектакль давядзецца здымаць. Я - за разумны баланс. Адзіная абавязковая ўмова - добрая драматургія: нават калі гэта лёгкі, "папсовы" жанр - павінна быць якасць.

 - А не "заядаюць" амбіцыі адносна таго, што тэатр мусіць абслугоўваць гледача?

 - Маеце рацыю: часам - заядаюць. А ж я думаю, што тэатр можа абслугоўваць гледача, толькі не ісці за ім, а - весці за сабой: вось гэта самы галоўны крытэрый!

Фота Алены КРЫВАНОС