БІТВА ЗА ДУШУ

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Амаль праз дзевяць дзесяцігоддзяў у сталічнай тэатральнай афішы зноў з’явілася імя Элізы Ажэшка: на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы рэжысёр Аляксандр Гарцуеў паставіў спектакль “Хам”. Як вядома, творчасць знакамітай пісьменніцы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя адыграла значную ролю ў станаўленні прафесійнага тэатральнага мастацтва нашай краіны. Хрэстаматыйныя факты: адной з пастановак, сыграных 14 верасня 1920 года пад час адкрыцця першага прафесійнага Беларускага тэатра, была “Рысь” у пастаноўцы Фларыяна Ждановіча паводле яе апавядання “У зімовы вечар”, а ў 1921 годзе сцэну пабачыў і “Хам”.

 /i/content/pi/cult/212/2565/9-1.jpg

 Нярэдка, беручы да пастаноўкі той ці іншы твор, адной з рэжысёрскіх задач з'яўляецца своеасаблівая сцэнічная палеміка з калегамі-папярэднікамі, хто ў свой час таксама звяртаўся да пастаноўкі гэтай жа п'есы. Бывае, гэта стварае даволі цікавую творча-культуралагічную рэжысёрскую дыскусію, выяўляючы мноства прыхаваных планаў і адценняў самога твора. Але, здараецца, падобнае "спаборніцтва" ператвараецца ў самамэту, і, забываючыся пра гледача, засяроджваецца адно толькі на супрацьпастаўленні ўласнай рэжысёрскай пазіцыі папярэднім трактоўкам. Аднак у дачыненні да "Хама" Аляксандр Гарцуеў выбраў, магчыма, адзіную слушную пазіцыю - прачытання твора нібыта "ў першы раз": міжволі лавіла сябе на тым, што хоць імя Ажэшкі фігуруе і ў школьнай праграме, і ў курсе па гісторыі беларускага тэатра займае пачэснае месца, ды ўсё ж пэўны час яна заставалася фігурай выключна "літаратурнай", не абцяжаранай багажом сцэнічных трактовак і прачытанняў яе твораў. Зрэшты, і сам рэжысёр падышоў да "Хама" праз пэўную рэжысёрскую "размінку": напачатку ён паставіў яго на сцэне Тэатра-студыі Еўсцігнея Міровіча ў якасці дыпломнай работы выпускнікоў акцёрскага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І толькі потым, адчуўшы ўсю "нёманскую" глыбіню і стыхійнасць матэрыялу, узяўся ўвасобіць яго "ў матэрыяле" - на сцэне Купалаўскага тэатра.

Варта адзначыць дзве прынцыпова важныя рэчы, якія ўжо сёння даюць права гаварыць не толькі пра жыццяздольнасць самога спектакля, але і пра тое, што ён будзе асабліва запатрабаваны шырокім колам гледачоў. Першая з іх - адыход ад увасаблення на сцэне "хамаў" і "людзей" - ад класавага падзелу персанажаў і смакавання тэмы сацыяльнай няроўнасці. Рэжысёр засяроджвае нашу ўвагу не на сацыяльным статусе персанажаў, а на іх унутраным свеце, на тым, чым жывуць гэтыя людзі і наколькі іх душэўныя і духоўныя каштоўнасці моцныя і стойкія. І другая, не менш істотная, рэч - тэмпарытм самога спектакля, калі мы нібыта сапраўды адчуваем сябе ў лодцы пасярод вялікай ракі (сцэнаграфія - Ігара Анісенкі), і нам у зале цалкам перадаецца адчуванне нёманскай стыхійнасці і непрадказальнасці:спакой і суцішанасць у адзін момант ператвараюцца ў хісткую няпэўнасць, ад чаго - адзін крок да трывогі і невядомасці.

"Залаты запас" Купалаўскага тэатра - акцёры. І ў "Хаме" яны, стварыўшы бліскучы ансамбль, далі права гаварыць пра глыбокую прапрацоўку роляў літаральна ўсімі выканаўцамі. За кожным з іх - багатае і пакручастае жыццё, пражытае нялёгка, балюча, без аніякіх скідак і паблажак (у сучасным тэатры рэдка можна ўбачыць гэтую самую праславутую "біяграфію" персанажаў, ад якой рэжысёры вельмі часта адмаўляюцца на карысць знешняй сюжэтнай лініі). І акурат гэта робіць цікавымі і неаднапланавымі нават такія статуарна-функцыянальныя на ўзроўні драматургіі персанажы, як Улляна (Яўгенія Кульбачная), Філіп (Андрэй Кавальчук), Даніла (Сяргей Рудзеня), Марцэля (Галіна Талкачова), Ураднік (Генадзь Аўсяннікаў). Бліскучым увасабленнем каранёвай народнай мудрасці стала Яўдоха ў выкананні Тамары Міронавай, у якой прастата яе жыццёвай пазіцыі з'яўляецца зусім не прымітыўнасцю, а наадварот - праявай магутнага ўнутранага маральнага стрыжня. І праз яго "неварыятыўнасць", своеасаблівую нягнуткасць праглядае, з аднаго боку, лёгкая іранічнасць, але з іншага - наша, глядацкая, упэўненасць у непахіснасці і пэўнасці асноватворнай чалавечай маралі. Так, без аніякага маралізатарства, але менавіта пра мараль паставіў свой спектакль Аляксандр Гарцуеў. І ў гэтым ён як рэжысёр знайшоў тую сцяжыну, па якой, упэўнена, пойдуць за ім і гледачы. Маральнасць, кажа ён, гэта не маралізатарскае павучанне, не кіраванне пэўнымі традыцыямі, звычкамі і рытуаламі, а ўменне быць верным свайму слову, сваёй душы і вера ў тое, што чалавек ад прыроды - добры і цягнецца менавіта да дабра. Акурат гэтую магутную ўнутраную сілу знаходзіць у сабе галоўны герой Павэл (Ігар Дзянісаў). "Бляклы" і аморфны на самым пачатку спектакля чалавек, які, здаецца, абсалютна страціў смак да жыцця, са з'яўленнем Франкі ён нібы ажывае. І акурат у сваёй барацьбе за яе душу -а, па сутнасці, за Душу чалавека ўвогуле - становіцца і сам чалавекам. Побач з ім - экспрэсіўная, неўраўнаважаная Франка (Валянціна Гарцуева), якая практычна на працягу ўсёй сцэнічнай дзеі, нават калі адкрывае Павэлу сваю душу, выклікае збольшага адно толькі раздражненне і непрыняцце, так што міжволі, седзячы ў зале, адчуваеш уласную салідарнасць з Уллянай і Філіпам. Здаецца, гэткая пара ніколі не магла ўзнікнуць у "жывой прыродзе", у ёй няма такой любімай сучаснымі рэжысёрамі жанрава-псіхалагічнай зададзенасці, пэўнасці мадэлі паводзін, пазнавальнай для гледача ўжо з першых хвілін дзеі, так што, сапраўды, вельмі складана ўявіць сабе, як жа будуць разгортвацца паміж імі далейшыя ўзаемаадносіны. Думаецца, таму рэжысёр і вызначае жанр спектакля як "нёманскі міф", хаця, па сутнасці, перад намі паўстае псіхалагічная драма, якая ні ў адну хвіліну спектакля не перарастае ў просталінейную меладраму. І акурат гэтая няпростасць усяго спектакля, глядацкая немагчымасць эмацыянальнай "падрыхтаванасці" да наступнай сцэны і спараджае тое пранізлівае адчуванне... душэўнай і пачуццёвай праўды ўсяго, што адбываецца на сцэне.

 На здымках:

Франка - Валянціна Гарцуева; Павэл - Ігар Дзянісаў і Яўдоха - Тамара Міронава.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА