“Матыльковасць”!

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Леташні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандр Палякоў працягвае навучанне ў магістратуры гэтай навучальнай установы — таксама па класе прафесара Юрыя Гільдзюка. У якасці чарговага “іспыта” ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ён прадставіў знакаміты Першы фартэпіянны канцэрт П.І. Чайкоўскага, які зведаў безліч інтэрпрэтацый.

/i/content/pi/cult/212/2562/8-2.jpg

 Малады піяніст далёка не ўпершыню скараў сталічную філармонію. Ён неаднойчы выступаў тут і з сольнымі праграмамі (дарэчы, наступная запланавана на пачатак сезона, а ў чэрвені ў зале Акадэміі пройдзе ўласна магістэрскі іспыт). Таму не дзіва, што канцэрт выклікаў такі ажыятаж: слухачам, якім не хапіла крэслаў, давялося сядзець на прыступках балкона. Публіку прыцягнулі не толькі шэдэўры Чайкоўскага (некалькімі днямі раней той жа Першы фартэпіянны канцэрт гучаў у зале нашага Вялікага тэатра ў іншым выкананні), але і сама асоба піяніста.

Адчувалася, што паміж салістам і дырыжорам Алегам Лесуном (дарэчы, таксама нядаўнім выпускніком БДАМ: спачатку - па класе фартэпіяна, а потым - оперна-сімфанічнага дырыжыравання), які ў той вечар кіраваў Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам, былі знойдзены сапраўдныя ўзаемаразуменне і згода. Першая частка Канцэрта атрымалася вельмі славянскай, светлай, высакароднай, па-балетнаму пластычнай, пабудаванай як своеасаблівая "Думка" - і ў жанравых, і ў сэнсавых адносінах. Праўда, без ценю драматызму: усё літаральна дыхала спакоем - ды не бесклапотнасцю, гармоніяй - але не чуллівай замілаванасцю ці ўзрушаным панегірыкам. Кадэнцыя гучала як вольны разгорт думак і мігценне фантазійных вобразаў. У другой частцы чулася відавочная шапэнаўская "матыльковасць", якую так боязна спудзіць. Фінал жа стаўся не праславутым "выхадам героя ў народ" ці гімнам бойкай, задзірыстай гульні, а супрацьстаўленнем гуллівага шарму ў пачатку часткі - і слаўлення ў канцы. - Гэты твор, - расказаў потым Саша, - мне асабліва дарагі. Калі мне было гады тры-чатыры, я пачуў яго на грампласцінцы ў выкананні Вана Кліберна, пачаў "дырыжыраваць" - і вырашыў, што хачу стаць піяністам. Заўсёды марыў сыграць яго з аркестрам. Нарэшце, мара спраўдзілася, ды яшчэ акурат напярэдадні дня вяселля, як падарунак.

Падарунак атрымала і публіка: "на біс" А.Палякоў прапанаваў ёй фрагмент уласнага пералажэння аркестравай "Рапсодыі ў стылі блюз" Дж.Гершвіна для фартэпіяна сола. Знаёмыя тэмы загучалі настолькі натуральна і па-новаму, быццам былі аўтарскім выказваннем, што стваралася літаральна на нашых вачах. Гэта стала дадатковым доказам таго, што за гады навучання музыкант папраўдзе знайшоў сваю манеру, заснаваную на ўраўнаважанай асэнсаванасці, інтэлігентнасці - і той ступені раскаванай імправізацыйнасці, якая, не парушаючы кампазітарскай задумы, дазваляе пераказваць яе быццам "сваімі словамі". Зразумела, усё гэта папросту немагчыма без віртуознага валодання інструментам, мастацкай эрудыцыі і творчай фантазіі, якіх А.Палякову не займаць.