Ранішні “драйв” прамога эфіру

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Тэлепраграму “Добрай раніцы, Беларусь!” часта параўноўваюць… з кубкам кавы. І сапраўды, для многіх нашых суайчыннікаў яе прагляд стаў такой самай жыццёвай завядзёнкай, як ранішні глыток пахучага напою. Ды і функцыі ў іх прыблізна аднолькавыя — “зарадзіць” бадзёрасцю на ўвесь будучы дзень.

/i/content/pi/cult/111/256/Rannishni-drajv.jpg 
 
Сёлета папулярнаму тэлешоу споўнілася дзесяць гадоў. Для тэлебачання з яго імклівымі тэмпамі — тэрмін немалы. З нагоды юбілею прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, якую даўно ўжо вылучае крэатыўны падыход да працы з журналістамі, зрабіла газетчыкам унікальную прапанову — патрапіць “па той бок” “блакітнага экрана”, папрысутнічаўшы на жывым эфіры адной з перадач.
Едучы па ранішнім Мінску, пагрузлым у слоце і панылай шэрані, здавалася, што вядучым сёння нялёгка будзе справіцца са сваёй асноўнай задачай. Але як толькі трапляеш у вялікую, але ўтульную студыю, адразу пераконваешся, што прыкрыя акалічнасці надвор’я, разам з усялякімі магнітнымі бурамі, не іграюць для прафесіяналаў ніякай ролі.
Святлана Бароўская і Аляксандр Паўлаў былі, як заўсёды, у тонусе.
Прамы эфір — самы шчыры кшталт тэлебачання, таму ён і лічыцца “найвысокім пілатажам”. І, назіраючы з блізкай адлегласці за “кухняй” гэтага складанага працэсу, яшчэ раз пераконваешся ў тым, што выдаваць сябе нязмушаным і вясёлым нельга — трэба ім быць. Бо калі б атмасфера ў студыі была прасякнутая нервознасцю, “ранішняя кава” немінуча падалася б гледачам надта гаркавай.
Хаця часам бываюць і поўныя неспадзяванкі — такія ўжо асаблівасці жанру. Калі перадача ўжо спакваля блізілася да завяршэння, у маніторах раптам пачуўся голас рэжысёра: “Толькі што здарылася аўтааварыя, і зараз чакаецца прамое ўключэнне з месца падзеі”. Але ж гэтая навіна была ўспрынята абсалютна спакойна — да любых змен ходу перадачы вядучыя, відавочна, былі ўжо прызвычаеныя.
Ды і здымачная група — гэты збольшага нябачны для гледача “айсберг” эфіру — працавала ўпэўнена і спакойна, што яўна сведчыла пра адсутнасць у гэтым зладжаным механізме “слабых звёнаў”. І, магчыма, менавіта гэты прафесіяналізм і з’яўляецца адной з галоўных прычын поспеху перадачы — разам з яе разняволена-пазнавальнымфарматам.
У перапынках паміж уключэннямі Святлана і Аляксандр жартавалі, гарэзліва пазіравалі перад аб’ектывамі фотакамер, частаваліся гарбатай — адным словам, паводзілі сябе гэтак жа натуральна, як і ў кадры. На пытанне карэспандэнта “К”, ці застаецца ў яе непераадольнае трымценне перад выхадам у эфір, або з часам яно ўжо згасла, уладальніца “Тэлевяршыні” ў намінацыі “Лепшы вядучы забаўляльных праграм” Святлана Бароўская адказала:
— Так, прамы эфір — гэта заўсёды неверагодны “драйв”. Ты пачуваеш сябе артыстам, які выходзіць на вялікую сцэну, і таму прыліў адрэналіну штораз непазбежны.
Але як толькі я прамаўляю першыя словы на камеру, усялякае трымценне ў момант улятучваецца.
Па сканчэнні эфіру журналісты даведаліся пра яшчэ адзін падрыхтаваны для іх сюрпрыз. Стваральнікі перадачы прапанавалі газетчыкам зрабіць “пробны” выпуск “Добрай раніцы, Беларусь!” сваімі высілкамі — але з улікам усіх яе гнуткіх “канонаў”. Пагадзіцеся, самы лепшы спосаб зведаць асаблівасці прамога эфіру! Падзел функцый — ад мікрафоннага аператара да рэжысёра — адбываўся паводле жэрабя. Карэспандэнту “К” выпаў нумар 13, які, нягледзячы на сваю дурную славу, забяспечваў адну з самых прыкметных на тэлебачанні роляў — вядучага. І ўжо праз пару хвілін я апынуўся ва ўтульным крэсле, на якое былі скіраваны тэлекамеры і ўсеагульная ўвага. Маёй партнёркай па “эфіры” стала абаяльная карэспандэнтка “Звязды” Вікторыя Целяшук.
Праводзячы бліц-майстар-клас, Святлана Бароўская падзялілася ўласным сакрэтам:
— Уявіце сабе, што вы гаворыце выключна для канкрэтнага чалавека, вельмі блізкага вам і любага. Напрыклад, распавядаеце маме ранішнія навіны. Я заўсёды маю ў сваім уяўленні пэўнага адрасата. І тады словы, што называецца, сапраўды даходзяць да кожнага.
Пераўзысці майстроў з першага разу, вядома, не атрымалася, але ж гэты пазітыўны адрэналін прамога эфіру — які, дарэчы, ні ў якім выпадку не трэба блытаць з бояззю, — давялося адчуць, што называецца, на ўласнай скуры.

Ілля СВІРЫН
Фота прадастаўлены Прэс-службай
Белтэлерадыёкампаніі.