А помнік Слуцкай?

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Абмяркоўваючы праект Зводнага плана

Шаноўная рэдакцыя!

Уважліва азнаёміўся з праектам Зводнага плана ўстаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2009 - 2012 гг., змешчаным на старонках № 23 2009 г. Хацелася б выказаць свае меркаванні і ўнесці на гэты конт прапановы.

Віцебск. "Помнік княгіні Вользе, заснавальніцы Віцебска (рэалізацыя праекта - 2010 г.)" - сказана ў праекце. Справа ў тым, што адносіны княгіні Вольгі да заснавання Віцебска, так бы мовіць, - легендарныя ці напаўлегендарныя, таму што паводле позняга летапісу XVIII ст. Панцырнага і Аверкі, горад быў заснаваны княгіняй Вольгай у 974 г., але, паводле даных "Аповесці мінулых часоў" - летапісу ХІІ ст., найбольш дакладнаму, княгіня Вольга спачыла ў Бозе ўжо ў 969 г. Але, паколькі гэтае легендарнае паданне трывала ўвайшло ў свядомасць жыхароў Віцебска, можна дапусціць думку аб устаноўцы помніка княгініВользе там. Ва ўсялякім выпадку, калі яна і не з'яўлялася б заснавальніцай Віцебска, дык была першай правіцельніцаю, валадаркаю дзяржавы Кіеўская Русь, куды ў Х ст. уваходзіў і Віцебск, існаванне якога ў Х ст. пацверджана археалагічна. Але калі дапушчальна ўстаноўка помніка княгіні Вользе, адносіны якой да Віцебска- легендарныя, дык варта дапусціць думку і пра ўстаноўку двух помнікаў князям, што мелі куды большае дачыненне да гісторыі Віцебска, паколькі яно больш ці менш грунтоўна фіксуецца ў пісьмовых крыніцах - летапісах ХІІ - ХІІІ стст. Так, прапаную ўстанавіць у Віцебску помнік першаму князю Віцебска. Ім пасля смерці Усяслава Полацкага, хутчэй за ўсё, мог быць адзін з яго малодшых сыноў - Святаслаў Усяславіч, таму што наступныя гады віцебскі сталец займаюць яго нашчадкі: сын, а затым і ўнук. Другі помнік, які можна было б паставіць у Віцебску, гэта помнік князю Аляксандру Яраславічу, больш вядомаму пад імем Аляксандр Неўскі. Ён у 1245 г. наведваў Віцебск, дзе на той час гадаваўся яго сын ад полацкай князёўны. Асоба Аляксандра Неўскага ў айчыннай гісторыі - знакавая: ён - арганізатар адпору іншаземным захопнікам, ён жа далучаны Праваслаўнай Царквой да ліку святых, у яго гонар зацверджаны і адзін з баявых ордэнаў, якім нямала было ўзнагароджана і воінаў беларусаў. Адносна ўстаноўкі помнікаў Альгерду і Ягайлу ў Віцебску ёсць пытанні. Абодва князі займалі віцебскі пасад часова, былі ў цэлым шэрагу іншых князёў літоўскага паходжання, якія часова валодалі Віцебскам, напрыклад, Андрэй Альгердавіч, Свідрыгайла... Да таго ж, першае месца княжання Альгерда - Крэўскі замак, дык мо там яму і паставіць помнік?

Мінск. Прапаную ўстанавіць у мікрараёне Сухарава помнік Багдану Карэйвічу, які ў 1503 годзе стаў уладальнікам паселішча Сухарава, што перайшло яму ад яго бацькі Карэйвы. Апошні заслужыў гэтае паселішча за баявыя заслугі ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта (Сігізмунда) Старога яшчэ ў XV ст.

Слуцк. Ну як тут абысціся без помніка славутай Анастасіі Слуцкай! Помнік Сафіі Слуцкай ёсць (устаноўлены яшчэ ў 1999 годзе), а помніка Анастасіі Слуцкай, арганізатару адпору крымскім татарам, няма. Варта было б устанавіць помніку Слуцку і Багуславу Радзівілу, уладальніку Слуцка, які надаў гораду герб - выяву Пегаса ў блакітным полі - і магдэбургскае права. Да таго ж, пісьмовыя крыніцы сведчаць пра Багуслава Радзівіла як пра высокаадукаванага і таленавітага чалавека з грунтоўнымі навуковымі ведамі, добра знаёмага з рэнесансавай культурай і антычнасцю. У сярэдзіне XVII ст. па ягонай ініцыятыве былі ўзведзены гарадскія ўмацаванні Слуцка ў стылі найновых заходнееўрапейскіх узораў.

Капыль. Помнік Цішку Гартнаму, пісьменніку і акадэміку, дзяржаўнаму дзеячу Беларусі, тут ёсць, устаноўлены ля краязнаўчага музея. Помнік даволі сціплы. Можа, ёсць магчымасць ушанаваць памяць гэтага цудоўнага чалавека больш велічна? Напрыклад, устанавіць помнік Цішку Гартнаму ў Мінску, можа быць, у двары галоўнага корпуса НАН Беларусі, на тэрыторыі якога знаходзяцца бібліятэка НАН Беларусі і будынак Інстытута гісторыі, дзе ў 1934 - 1936 гг. Гартны працаваў... Калі ў шэрагу населеных пунктаў Беларусі ўстанаўліваюць помнікі іх першым уладальнікам ці заснавальнікам, дык чаму б не ўстанавіць у Капылі помнік Уладзіміру Альгердавічу, першаму, вядомаму па пісьмовых крыніцах, уладальніку Капыля і КапыльскаСлуцкага княства, паклаўшаму пачатак славутаму роду князёў Алелькавічаў? Устанавіць такі помнік можна было б паблізу ад Замкавай гары - колішняга Верхняга замка Капыля і, можа быць, непадалёку ад той крынічкі, што б'е з-пад згаданай гары і над якой узведзена памятная альтанка, а сама крынічка асвечана Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам у 1999 годзе. Дый і частку вуліцы Партызанскай у Капылі, што праходзіць ля Замкавай гары, ад плошчы Леніна да вуліцы Трактарнай, можна было б назваць вуліцай "Князёў Алелькавічаў". Безумоўна, варта ўстанавіць у Капылі помнік заснавальніку новай яўрэйскай класічнай літаратуры Мэндэле Мойхер-Сфорыму, першаму, хто пачаў пісаць не на іўрыце, а на ідыш, апеў у сваіх творах жыццё яўрэяў з мястэчак Беларусі. Месца для гэтага помніка можна было б знайсці ля бібліятэкі ў Капылі.

Тураў. Несумненна, тут трэба ўстанавіць помнік князю Туру - першаму летапіснаму князю Тураўскага княства.Нягледзячы на тое, што згаданая асоба - напаўлегендарная, гэта не можа з'яўляцца перашкодай для ўстаноўкі ёй помніка. Прыклад устаноўкі помніка князям легендарнага паходжання ёсць у Кіеве, дзе ўстаноўлены помнік заснавальнікам горада: Кію, Шчэю, Хорыву і сястры іх Лыбедзі.

Узда. Несумненна, тут трэба ўстанавіць помнік Яну Казіміру Завішу, які нарадзіўся на Уздзеншчыне, у маёнтку Кухцічы (цяпер - пасёлак Першамайск), у 1852 г. Беларускі археолаг. Скончыў Мінскую гімназію. У 1868 - 1877 гг. падарожнічаў з мэтай фіксацыі помнікаў археалогіі, наносіў іх на ўласную карту рэгіёна, праводзіў раскопкі, замалёўваў знаходкі. Даследаваў гарадзішча каля в. Алехаўка Уздзенскага раёна, гарадзішча Косава Івацэвіцкага раёна, гарадзішчы і каменныя магілы каля возера Свіцязь, стаянкі каменнага веку каля в. Валёўка Навагрудскага раёна. Выступаў на міжнародных кангрэсах археолагаў у Венецыі (1871), Будапешце (1876), у Кракаве (1878) з матэрыяламі па археалогіі Беларусі, з'яўляецца пачынальнікам вывучэння каменнага веку на тэрыторыі Беларусі. Дачка Яна Казіміра Завішы была замужам за Мікалаем Радзівілам, жыла ў маёнтку Кухцічы, была знаёма з Уладзіславай Луцэвіч - жонкай Янкі Купалы, Палінай Мядзёлкай, з іншымі дзеячамі беларускай культуры, ахвяравала грошы на дзіцячыя дамы ў Мінску. Помнік Яну Казіміру Завішу стаяў ва Уздзе да 1917 года на пачатку вуліцы Першамайскай (у мінулым - Юрздыка). І па сёння на пачатку гэтай вуліцы, на газоне, прасочваючы сляды ад падмурка пастамента - невялікае ўзвышэнне. Пра гэты помнік памяталі старажылы яшчэ ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Таму, відаць, ёсць патрэба аднавіць яго там, дзе ён і знаходзіўся. У крайнім выпадку, яго можна ўстанавіць у маёнтку Кухцічы (цяпер - тэрыторыя СПТВ-10). Можна было б паставіць помнік і Уладзіміру Завітневічу, які нарадзіўся ў 1853 г. у в. Ліцвяны на Уздзеншчыне. Для свайго часу гэта быў даволі славуты археолаг, гісторык, прафесар Кіеўскай духоўнай акадэміі. Ён раскапаў каля 700 курганоў дрыгавічоў у 82 могільніках, вызначыў межы рассялення дрыгавічоў і іх этнавызначальныя прадметы. Устанавіць яму помнік можна было б на радзіме - у в. Ліцвяны на Уздзеншчыне, як, дарэчы, і аднавіць царкву,у якой яго, пэўна, хрысцілі і якая была спалена ў гады вайны. І апошняе, падаецца, больш важнае. Дзесяткі, калі не сотні, беларускіх вёсак знікаюць. Неабходна тэрмінова, на ўездзе ля кожнага паселішча, дзе ёсць звесткі пра яго першую згадку ў пісьмовых крыніцах (інфармацыя з "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі", кніг "Памяць"), усталяваць памятныя знакі. Такія ж знакі варта было б усталяваць і на месцы зніклых паселішчаў-вёсак, бо гэта будзе адзіная, на жаль, памяць пра іх.

 Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, археолаг